Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
14.10 "Настрой!" (прац...
В эфире: Афанасьева Инна - Было бы

“Сустрэчы з песняй”, 29.10.2016 (аўдыё)

31 Окт 2016 0
 “Сустрэчы з песняй”, 29.10.2016 (аўдыё)

Сябры! У нашай праграме гучаць вашы любімыя мелодыі і ўспаміны пра самыя лепшыя жыццёвыя моманты, звязаныя з незабыўнымі песнямі.
Чытаю першы ліст.
“Піша вам былая жыхарка вёскі Старамлын Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці Ніна Іванаўна Дэйнэка. У канцы лета ў Старамлыне адзначалася свята вёскі. Але насамрэч, гэта было свята развітання з вёскай,з той вясёлай, звонкай, шматгалосай,з рэчкай,лесам, гармонікам і песнямі… Цяпер у вёсцы толькі 6 жылых дамоў. Шмат выхадцаў з гэтай вёскі прыехала на свята  з розных куткоў нашай краіны. Гэта была сапраўдная сустрэча са слязамі на вачах, таму што сустракаліся людзі, якія не бачылі адзін аднаго па 30-40 гадоў. Хачу, каб у вашай перадачы для жыхароў гэтай вёскі, для ўсіх, хто прыязджаў на свята, прагучала песня ў выкананні Вольгі Варанец “Деревенька моя” і нагадала слухачам іх родную вёсачку і бацькоўскі парог”.
Пісьмо з Магілёва. Яго даслала Тамара Іванаўна Салянікава (дзявочае прозвішча-Кузьмічова).
”Сёлета споўнілася 50 гадоў, як мы скончылі Дабрынскую сярэднюю школу Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. У школу хадзілі за 5 кіламетраў з нашай вёскі  пад назвай Каўровая. Кожны дзень восенню, зімой, вясной хадзілі пешшу. Аўтобусаў не было, бо вёска лічылася неперспектыўнай. Інтэрнатаў таксама не было. З вёскі нас хадзіла ў школу 22 вучні, бо ў 1966 годзе были два выпускі: 10-ы і 11-ы класы. Зімы ў той час былі снежныя і марозныя. Вясной, калі пачыналася паводка, нашы гумавыя боты былі поўныя вады. Прайшоў час. Мы сталі бабулямі і прабабулямі. І за гэты час ніколі не збіраліся ў школе, бо раз’ехаліся па розных гарадах Беларусі, Украіны, Расіі. Вельмі  рэдка даводзіцца бачыцца з сяброўкамі.  Як успамін пра нашу школу, настаўнікаў няхай прагучыць песня “Деревенька моя”. Прывітанне ўсім выпускнікам 1966 года, 10 “А” класа: Цыркуновай, Крыжэвіч, Халько, Сцяпанавай”.

Наступны ліст даслала Антаніна Васільеўна Ганчарова з Маладзечна.
“Пішу пра свайго бацьку, памятаю яго і люблю. Звалі Васіль Іванавіч Ганчароў. Мне зараз 59. Столькі ж было бацьку, калі ён памёр. ”Малады”,- кажу я сёння, а тады я ўспрымала бацьку старым, можа таму, што за яго плячыма былі вайна, раненне, кантузія… Памятаю, мяне, маленькую, бацька катаў на назе. Мы ўключалі радыёлу, гучалі песні. Я станавілася бацьку на ногі, а ён трымаў мяне за рукі, і мы так танцавалі. Аднойчы загучала песня пра жураўліка. Танец перапыніўся. Бацька сеў, стаў нейкім нерухомым, а потым непрыкметна выціраў вочы. Я спытала, ці не плача ён? А ён адказаў: ”Парушынка ў вока трапіла”. І так было заўсёды, калі па радыё гучала гэта песня. Бацька ніколі не расказваў пра мінулае – не любіў, але нейкі боль у сэрцы быў. Перадайце, калі ласка, песню “Журавлёнок, а я ўспомню сваё такое далёкае і такое блізкае дзяіцнства і, канечне, мілага, дарагога, роднага тату”.

Наступны ліст.
“Піша вам жыхарка горада  Мінска Тамара Паўлаўна Люцко (у дзявоцтве – Крывенька). Мне-74 гады. Калі слухаю вашу перадачу, то пераношуся ў сваю родную вёсачку Груздава, што ў Пастаўскім раёне. У часы маёй маладосці гэта была вельмі вялікая вёска – цэнтр калгаса. Цяпер вёску не пазнаеш – зусім апусцела. А ў тыя часы былі бібліятэка, амбулаторыя, швейная майстэрня, школа-васьмігодка, пошта, клуб. Кожную суботу паказвалі кіно, а пасля паказу кінафільма былі танцы. А колькі было моладзі! Як было весела! Прыходзіла моладзь з суседніх вёсак. Пры клубе былі створаны хор, цымбальны аркестр. На ўсе святы рыхтавалі канцэрт сваімі сіламі. Ездзілі з канцэртамі ў суседнія вёскі, выступалі і ў раёне, і ў вобласці, а цымбальны аркестр выступаў і ў Мінску, і ў Маскве на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі. У аркестры іграў і мой бацька, Павел Іванавіча Крывенька, і два яго браты, і іншыя музыканты нашай вёскі. У мяне да цяперашняга часу захаваліся Пахвальны ліст і медаль удзельніку Першага Усесаюзнага фестывалю самадзейнага мастацтва ў Маскве. У рэпертуары аркестра было шмат твораў. Адзін з іх “Груздаўская полька”. Прашу выканаць яе ў памяць пра майго бацьку, маіх землякоў і маю родную вёсачку”.

Наша слухачка Зоя Мялешка з вёскі Прагон Лагойскага раёна піша:
“Прашу выканаць песні “Ох, как трудно председателя любить” і “Сыпал снег буланому под ноги”. Я люблю гэтыя песні, сама люблю спяваць. Заўсёды слухаю вашу перадачу і ўспамінаю маладосць”.

А гэты ліст даслаў Аляксей Іванавіч Буцько з Гродна.
“У савецкія часы ў парках многіх гарадоў  былі кінатэатры пад назвай “летні”. У іх паказвалі кінастужкі мінулых часоў, такі, свайго роду кіношны “сэканд хэнд”. І ў нашым гарадскім парку быў невялікі драўляны кінатэатр “летні” на 50 месцаў. Яго ўжо даўно няма. Адзін з фільмаў запомніўся на ўсё жыццё. У ім  галоўную ролю выконваў Мікалай Слічэнка. Ён ліха скакаў на кані па стэпе і выдатна спяваў. Перадайце, калі ласка, песню “Ручеёк” у выкананні Мікалая Слічэнкі”.

Пісьмо нашай слухачкі з Мінска Валянціны Ігнацьеўны Філіпенка.
“Хачу расказаць пра самую любімую, дарагую, пяшчотную сваю сяброўку, разумніцу Галечку-Галіну Антонаўну Яшчыкоўскую. Жыццё часам прыносіць нам сюрпрызы ў выглядзе  выпадковага знаёмства. Як вядома, ёсць ісціна: сяброў не выбіраюць, яны знаходзяцца самі. Так здарылася і ў нас з Галечкай. Бог падарыў мне імгненні шчаслівых стасункаў. Маё знаёмства з Галечкай  аказалася не толькі прыемным, але прывяло да вялікай дружбы, якая доўжыцца ўжо 50 гадоў. Я, напэўна, шчаслівы чалавек: мне шанцуе на добрых людзей. Ёсць на свеце людзі, ад якіх пры першай сустрэчы адчуваеш сяброўскую цеплыню, і  ў адказ гатовы сам дарыць чалавеку сваю дабрыню, шчырасць, разуменне і любоў. Менавіта такім Чалавекам – з вялікай літары – стала для мяне Галечка. Яна – урач ад Бога, прафесіянал з вялікім працоўным стажам, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, мама дзвюх дастойных дачок Ірачкі і Наташачкі, бабуля таленавітага ўнука Яўгена, яна мае двух праўнукаў Андрушу і Дашачку. Галіна – мой сапраўдны, надзейны, даўні Сябар. Цудоўныя якасці характару перадаліся ёй  ад мамы, Ганны Паўлаўны. Але галоўнае, чым вылучаецца мая сяброўка – гэта Годнасць і Гонар! Яе цёплая душа – светлы ачаг дабрыні і абаяння. Галіна Антонаўна – вялікая працаўніца, бліскучы педагог. Яна выхавала цэлую пляяду ўрачоў-курсантаў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. А яшчэ Галечка любіць прыроду і мастацтва, наведвае тэатры, філармонію. Для мяне Галіна Антонаўна – гэта ўвасабленне самага чароўнага, бліскучага і гарманічнага чалавека. Я ведаю галоўны жыццёвы дэвіз маёй сяброўкі: паспяваць казаць людзям пры жыцці многа-многа добрых, цёплых слоў, шчодра дзяліцца сваёй мудрасцю. Я ганаруся сваёй сяброўкай і заўсёды адчуваю яе цёплыя і шчырыя адносіны да мяне. А яшчэ мяне захапляе адданасць Галечкі сваёй радзіме Беларусі, яе любоў да роднай мовы. Мне хочацца прыгадаць радкі паэтэсы Наталлі Шчагловай, якія, на маю думку, вельмі добра стасуюцца з жыццёвымі прынцыпамі Галіны Антонаўны:
“Словом можно душу покалечить,
Словом можно рану исцелить”...
Прашу вас уключыць у перадачу для Галіны Антонаўны Яшчыкоўскай мелодыю з кінаіфільма “Крёстный отец” і песню, якую любяць многія слухачы вашай праграмы – “А годы летят”.

Перада мной наступнае пісьмо.
“Пішу вам ад імя сваёй сястры – Марыі Іванаўны Рак. Ёй-82 гады. Усё жыццё жыла ў горадзе. Выхавала з мужам дваіх дзяцей. Муж працаваў вадзіцелем. Так склаліся абставіны, што апошнім  часам сястра жыве адна ў вёсцы, у бацькоўскай хаце. Вельмі любіць слухаць вашы праграмы. Перадайце, калі ласка, для яе песню, у якой ёсць словы: ”Чтобы не  пришлось  любимой плакать, крепче за баранку держись, щофёр”. З удзячнасцю. Вера Іванаўна Ярэнка, горад Брэст”.

Чытаю ліст з Гродна.
“Да вас звяртаецца Анатоль Іванавіч Анісько. Мне 83 гады, я – ваш пастаянны слухач. А песні мінулых гадоў – бальзам для душы. Я хацеў бы “сустрэцца” з песняй маёй “трывожнай маладосці”. У канцы 1954 года я, пасля заканчэння Вольскага ваеннага авіяцыйна-тэхнічнага вучылішча, быў накіраваны ў Закаўказскую ваенную акругу, гарнізон Вялікія Шыракі, што ва ўсходняй Грузіі. Служыў тэхнікам самалёта Іл-28. Трапіў туды ў разгар “халоднай вайны” 50-х гадоў мінулага стагоддзя: Карэя, Венгрыя, Берлін, Кітай. Ішла напружаная вучэбна-баявая падрыхтоўка: ляталі днём і ноччу, часам у складаных умовах надвор’я. Былі і святы. Памятаю дзень 23 лютага 1958 года, 40-я гадавіна Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога флоту. Усе былі ў параднай форме, афіцэры-франтавікі пры ордэнах і медалях, чыталі  загад Міністра абароны, тэлеграму Галоўнакамандуючага Ваенна-Паветранымі Сіламі, а потым была каманда: ”разысціся” і працягваць свята паэскадрыльна, на стаянках самалётаў часці. Маршаравалі па рулёжных дарожках, кожная эскадрылья спявала сваю песню. Мы спявалі страявую песню авіятараў, якая пачыналася словамі: ”Там, где пехота не пройдёт и  бронепоезд не промчится, угрюмый танк не проползёт, там пролетит стальная птица”. Запявалам быў камандзір звяна Кандрашкоў, ваяваў на штурмавіках Іл-2. Хачу ўспомніць  штурмана Славу Бяляева, лётчыка Анатоля Сёміна, радыста Марчанку, маёраў Сасунова і Завадскага. Прашу ў прамяць пра маіх былых калег перадаць песню “Стальная эскадрилья”.

Ліст Ніны Трафімаўны Нікалаевіч (дзявочае прозвішча Казакова) з аграгарадка Красная Воля Лунінецкага раёна.
“Мая радзіма – Магілёўшчына, але вось ужо 56 гадоў жыву на Брэстчыне. Калі пачалася Вялікай Айчынная вайна, мой бацька, Трафім Захаравіч Казакоў, разам з аднавяскоўцамі пайшоў у партызаны. Быў у Бранскіх лясах, пад Смаленскам, затым быў накіраваны ў Віцебскія лясы, на 3-і Беларускі фронт, дзе сувязь спынілася. Скончылася вайна, а нашага таты – няма. Мы яго вельмі чакалі, пісалі пісьмы ў ваенкаматы. Толькі ў 1946-м годзе прыйшоў ліст з ваенкамата горада Касцюковічы, дзе нам паведамлялі, што Трафім Захаравіч Казакоў прапаў без вестак. Гора прыйшло ў нашу сям’ю. Чацвёра дзяцей, холад, голад, галеча. Мама сама пахала, сеяла, будавала, шыла, вязала. Мы, дзеці, ёй дапамагалі. Было цяжка... І слова “Тата” мы ў сваім жыцці не вымавілі. Пытаннем пошука дзеда заняўся мой сын, гвардыі падпалкоўнік Уладзімір Мікалаевіч  Нікалаевіч. Ён з сямьёй жыве ў працуе ў Расіі. У маі гэтага года сын паведаміў мне, што знайшоў дзеда. Мой тата пахаваны ў брацкай магіле вёскі Шапуры Віцебскай вобласці, у 5-і кіламетрах ад Віцебска, у красавіку 1944 года. Крыўдна, што спатрэбілася 72 гады пошукаў. У жніўні мы пабывалі  ля абеліска, на якім пазначана бацькава прозвішча. Дзякуй людзям, якія дапамаглі майму сыну ў пошуках дзеда. Прашу вас у памяць пра тату уключыць у перадачу яго любімую песню “Дайте в руки мне гармонь”. І яшчэ няхай прагучыць песня ў памяць пра маіх бацькоў “Плачет белая берёза”, бо  маіх любімых  тату і маму  сапраўды разлучыла вайна”.

А гэты ліст даслала Лідзія Канстанцінаўна Сідарчук з Мінска.
“Дзякуй вам за магчымасць паслухаць нашы любімыя песні. Некаторыя з іх мы даўным-даўно не чулі. Мне б хацелася паслухаць песню “Мишка” (“Мишка, Мишка, где твоя улыбка, полная задора и огня. Самая нелепая ошибка то, что ты уходишь от меня”).

Аўтар Таццяна Песнякевіч, гукарэжысёр Людміла Латушкіна, вядучы Алег Вінярскі. Праграма “Сустрэчы з песняй” гучыць на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў суботу ў 17.00 і паўтараецца ў нядзелю у 21.00.


Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.