Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
23.00 Навіны.
В эфире: - Навіны

Адлюстраванні. Гэта варта наведаць, каб лепш зразумець сябе... Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

29 Дек 2016 0
Адлюстраванні. Гэта варта наведаць, каб лепш зразумець сябе... Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

На завяршэнне нашых сёлетніх сустрэч мне б хацелася згадаць пра адно нядаўнее літаратурнае падарожжа. На Капыльшчыну, у аграгарадок Цімкавічы, з прэзентацыяй кнігі серыі ЖЗЛБ “Кузьма Чорны. Чалавек – гэта цэлы свет”, якая выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”.
Паездка была арганізавана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах. На радзіму класіка за дзень да школьных канікулаў прыехалі галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” паэт Віктар Шніп, пісьменнік, галоўны рэдактар “Беларускага кнігазбора” Кастусь Цвірка, лінгвіст і перакладчык, унук пісьменніка Мікола Раманоўскі, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры філфака БДУ  літаратуразнаўца  і паэтэса Ірына Багдановіч, бард Алесь Камоцкі, супрацоўнікі музея гісторыі беларускай літаратуры Вольга Гулева, Паліна Саўгень, Алеся Кузняцова.
Выдатную экскурсію для гасцей ў музеі Кузьмы Чорнага правяла яго загадчыца Людміла Ніжэвіч. Музей быў створаны больш за паўстагоддзя таму, экспазіцыя нядаўна адноўлена і пакідае вельмі добрае ўражанне (аўтары канцэпцыі – Лідзія Макарэвіч і Генадзь Чысты). Розных крыніц дастаткова, каб дакрануцца да няпростага пісьменніцкага лёсу і адчуць атмасферу яго часу. Напрыклад, варштат, як памяць пра маці і дзеда, якія былі славутымі ткачамі, куток кабінета рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусь”, дзе працаваў Чорны ў час вайны, і якая размяшчалася тады ў будынку “Известий” на Пушкінскай плошчы ў Маскве. Шмат рукапісаў, якія заўсёды набліжаюць постаць аўтара-класіка. З аўтэнтычных рэчаў кранае абрус, вытканы маці Гліцэрыяй Міхайлаўнай. А ў аснове мастацкага рашэння музейных залаў – малюнкі пісьменніка, якія эмацыянальна ўздзейнічаюць на наведвальнікаў. Зрэшты, кожнага абавязкова кране нешта сваё, на што адгукнуцца душа і сэрца. Я думаю, наведаць гэты музей варта кожнаму беларусу, каб лепш зразумець сябе.
Пасля адбылася сустрэча з вучнямі і настаўнікамі Цімкавіцкай сярэдняй школы імя Кузьмы Чорнага. Дарэчы, яна зусім побач з музеем. Прыкметы Калядаў і Новага года паўсюль суправаджалі нас: ад сняжынак на школьных вокнах да святочнай актавай залы, у якой прайшла прэзентацыя кнігі “Кузьма Чорны. Чалавек – гэта цэлы свет” з  серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”.  Адчуванне прыемнага і адказнага хвалявання не пакідала мяне ўсе гэтыя дзве гадзіны. Як быццам у зале, сярод сучасных цімкавіцкіх падлеткаў, сядзіць сам пісьменнік і слухае нашу споведзь яму. І прымае нашу ўдзячнасць за яго непаўторнае слова і наш паклон за яго мужны характар. Вельмі кранула, з якой увагай слухалі выступленні гасцей дзеці. У іх вачах можна было прачытаць радасць і гонар, што яны жывуць на радзіме вялікага пісьменніка. У вестыбюлі школы, дзе вельмі шмат цудоўнай зеляніны, стаіць вядомы бюст Кузьмы Чорнага, аўтар якога яго сябра, знакаміты скульптар Заір Азгур. Я падумала, што  гэтая сімвалічная сустрэча з ім штодня для школьнікаў не застаецца незаўважанай. Вобраз жыве ў падсвядомасці, ён прысутнічае як духоўны знак і застаецца пасля як цёплы ўспамін пра родную школу.
Канечне, тут, на радзіме класіка, яго добра ведаюць, любяць і шануюць. Шмат цікавых і карысных імпрэз праводзіць і Літаратурны музей Кузьмы Чорнага. Распрацавана спецыяльная праграма для школьнікаў “Ганарыся сваім земляком і ведай пра яго” з чытаннем твораў пісьменніка, тэатралізаванымі прадстаўленнямі, святамі, конкурсамі, віктарынамі, крыжаванкамі. І гэта добра.
Даследчык Сцяпан Александровіч у сваім артыкуле “Сэрца, у якім месціцца цэлы свет” адзначыў: “Усе найбольш значныя творы Чорнага – і апавяданні, і аповесці,  і раманы, напісаныя перад вайною і ў час вайны, цесна звязаны з той мясцінай, дзе “паблізу чутны ў людской гаворцы гарады Нясвіж і Слуцак”, інакш кажучы, звязаны з Цімкавічамі, а героямі іх з’яўляюцца землякі пісьменніка. “Мне б на ўсё жыццё хапіла апісваць цімкаўцаў”, - часта гаварыў Кузьма Чорны. Нябачная, але непарыўная сувязь з землякамі засталася ў пісьменніка дасюль…
Сёлета - 95 гадоў, як Кузьма Чорны пачаў друкавацца. Першае апавяданне “Гузік”  з’явілася ў беларускім дзіцячым часопісе “Зоркі” 25 лютага 1921 года тады яшчэ за подпісам Міколы Раманоўскага. А ўся творчасць класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага, была і застаецца малітвай любові, адданасці і ахвярнасці Беларусі і беларускаму слову...

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.