Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
 
В эфире: - Радыёла

Адлюстраванні. Мастацкае слова ў жанры радыёспектакля. Радыёблог Галіны Шаблінскай.

11 Сен 2016 0
Адлюстраванні. Мастацкае слова ў жанры радыёспектакля. Радыёблог Галіны Шаблінскай.

Вітаю вас, шаноўныя слухачы! Хутка, 14 верасня, -- юбілей народнай артысткі Беларусі Ірыны Ждановіч.  І ўвесь гэты тыдзень ў “Тэатры Беларускага радыё” будуць гучаць радыёспектаклі з яе удзелам: “Рамэо і Джульета” Уільяма Шэкспіра, “Позняе каханне” Аляксандра Астроўскага, “Канстанцін Заслонаў” Аркадзя Маўзона.  Напэўна, калі б нашы калегі не парупіліся ў свой час іх запісаць, мы сёння не мелі б такой магчымасці быць слухачамі гэтага, без перабольшвання, “залатога фонду” нашай спадчыны. Між іншым, запісы датуюцца яшчэ пяцідзесятымі гадамі мінулага стагоддзя. Уражвае? Ва ўсялякім разе – падкрэслівае багатыя духоўныя традыцыі беларусаў.
Адлюстраванне мастацкага слова ў жанры радыёспектакля – гэта асобны кантынент беларускай тэатральнай культуры. Колькі выдатных акцёраў прайшлі школу мастацкага радыёвяшчання і многія з іх, я б сказала,  маюць сваю вельмі яркую радыйную біяграфію. Узгадаем хаця б народных артыстаў СССР Глеба Глебава і Барыса Платонава, Лідзію Ржэцкую і Галіну Макараву, Уладзіміра Уладамірскага і Леаніда Рахленку,   Здзіслава Стому  і Уладзіміра Дзядзюшку, Віктара Тарасава і Генадзя Аўсяннікава, народных артыстаў Беларусі Зінаіду Браварскую і Лілію Давідовіч, Валянціна Белахвосціка і Паўла Дубашынскага, Марыю Захарэвіч і Арнольда Памазана ды многіх-многіх іншых.
Іх непаўторныя галасы засталіся на магнітнай стужцы, запісы з якой цяпер, дарэчы,  актыўна алічбоўваюцца, а створаныя акцёрамі вобразы дамалюе фантазія кожнага, асобна ўзятага, слухача.  Прадбачу пярэчанне, што сённяшні слухач-глядач-чытач не любіць удзельнічаць у творчым працэсе, яму, маўляў,  гатовенькае падавай. Не пагаджуся. Бо, як вядома, душа патрабуе катарсісу… Між іншым, праслухоўванне радыёспектакля вы можаце параўнаць з медытацыяй, ад якой наўрад ці адмовіцеся. Слухаючы канкрэтны мастацкі радыётвор, ваша багатае ўяўленне намалюе такія яркія карціны, якія пазбавяць вас адмоўных эмоцый і непрыемных адчуванняў. Нават, калі жанр зусім не камедыйны. У тым сіла сапраўднага мастацтва.
Унікальнасць мастацкай аўдыёспадчыны яшчэ і ў тым, што яна дакладна захоўвае час. Многае з таго, што пастаўлена на Беларускім радыё, рабілася адразу пасля напісання таго ці іншага твора. А значыць ў пастаноўцы адбіліся агульныя законы не толькі тагачаснай радыёрэжысуры, але і вобразная стылістыка эпохі. Хіба не цікава павандраваць па ёй, вызначыўшы адмысловы радыёмаршрут? А дзеля гэтага варта зайсці на сайт Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і прачытаць штотыднёвую афішу “Тэатра Беларускага радыё”.
Ні адна творчая імпрэза, на якіх мне даводзіцца бываць, не абыходзіцца без таго, каб хтосьці ні падыйшоў і ні сказаў: “Слухаю ваш “Тэатр Беларускага радыё” і далей -- гутарка пра розныя спектаклі. Вось і на Дні Беларускага пісьменства ў Рагачове такую ж слухацкую адданасць гэтаму праекту Першага нацыянальнага канала выказаў пісьменнік і драматург Васіль Ткачоў.
Часам сваімі думкамі слухачы дзеляцца па тэлефоне, пры гэтым не заўсёды чамусьці называюць уласнае імя і прозвішча. Адзін з такіх абанентаў-інкогніта абураўся пастаноўкамі паводле казак, назваўшы іх “бязглуздымі”. Праўда, абгрунтаваць сваё меркаванне так і не змог. Галоўнае, эмацыйна чалавек выказаўся. А я, тым часам, успамінала, якія ж радыёпастаноўкі маглі на яго так паўздзейнічаць? Таму што заўсёды лічыла казкі Андэрсена, Перо, Кіплінга, Пушкіна  класікай, якую наўрад ці можна памяняць на штось раўназначнае. Пра густ, вядома, не спрачаюцца. Але ж удасканальваць яго не перашкодзіць у любым узросце.
Калі пасля дзесяці гадзін вечара ў неабсяжнай прасторы  ФМ-дыяпазона вы пачуеце мастацкае слова і непараўнаныя галасы лепшых беларускіх артыстаў – ведайце, што вы дакладна патрапілі ў эфірную залу “Тэатра Беларускага радыё”, які запрашае сваіх слухачоў  штодня ў 22 гадзіны 5 хвілін. Заходзьце, не саромцеся! Вольных месцаў хопіць усім! Уражанняў на роздум і эмоцыі таксама!

Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.  

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.