Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
13.11 "Настрой!".
В эфире: Тиханович Анастасия - За тобой

Адлюстраванні. Іншым зрокам. Радыёблог Галіны Шаблінскай

26 Сен 2016 0
Адлюстраванні. Іншым зрокам. Радыёблог Галіны Шаблінскай

Вітаю вас, шаноўныя слухачы! 1-2 кастрычніка горад Магілёў стане месцам сустрэчы музейшчыкаў з усёй краіны. Тут пройдзе ІІІ Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”. Паводле папярэдняй інфармацыі, у экспазіцыйнай і дэманстрацыйнай праграме будзе прадстаўлена 114 удзельнікаў.
Маючы асаблівую сімпатыю да літаратурных музеяў, я пачала шукаць, а колькі ж іх будзе ўдзельнічаць у гэтым прафесійным свяце, якое “праводзіцца ў мэтах падтрымкі музейнай справы ў Рэспубліцы Беларусь”. У надрукаваным спісе налічыла ўсяго пяць і, найперш, канечне ж, музеі класікаў:  Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама – музей гісторыі беларускай літаратуры. Потым маё ўяўленне пачало працаваць далей. Купалаўскі і коласаўскі музеі  маюць па  4 філіялы, музей гісторыі літаратуры – 9. Значыць, ужо 22! А калі ўлічыць, што амаль у кожным краязнаўчым музеі абавязкова ёсць і пісьменніцкі стэнд – лічба значна павялічваецца! Тут вобраз Папялушкі, які напачатку назойліва малявала фантазія, пачынае мройліва раставаць і саступае месца недасяжнай Каралеве. А я тым часам знаходжу яшчэ адну фразу, якая “чапляе” сваім адлюстраваннем да майго настрою. Сёлетні дэвіз музейнага форуму гучыць так: “Разбураючы стэрэатыпы, пераадольваючы кансерватызм”.
Помню гадоў 10 таму, калі я праехала асобнымі мясцінамі беларускіх класікаў, у мяне нарадзілася ідэя радыёпраграмы “Літаратурная карта Беларусі”, якая гучала ў эфіры гады 3 і значна пашырыла маю, скажу так,  літаратурную геаграфію. Але не толькі…     Калі хаця б на момант уявіць сабе нашу Беларусь адной вялікай кнігай, якія б розныя па форме і змесце аказаліся яе старонкі. А якое жанравае багацце мелі б мы, спрабуючы гартаць гэты неспазнаны шыкоўны фаліянт. Колькі гістарычных падзей і кранальных гісторый перажылі б разам з героямі, якія абавязкова прысутнічаюць у любой сапраўднай кнізе... І колькі цудоўных радкоў засталося б у нашай душы, якія сагравалі б нас у непагадзь і слоту… Купалаўскія Акопы загучалі б галасамі неўміручай “Паўлінкі”, а рагачовец Гервасій Выліваха абавязкова запрасіў бы нас на бераг Дняпра, дзе “груша цвіла апошні год”.
А вось у родавай сядзібе Мацея Бурачка – нашага слыннага Францішка Багушэвіча, калі туды трапляеш упершыню, не дужа згадваюцца канкрэтныя аўтарскія цытаты. Дзівішся і захапляешся іншым. Бясспрэчна,  тут, у гарманічнай прасторы зямлі і неба, павінен быў нарадзіцца паэт. Але які Божы провід захаваў для нас гэтыя блаславёныя мясціны?  Няўжо, сапраўды,  магутныя дрэвы цудоўнага парка і каштанавая алея помняць свайго гаспадара, а старасвецкая хата з тых самых бярвенняў,  з якіх яна  будавалася пры Багушэвічу? А ў кабінеце пісьменніка – стол і крэслы, якімі ён карыстаўся? На жаль, у Беларусі вельмі мала такіх ацалелых літаратурных пенатаў. Таму Багушэвічавы Кушляны на сучаснай Смаргоншчыне – рэдкая магчымасць для кожнага  з нас прыйсці на сустрэчу з паэтам ХІХ стагоддзя...
Насамрэч, па нашай мілай зямлі можна вандраваць не толькі па прыгожых ландшафтных мясцінах, не толькі наведваць архітэктурныя помнікі даўніны, але пры жаданні можна скласці яшчэ адзін, не менш захапляльны, маршрут. Геаграфічна ён звязаны з лёсам літаратуры. Дарэчы, не толькі беларускай, але і польскай,  рускай, украінскай  і іншымі.  І можа на гэтых бальшаках і сцежках мы больш зразумеем, як рэалізоўваўся талент пісьменніка ў звязку з перыпетыямі яго жыццёвага і творчага шляху? Куды вялі яго дарогі з роднага краю і ці заўсёды вярталі назад? І якая сіла давала магчымасць  выказацца напоўніцу?..
Паспрабуйце, хаця б на адзін дзень разбурыць стэрэатыпы сваіх жыццёвых раскладаў і ступіце на сцежкі, якія помняць хаду Коласа ці Багдановіча,  Чорнага альбо Караткевіча, Быкава ці Сыракомлі… На шчасце, спіс гэтых імёнаў такі багаты. А тое, што адлюстравалася праз іх вялікія і складаныя лёсы ў цудоўных творах беларускай літаратуры, робіць гонар ўсёй нашай нацыі і не дазваляе кожнаму з нас губляць уласную самадастатковасць.  Каб захаваць для нашчадкаў спрадвечнае купалаўскае “людзьмі звацца”.

Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.  

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.