Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
20.02 "Вітаем, віншуем...
В эфире: Кароль Тина - Ноченька

Адлюстраванні. Загадкавы лістапад. Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

09 Ноя 2016 0
Адлюстраванні. Загадкавы лістапад. Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Вітаю вас, шаноўныя слухачы!  Нядаўна патрапіла на адну музычную імпрэзу з назвай “Смак лістападу”, у якой, можна здагадацца, пераважалі восеньскія матывы, і ўсё ж святла і агульна-філасофскіх настрояў у канцэртнай праграме было нашмат больш. Таму ў глядзельнай зале стваралася агульнае поле жыццядайнай энергіі.     
Для прыкладу хачу яшчэ згадаць адзін паэтычны зборнік –  “Душа лістападу”, які некалі ўразіў мяне сваёй адмысловай глыбінёй і выкшталцонасцю зместу, і ў якім таксама прыкметы апошняга восеньскага месяца наводзілі тым не менш на думкі пра непазбежнасць цудатворнай вясны.
Бэсспрэчна, удалая мастацкая назва – найперш алегорыя. І ўсё ж колькі разоў пераконвалася ў тым, што лістапад – улюбёнае слова для паэтаў і музыкаў. А можа, увогуле, – для беларусаў? Для нас яно азначае не толькі кружэнне лістоты ў сваім апошнім перадзімовым вальсе, але гэта яшчэ і назва месяца, які сустракае зіму: “лістапад адлістападзіць і нагоніць халады…”
Як бы там ні было, але загадкавасць лістапада яшчэ і ў  тым, што гэты месяц, можа, як ніякі іншы, стаўся часам нараджэння многіх класікаў беларускай літаратуры:  Якуб Колас, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Максім Лужанін, Міхась Лынькоў, Андрэй Макаёнак, Уладзімір Караткевіч, Ян Скрыган, Вячаслаў Адамчык, Анатоль Вярцінскі ды іншыя. Спіс можна доўжыць. Як, дарэчы, і бясконца расчытваць жыццёвыя біяграфіі і творчыя лёсы пісьменнікаў. Такія розныя хаця б таму, што на долю кожнага выпала свая гістарычная эпоха. А значыць – свае перашкоды для самарэалізацыі. Бо, як вядома, талент спраўджваецца хутчэй насуперак, чым – насустрач.
І тым не менш самотная пара лістапада, напэўна, надала кожнаму з іх пры нараджэнні тую жыццёвую трываласць, якую дэмаструе менавіта позні восеньскі час. Бо ён завяршае прыродны цыкл ад пышнай квецені да саспелага плода. Як метафарычны знак здзейсненага, таго, што збылося. І так штогод. І ў тым вечны круг жыцця на “зямлі пад белымі крыламі”.
Не ў адной толькі нашай душы
Зерне ёсць хараства –
Аб ім казку складае ў цішы
Колас нівы, трава.
Не ў адным толькі сэрцы людзей
Іскра праўды гарыць –
Аб ёй песню пяе салавей,
Аб ёй рэчка журчыць…
Існуе  думка, што класічныя творы – тыя, якія напісаны “навыраст”, якія перажываюць свой час на гады і стагоддзі. Іх актуальнасць і праўдзівасць выглядае натуральна ў любым гістарычным кантэксце. Таму, напрыклад, Коласава “Новая зямля” альбо Караткевічавы “Каласы пад сярпом тваім” ва ўсе часы будуць вяртаць нас да спрадвечнага: Радзіма і род, воля і годнасць, каханне і сяброўства. Таксама як і выкрывальніцкі смех камедый Макаёнка, якія працягваюць фіксаваць розныя заганы і парадоксы жыцця.
Літаратура, як класічная, так і сучасная, хочам мы таго ці не, а ўсё ж уплывае на нашы духоўныя арыенціры. Безумоўна, мастацкі твор не ёсць злепак жыццёвых сітуацый, але праз вобраз і літаратурнага героя, і яго прататыпаў  чытач можа часам адказаць сабе на пытанне “хто ён такі, чалавек?”
А спадчына розных мастакоў слова скіроўвае нас не толькі да рэтраспекцыі іх творчасці, але і да разумення таго творчага асяродку, той гістарычнай эпохі, калі давялося нарадзіцца і рэалізавацца таленту. Кожны такі лёс ёсць, безумоўна, часцінка агульнай гісторыі беларускай літаратуры і культуры. А літаратура і мастацтва – адны з першых складнікаў нацыянальнай спадчыны, якая не толькі ратуе нас саміх ад  бездухоўнасці, але і рэпрэзентуе нашу Айчыну ў свеце, у культурнай супольнасці.


Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.