Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
 
В эфире: - АКТУАЛЬНЫ МІКРАФОН

«Адлюстраванні. Лёс кнігі і музейны экспанат». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

11 Янв 2019 0
«Адлюстраванні. Лёс кнігі і музейны экспанат». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрыта літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Уладзімір Караткевіч - Абуджаная памяць…”, да паўстагоддзя выдання культавага рамана класіка “Каласы пад сярпом тваім”.
Напэўна, каб лепш зразумець, як нараджаюцца такія кнігі, варта згадаць жыццё самога аўтара і тыя акалічнасці яго лёсу, якія і даюць гэты творчы імпульс. Добра вядомы той факт, што адзін са сваякоў пісьменніка Тамаш Грыневіч быў удзельнікам паўстання 1863 года, камандаваў атрадам, расстраляны ў Рагачове па загаду Мураўёва. Гэта ён стаўся прататыпам Усяслава Грынкевіча ў пралогу рамана “Леаніды не вернуцца да Зямлі”. Увогуле з гэтай тэмай звязана некалькі твораў Караткевіча, напрыклад, апавяданні “Сіняя-сіняя”, “Паляшук”, драма “Кастусь Каліноўскі”, асобныя вершы, публіцыстычныя допісы. Ну і, канечне, яго галоўная кніга – “Каласы пад сярпом тваім”, якую называюць адным з першых беларускіх гістарычных раманаў.
Пра так званы штуршок да яго стварэння сам Уладзімір Сямёнавіч казаў наступнае: “Пасля заканчэння ўніверсітэта я здаў кандыдацкі мінімум і пачаў быў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 года ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, але прыйшлі іншыя інтарэсы: з’явілася задумка аб рамане на тую самую тэму. Да рэалізацыі яе, праўда, я прыступіў толькі праз дванаццаць год…”
Сёння нам цяжка ўявіць беларускую літаратуру без “Каласоў…” Караткевіча. Нездарма галоўную задуму свайго твора ён вызначыў так: “Трэба было адной кнігай сказаць усё аб цэлай зямлі”. А народны пісьменнік Беларусі і сябра Караткевіча Янка Брыль, прачытаўшы рукапіс рамана, пісаў: “… гэтай кнігай нам будзе прыпаднесены урок, як трэба любіць народ, як трэба разбірацца ў сваёй гісторыі, як аслабаняцца ад зусім непатрэбнага комплексу ніжэйшасці, які ўбіваўся на працягу стагоддзяў рознымі прыгнятальнікамі”.    
Лішне напамінаць тут пра складаны шлях “Каласоў…” да свайго чытача. Даследаваннем гэтай тэмы займаліся караткевічазнаўцы і звяртацца да яе будуць, упэўнена, яшчэ не раз.
Першая публікацыя рамана ў часопісе “Полымя” выйшла са шматлікімі купюрамі, з  якімі ніяк не мог пагадзіцца сам аўтар. Выданне 1968 года хоць неаднаразова і перавыдавалася, але таксама лічылася няпоўным. У выніку вывучэння гісторыі рамана даследчыкі сцвярджаюць, што сёння справядліва казаць пра тры аўтарскія і два выдавецкія варыянты. Новы збор твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25 тамах, які цяпер выходзіць ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, упершыню падарыў нам поўную друкаваную версію рамана “Каласы пад сярпом тваім” паводле аўтарскай волі. Дарэчы, аб’ём тэкста ў параўнанні з вядомай  раней кнігай  павялічыўся на чвэрць.
На выставе “Уладзімір Караткевіч. Абуджаная памяць…”, якая будзе працаваць у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры да лета, можна пабачыць шмат унікальных матэрыялаў з музейных фондаў: кнігі, фотаздымкі, асабістыя рэчы пісьменніка, ліставанне, рукапісы, вядомы партрэт Караткевіча народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва. Большую частку гэтых каштоўных экспанатаў у 90-я гады перадала музею з сямейнага архіва сястра пісьменніка Наталля Сямёнаўна Кучкоўская.
Асобная вітрына знаёміць з выданнямі Элізы Ажэшкі, Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча. Іх называюць сучаснікамі паўстання альбо яго непасрэднымі ўдзельнікамі, яны ж – і героі рамана “Каласы пад сярпом тваім”. Таксама прадстаўлены даследаванні сучасных гісторыкаў пра паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.  Мастацкае рашэнне выставачнага праекта – Генадзь Чысты, аўтар навуковай канцэпцыі – Вольга Гулева.
Не пашкадуйце часу, каб зайсці ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і пабыць колькі хвілін сам-насам з галоўнай кнігай Караткевіча, якая для кожнага беларуса – не проста “самы амбітны гістарычны раман”, але і рэальная магчымасць адчуць сувязь з мінулым, без якога няма будучыні,  згадаць лёс свайго радаводу…

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.