Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
13.00 Навіны культуры.
В эфире: - Навіны культуры

«Глобусы» супраць «Оскараў». Кропкі над «і». Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)

09 Янв 2019 0
«Глобусы» супраць «Оскараў». Кропкі над «і». Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)

У Лос-Анждэлесе ўручылі прэмію “Залаты глобус” – гэта яшчэ не Оскар, але ўжо сур’ёзная заява на трыумф па выніках сезона кінаўзнагарод. За “глобусамі” стаіць не шматтысячная супольнасць акцёраў, рэжысёраў, аператараў і сцэнарыстаў, а ўсяго толькі сотня крытыкаў – выбарка не тое каб сур’ёзная. З іншага боку – шансы, што яны паглядзелі ўсе фільмы-намінанты (асабліва тыя, што не на англійскай мове), усё ж вышэй, таму “глобусы” можна лічыць прызнаннем пэўнага кола даволі дасведчаных людзей, а не вынікам звышагрэсіўнай рэкламнай кампаніі.
Журналісты – людзі дзіўныя, і кожны год выбіраюць не адзін, а два лепшыя фільмы. Сёлета гэта “Багемская рапсодыя” (яшчэ на экранах! – так доўга трымаліся, здаецца, толькі “Тры білборды”) і “Зялёная кніга” (у пракаце з 24 студзеня). Прычым гісторыя гурта Queen перамагла ў намінацыі “драма”, а біяграфічная драма пра джазавага піяніста стала “найлепшай камедыяй або мюзіклам”. Здаецца, памяняй месцамі – нічога не зменіцца.
Цікава, што трыумфу “Рапсодыі” не перашкодзіла нават асоба Браяна Сінгера ў рэжысёрскім крэсле. Ён быў адным з тых, чыя рэпутацыя значна пацярпела ў выніку разгортвання руху “Me Too”. І, як вядома, зацяганы па судах, так і не скончыў работу над фільмам. Характэрна, што акцёр Рамі Малек, трымаючы “Залаты глобус” за ролю Фрэдзі Меркюры, падзякаваў са сцэны ўсім, акрамя Сінгера.
Перамога Малека была даволі чаканай, і як мінімум намінацыя на Оскар яму гарантавана; а вось у коле драм фаварытамі лічыліся “Чорны кланавец”, “Зорка нарадзілася” і “Калі б Біл-Стрыт магла загаварыць”, а ніяк не “Багемская рапсодыя”. Крытыкі, магчыма – крывадушна – не падзялялі захаплення гледачоў; лічылася добрым тонам папракаць фільм у надзвычай павярхоўным стаўленні да асобы галоўнага героя і жангліраванні фактамі.
Па-сутнасці, тыя ж абвінавачванні – толькі ўжо ад сваякоў музыканта Дона Шырлі – давялося выслухаць і аўтарам “Зялёнай кнігі”. Выканаўцу ролі піяніста Махершале Алі нават прыйшлося тэлефанаваць пляменнікам джазмена і прасіць прабачэння. Яго пераможны спіч (“найлепшая роля другога плана”), аднак, не быў вельмі прабачальным.
Чаго я ніколі не разумеў у канцэпцыі прыза “замежнай кінапрэсы”, дык гэта капіравання ў Оскара намінацыі “Найлепшы фільм на замежнай мове”. Напэўна, кожны з гэтых журналістаў, якія жывуць у Лос-Анджэлесе, ведаюць хаця б дзве мовы, прынамсі, іспанскую. І тым не менш, не ўключаюць такі фільм, як “Рома”, у спіс лепшых драм. Так што Альфонса Куарон мог разлічваць толькі на прэміі за сцэнарый і рэжысуру (другую і атрымаў), але ніяк не на перамогу ў адной з галоўных катэгорый. Улічваючы, што вылучэнню намінацый на Оскар папярэднічае актыўная промакампанія, а ўплыў Netflix на Амерыканскую кінаакадэмію ўсё ж большы, чым, скажам, на французскі кінапракат, ды і Куарон мае аўтарытэт (7 статуэтак за “Гравітацыю”), шанс на тое, што “Рома” трапіць у лік саіскальнікаў галоўнай прэміі, ёсць. З нядаўніх прэцэдэнтаў – намінацыя “Кахання” Міхаэля Ханэке. За ўсю ж гісторыю Оскара такіх выключэнняў было 9, але да перамогі ні “Каханне”, ні “Вялікая ілюзія” Рэнуара, ні “Шэпты і крыкі” Бергмана не дабраліся.
Што ж, магчыма пашанцуе іншаму шведу – Б’ёрну Рунге. У 2003 годзе ён зняў, на маю думку, вялікі фільм “І наступіць заўтра”, а не так даўно адзначыўся галівудскім дэбютам, няхай і зробленым у Еўропе – драмай “Жонка” – пра тое як пісьменнік едзе атрымліваць Нобелеўскую прэмію за творы, што пісала яго другая палова. Размова, канешне, не пра найлепшы фільм або рэжысёрскую намінацыю, але актрыса Глен Клоуз напэўна будзе сярод гасцей оскараўскай цырымоніі. Пакуль жа яе рэакцыя на выйграны “Залаты глобус” – самы шчыры і яркі момант уручэння прэміі. Як і гарачая прамова з заклікам да жанчын змагацца за ўвасабленне сваіх мар. Не менш яскрава выступіла і Алівія Колман (“найлепшая актрыса ў камедыі/мюзікле” за ролю ў фільме “Фаварытка”) – яе словы нават прыйшлося выразаць з афіцыйнай трансляцыі.
Што тычыцца няўдачнікаў, то гэта найперш “Зорка нарадзілася” – як і “Багемская рапсодыя”, фільм адмовіўся пазіцыяніраваць сябе як “мюзікл” (хаця абедзве стужкі – нішто іншае як мюзіклы). Маўляў, мы ж робім нешта важнае! Узгадайце, калі фільм, які натхняе, апошні раз выйграваў Оскар! І калі для “Рапсодыі” гэта спрацавала, то “Зорку”, магчыма, напаткала так званае пракляцце “ранняга лідара”. У Венецыі і Таронта замежная прэса не шкадавала добрых слоў у адрас Брэдлі Купера і Лэдзі Гагі; у Лос-Анджэлесе ўзнагародзіла толькі за найлепшую песню (як па мне, дык большага гэтая карціна і не заслугоўвае).
Няўдача на “Залатым глобусе” не пахіснула, аднак, лідарскія пазіцыі “Зоркі” – у оскараўскіх каціроўках букмекераў яна ідзе поруч з “Ромай”. Іншыя фаварыты ўсё тыя ж – “Зялёная кніга”, “Багемская рапсодыя” і ўласна “Фаварытка”. Намінантаў даведаемся ўжо хутка – іх аб’явяць 22-га студзеня.

Каментарыі

Каментарыяў пакуль няма
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.