Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
05.27 Канцэрт.
В эфире: Maroon 5 & Cardi B - Girls Like You

Музычны дзённік. Мова і мода... Аўтарскі блог Таццяны Якушавай (аўдыё)

01 Ноя 2016 0
Музычны дзённік. Мова і мода... Аўтарскі блог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Вітаю вас, сябры! Калі складвала ў агульную мазаіку падзеі апошняга часу, я падумала, што ж мяне больш за ўсё здзівіла, уразіла, усхвалявала?..
У прынцыпе, кожны дзень непаўторны і дзіўны, але сёння 1 лістапада, і мяне міжволі цягне  прадоўжыць тэму, якую я пачала ў мінулым выпуску свайго дзённіка. Чаму? Па-першае, таму што сёння завяршаецца прыём заявак на ўдзел у VI Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе «Маладыя таленты Беларусі». Як звычайна, менавіта ў апошнія дні мы атрымалі найбольшую колькасць запісаў, з якімі неабходна разабрацца ў самы бліжэйшы час, а гэта, скажу шчыра, няпроста. Неабходна праслухаць вялікую колькасць музычнага матэрыялу і прыняць найбольш правільнае рашэнне, ва ўсялякім разе, пастарацца пазбегнуць канфлікту паміж аб’ектыўным і суб’ектыўным.
Па-другое, днямі мяне да глыбіні душы здзівіў каментарый пра наш конкурс на маёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак. Прыводжу з захаваннем арфаграфіі, пунктуацыі і стылю:
«Мне нравится сам конкурс, но мне не нравятся условия: две песни, одна на русском, одна на белорусском. Я бы заменил: одна на родном языке, вторая на русском. У меня дочь разговаривает и думает на английском. И на нем поет и сочиняет музыку и песни. Причем очень даже классные песни.»
Гэты каментарый не толькі здзівіў, але і навёў на некаторыя думкі. Безумоўна, можна парадавацца за дзяўчынку, якая выдатна валодае англійскай мовай, хаця складана ўявіць, што яна для яе, насамрэч, родная. Пры гэтым, наколькі я зразумела, руская мова ў гэтым выпадку лічыцца замежнай, а беларуская, наогул, не разглядаецца. Але такое жаданне адмежавацца ад яе па меншай меры здзіўляе. Бо, мяркуючы па ўсім, усё сваё свядомае жыццё дзяўчынка, гэтак жа, як і бацькі, жыве ў Беларусі. Адпаведна, у паўсядзённым жыцці ў яе, напэўна, зусім не англамоўнае асяроддзе. Зрэшты, магчыма, гэтым каментарыем любячы бацька проста захацеў падзяліцца поспехамі сваёй дачушкі? А можа, гэта не надта добры сігнал, які тычыцца нават не лінгвістычнай сітуацыі, а адносін да культуры краіны?
І мне чамусьці ўспомнілася, як ў пачатку XIX стагоддзя ў Расіі ўладарыла мода на ўсё французскае. У багатых сем’ях было прынята для выхавання дзяцей наймаць французскіх гувернёраў. Гэта, дарэчы, выдатна адлюстравана ў рускай літаратуры. Дастаткова ўспомніць знакамітыя пушкінскія радкі: «Судьба Евгения хранила: Сперва Madame за ним ходила, Потом Monsieur ее сменил». Над сітуацыяй іранізавалі перадавыя асобы таго часу. У Грыбаедава можна сустрэць крылаты выраз пра «смешенье языков: французского с нижегородским».
Але ж мода, як вядома, дама капрызная, як яна прыходзіць, так яна і адыходзіць, у тым ліку і мода на ўсё замежнае. Натуральна, бум не абмінуў нас. Гаворачы пра дзіцячую творчасць, зараз гэта праяўляецца ў засіллі   англамоўнага рэпертуару на разнастайных песенных конкурсах.
Безумоўна, у наш час неабходна ведаць розныя мовы і тое, што моладзь імкнецца свабодна на іх размаўляць, слухаць музыку свету ў першакрыніцы, спрабуе праяўляць уласныя творчыя фантазіі, штосьці пісаць, сачыняць на замежных мовах – гэта трэба толькі вітаць. Але, пагадзіцеся, разам з тым важна не страціць сябе, захаваць павагу да традыцый, культуры і мовы народа, да якога належыш альбо сярод каторага жывеш.
У гэтым сэнсе для мяне стала паказальным знаёмства з цікавымі маладымі людзьмі, навучэнцамі Міжнароднай школы – адзінай у Мінску навучальнай установы, дзе ўсе прадметы выкладаюцца на англійскай мове. У ёй займаюцца дзеці з розных краін свету, бацькі якіх працуюць у Беларусі. Апрача іншых, у школе ёсць прадметы музычна-эстэтычнага накірунку. Больш за тое, выкладчыкі імкнуцца не абмяжоўвацца заняткамі ў класе, але і ўдзельнічаць з навучэнцамі ў розных творчых праектах. Гэта і прывяло іх некалькі гадоў таму ў наш радыёконкурс.
Хачу падкрэсліць, наколькі адказна дзеці паставіліся да выканання конкурсных патрабаванняў. Паводле слоў настаўніцы музыкі, яны не толькі вывучылі беларускія песні, але і наогул, зацікавіліся мовай. І цяпер, рыхтуючыся прыняць удзел у сёлетнім конкурсе кажуць, што на беларускай ім нават больш зручна спяваць, чым на італьянскай. У сваю чаргу некаторыя члены журы да гэтага часу ўспамінаюць упэўненае і кранальнае выкананне беларускай народнай песні «Дудалка» хлопчыкам з Індыі па імені Субу. Дарэчы, ён зараз жыве ў Канадзе, але з цеплынёй успамінае Беларусь. Нядаўна мне было прыемна ўбачыць апублікаваныя ім, зноў жа ў адной з сацыяльных сетак, здымкі з нашага конкурсу. Ну, і канешне ж, бадай, самы яркі ўспамін – ансамблевае выкананне «Купалінкі», у якім удзельнічалі, апрача Субу, дзеці з Паўднёвай Карэі, Ізраіля, ЗША, Германіі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі…
Дарэчы, з нашай лёгкай рукі гэты нумар упрыгожыў адзін з вялікіх канцэртаў на сцэне Палаца Рэспублікі. Уражанне ўзмацнялася і тым, што дзеці выйшлі ў сваіх нацыянальных касцюмах, адначасова прадставілі і культуру сваёй краіны, і выказалі павагу да Беларусі. Безумоўна, такія адносіны ў многім залежаць ад бацькоў, якія хаця і жывуць тут часова, але пранікаюцца цёплымі пачуццямі да нашай краіны, заахвочваюць інтарэс сваіх дзяцей да беларускай культуры і мовы, пры гэтым, канешне ж, зберагаючы свае карані.
Таму, вяртаючыся да каментарыя, што і стаў імпульсам для маіх разважанняў, я падумала – а ці не варта некаторым нашым бацькам таксама задумацца, як ў імкненні рознабакова выхоўваць сваіх дзяцей знайсці неабходны баланс паміж пашырэннем ведаў, павагі да іншых культур і захаваннем любові да сваёй мовы і культурнай традыцыі? Мне здаецца, што гэты сімбіёз заўсёды будзе адпавядаць модзе і яе галоўнаму слогану ісці ў нагу з часам.


Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.