Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
18.06 "Вітаем, віншуем...
В эфире: Науменко Яков - Застольная

Музычны дзённік. Шлях да творчай перамогі... Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

05 Дек 2016 0
Музычны дзённік. Шлях да творчай перамогі... Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Вось ужо каторы год запар пачатак снежня ў мяне асацыіруецца з радаснай стомленасцю. Чаму стомленасцю? Таму што работа над праектам “Маладыя таленты Беларусі”, насамрэч, патрабуе шмат часу і сіл – арганізацыйных і, асабліва, эмацыянальных. Чаму радаснай? Таму што немагчыма апісаць іншымі словамі тыя пачуцці, якія мы, члены журы конкурсу, адчуваем ад сустрэчы з  таленавітымі, шчырымі, творчымі маладымі людзьмі. І як бы банальна не гучала, хацелася б, каб кожны з іх здолеў правільна распарадзіцца сваім талентам.
Наколькі ён маштабны і моцны - пакажа час, бо талент не можа рэалізаваць сябе без адданай любові і настойлівай працы. А гэта  ўдзел нямногіх. Безумоўна, не так лёгка ў суквецці адораных і здольных маладых людзей разгледзець сапраўдны талент.
Задача нашага конкурсу, зрэшты, як і многіх іншых, даць магчымасць маладым выканаўцам падзяліцца сваёй творчасцю, адчуць правільнасць свайго выбару. І ўсё ж, нягледзячы на тое, што мы не ставім перад сабой амбіцыёзнай мэты, адкрыцці здараюцца. Мне думаецца, гэтаму спрыяе інструментальная разнастайнасць і разнажанравасць праекта - ад акадэмічнай музыкі да эстрады і фальклору.
Адна з галоўных адметнасцей конкурсу “Маладыя таленты Беларусі” – у намінацыі “Інструментальная музыка” прымаюць удзел выканаўцы розных спецыяльнасцей: раяль, духавыя, народныя, струнна-шчыпковыя інструменты… У сувязі з гэтым нярэдка даводзіцца чуць папрокі - як гэта можна выбіраць лепшых з розных? І ўсё ж, упэўнена, што можна! Мне думаецца, асоба музыканта, яго індывідуальнасць праяўляюцца незалежна ад таго, на чым ён іграе. Апрача прафесійных навыкаў, адчування стылю, выканальніцкага майстэрства ёсць тое, што пануе над усім - невытлумачальная энергія. Яна не толькі выклікае захапленне, але самае галоўнае - прымушае суперажываць. Сёлетні конкурс падарыў нам такія шчаслівыя імгненні. Большасць з удзельнікаў фіналу віртуозна і сумленна выконвалі найскладанейшыя творы, але толькі нямногія лёгка і самазабыўна стваралі музыку. Менавіта гэта стала галоўным крытэрыем, па якім журы вызначала пераможцаў.
Гран-пры ў намінацыі “Інструментальная музыка” ўдастоены Уладзіслаў Хандогій, колішні пераможца прэстыжнага міжнароднага тэлевізійнага конкурсу “Шчаўкунок”. Прызнаюся, яго выступленне мы чакалі з асаблівай цікавасцю. Юны музыкант не толькі апраўдаў самыя лепшыя спадзяванні, але і паказаў прыклад дзівоснага спалучэння майстэрства і мастацтва.
Сярод яркіх імгненняў нашага конкурсу – выступленні Патрыцыі Свіцінай і Зіны Купрыяновіч, якія сталі ўладальніцамі Гран-пры ў намінацыях “Спадчына” і “Эстрадны вакал”. Дзяўчынкі абсалютна розныя, але ў кожнай праглядваецца харызма і сур’ёзны, нават, дарослы падыход да справы. Здаецца, яны ведаюць да чаго імкнуцца і чаго хочуць.
Шчыра кажучы, у той ці іншай ступені гэта адчувалася і ў выступленнях іншых фіналістаў, але конкурс ёсць конкурс. Журы прымала рашэнне па факце выканання твора, не ўлічваючы ранейшыя дасягненні і не дорачы аванс. Дарэчы, гэта часта не разумеюць альбо не хочуць разумець бацькі і педагогі некаторых выканаўцаў, якія ледзьве не кожны тыдзень выступаюць на конкурсах, дзе дыпломамі заахвочваюцца ўсе ўдзельнікі. Безумоўна, такія праекты неабходныя. Яны адметныя цудоўнай фестывальнай атмасферай, там практычна не бывае расчараванняў, усе задаволены вынікамі. Мне думаецца, гэта хутчэй святы творчасці, дружбы, прыгажосці…
Звярну ўвагу, што ў нашым конкурсе больш сур’ёзныя прафесійныя патрабаванні. Напрыклад, каб атрымаць званне лаўрэата, неабходна пераадолець некалькі этапаў. І далёка не ўсе да гэтага падрыхтаваны. Паколькі конкурс праходзіць у адкрытым фармаце, у гэтым можна лёгка пераканацца. Кожны з удзельнікаў альбо іх педагогаў мае магчымасць паслухаць выступленні іншых канкурсантаў, ацаніць, параўнаць, зрабіць правільныя высновы... Але зноў жа, не кожны здольны падняцца над сваімі амбіцыямі і прызнаць, што галоўнае - не колькасць дыпломаў, якія некаторыя выканаўцы атрымліваюць, калі спяваюць на ўсіх конкурсах адну і тую ж песню на працягу года, а прафесійны рост, які дае ўдзел у тым ці іншым творчым спаборніцтве.
Прызнаюся, мы імкнёмся, каб нашы ўдзельнікі даражылі званнем лаўрэата Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” і разумелі, што атрымаць яго няпроста. Але пагадзіцеся, чым больш складаны шлях да перамогі, тым больш яна каштоўная...

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.