Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
23.20 "Актуальны мікра...
В эфире: - Актуальны мікрафон(паўтор)

«Музычны дзённік. Песні малой радзімы ствараюць гісторыю нацыянальнага мастацтва усёй краіны!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

07 Фев 2019 0
«Музычны дзённік. Песні малой радзімы ствараюць гісторыю нацыянальнага мастацтва усёй краіны!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Мне даволі часта даводзіцца не толькі задаваць, але і чуць пытанне – як нарадзілася тая ці іншая ідэя? У дачыненні да  новага праекта «Песні малой радзімы» хачу сказаць, што яна з’явілася адначасова і спантанна, і заканамерна. Дакладней, вырасла сама па сабе ў выніку стасункаў з нашымі радыёслухачамі.
Па родзе дзейнасці даволі часта даводзіцца адказваць на звароты з прапановамі і просьбамі паслухаць той ці іншы музычны матэрыял, ацаніць, штосьці параіць, дапамагчы агучыць, давесці да шырокай публікі... Усё гэта пераконвае ў тым, што ў нашай  краіне шмат талентаў, якім патрэбны больш  шырокі творчы выхад. Гэта і навяло на думку – а чаму б у Год малой радзімы  нам самім не пайсці да людзей, не  адправіцца ў музычную  эскпедыцыю і не пацікавіцца, як і чым жывуць беларускія гарады, мястэчкі, вёскі... Там віруе  сваё культурнае жыццё, ёсць свае творчыя калектывы, салісты, якія ўпрыгожваюць самыя разнастайныя святы. Менавіта яны ствараюць сваю музычную гісторыю, якая, безумоўна, звязана з гісторыяй усёй краіны. І гэта неабавязкова фальклор.
Мы не ставім перад сабой вузкапрафесійную задачу адшукаць тое, што яшчэ не запісана навукоўцамі. Матэрыял можа быць самы разнастайны: народныя песні ў розных варыянтах – і аўтэнтычных, і ў сучасных аранжыроўках, арыгінальны рэпертуар – творы, якія нараджаюцца ўнутры саміх калектываў, таксама версіі класічнай песеннай спадчыны альбо песні, напісаныя спецыяльна для самадзейных артыстаў прафесійнымі аўтарамі. Словам, абмежаванняў няма. Адзіная ўмова – не паўтараць папулярны рэпертуар так званых раскручаных зорак, у тым ліку замежных.
Гэтым праектам мы імкнёмся паказаць, чым жыве, што іграе і спявае сучасная Беларусь. Інакш кажучы, маем мэту адлюстраваць, зафіксаваць творчае, культурнае, музычнае жыццё краіны, якое ствараюць самі жыхары. Менавіта яно – падмурак прафесійнай творчасці. Бо менавіта з песень малой радзімы пачынаецца гісторыя нацыянальнага мастацтва любой краіны. Як вядома, творчасць практычна  ўсіх кампазітараў натолена мелодыямі роднага краю. Сімвалічна, што праект стартаваў ў Нявіжы. Як вядома, гэта знакавы горад для гісторыі краіны, калыска нацыянальнага мастацтва.
Наступны прыпынак – Гродна, заходні рэгіён, дзе перапляліся традыцыі розных народаў. Невыпадкова ў гэтым горадзе праходзіць Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур і многа іншых падзей, што заслугоўваюць увагі і павагі. Але ж шырокай публіцы невядома, што цікавага адбываецца ў творчым жыцці саміх жыхароў горада і наваколля. Што падахвочвае людзей, якія па родзе дзейнасці, здавалася б, далёкія ад музыкі і мастацтва, увечары, пасля працоўнага дня збірацца разам, іграць, спяваць?..
Так, прага творчасці, самавыказвання, развіцця... А яшчэ любоў да прыгожага! Менавіта яна напаўняе душу энергіяй і сілай. Гэта выдатна адчувалася падчас выступленняў усіх чатырнаццаці калектываў, якія мы запісалі ў канцэртнай зале Гродзенскага каледжа мастацтваў. Адказнасць, захопленасць, хваляванне за кожны гук, адданасць справе – усё гэта пераплялося  ў адзіную эмацыянальную танальнасць! Нам пашчасціла пазнаёміцца з калектывамі, якім ужо не адно дзесяцігоддзе, дзе не толькі памяняліся, але і выраслі новыя пакаленні. Прыемна было бачыць і чуць, як разам музіцыруюць, спяваюць і моладзь, і людзі сталага веку. У гэтай узроставай разнастайнасці – не толькі абмен энергіяй і вопытам, але  традыцыі і пераемнасць, без якіх немагчыма развіццё не толькі саміх калектываў але і, наогул, нацыянальнай культуры. Таму знаёмства з такімі людзьмі не толькі напаўняе ўражаннямі, але і адкрывае новыя творчыя гарызонты. Спадзяюся, усе зацікаўленыя ў гэтым пераканаюцца, паслухаўшы  8 лютага чарговы выпуск праекта “Творчы вечар”, прысвечаны гродзенскай вандроўцы.
Пачатак эфіру ў 21-05.

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.