Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
17.05 "Сямейная прагра...
В эфире: - Сямейная праграма

Паралелі. Багатая бедная Афрыка. Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аудыё)

28 Сен 2016 0
Паралелі. Багатая бедная Афрыка. Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аудыё)

Афрыка – незвычайны кантынент. У кожнага з ёй свае асацыяцыі. Дзікая прырода, Сахара, Мадагаскар і Кіліманджара, баабабы і рэкі з кракадзіламі.
У Афрыцы жыве мільярд чалавек. Не самы багаты мільярд. Па ўзроўні жыцця афрыканскія краіны, як правіла, на апошніх месцах у свеце. Адсюль мігранты плывуць на лодках у Еўропу ў пошуках лепшага жыцця. Тут людзі паміраюць ад голаду і хвароб. А канцэнтрацыя ўзброеных канфліктаў – самая вялікая на планеце.
Але ёсць афрыканскія краіны, якія вылучаюцца на агульным фоне. Ці можна іх назваць багатымі? У некаторай ступені. Гэта як вымяраць дабрабыт.
Самая развітая на кантыненце – Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Тут велізарныя запасы плаціны, алмазаў, золата і рэдкіх мінералаў, якасная вада і танная электраэнергія. Турысты з усяго свету едуць у нацыянальныя паркі і ў Кейптаўн, каб убачыць Сталовую гару, па якой калісьці прайшоў ляднік і «злізаў» верхнюю частку. Цяпер вяршыня нагадвае паверхню стала, таму і завецца гара Сталовай. У Паўднёвай Афрыцы вялікія выдаткі на ахову здароўя, менавіта ў гэтай краіне правялі першую ў свеце аперацыю па перасадцы сэрца. Амаль усе жыхары маюць вадзіцельскія правы, прычым ездзяць культурна, правіл не парушаюць. Вядома, узровень злачыннасці вельмі высокі, разрыў паміж беднымі і багатымі салідны.
Нечаканы фаварыт па ўзроўні нацыянальнага багацця – Экватарыяльная Гвінея. Маленькая краіна з вялізнымі запасамі нафты. У перыяд высокіх цэн на нафту Экватарыяльная Гвінея па ўзроўні валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва абганяла многія краіны Еўрапейскага Саюза. Цяпер, вядома, даходы аселі. Асаблівасць афрыканскіх краін у тым, што высокі ВУП не з'яўляецца паказчыкам такога ж высокага ўзроўню дабрабыту насельніцтва. Усе нафтадолары трапляюць у кішэні мясцовых алігархаў. А народ Экватарыяльнай Гвінеі такі ж бедны, як у суседніх краінах, дзе нафты няма.
Вылучым Батствану, яна багатая, дзякуючы радовішчам алмазаў. Але тут вялізнае беспрацоўе і адзін з самых высокіх у свеце паказчыкаў заражанасці СНІДам. Вялікія даходы таксама мае Габон, тут здабываюць марганцавую руду, а насельніцтва пры гэтым галадае.
Нягледзячы на працяглую грамадзянскую вайну, у спіс самых эканамічна развітых краін Афрыкі ўключаюць Анголу. А яе сталіца Луанда некалькі разоў узначальвала рэйтынг самых дарагіх гарадоў свету. Чаму жыццё ў Луандзе даражэй, чым у Токіа і Нью-Ёрку? Агаворымся, што рэйтынг улічвае ўмовы пражывання іншаземцаў. Разглядаліся такія крытэрыі, як кошт жылля, прадуктаў, забаў. Замежныя кампаніі атрымліваюць велізарныя даходы за кошт здабычы нафты і алмазаў у Анголе, гэта стварае павышаны попыт на жыллё высокай якасці, дарагія рэстараны і аўтамабілі, абутак і адзенне, хоць большая частка насельніцтва жыве ў галечы. У краіне практычна ўсе прадукты харчавання імпартныя. Па гэтай прычыне літр малака можа каштаваць 4 долары, гамбургер – 17. Сціплую кватэру здаюць на месяц за 7 тысяч долараў.
Да бяспечных краін Афрыкі можна аднесці Каба-Вердэ, былую партугальскую калонію Астравы Зялёнага Мыса. Знакамітай ураджэнкай Каба-Вердэ была Сезарыя Эвара, самая вядомая выканаўца песні «Bésame mucho». Яна двойчы выступала ў Мінску. Казалі, што спявачка за кошт сваіх ганарараў фінансавала ўсю сістэму адукацыі сваёй небагатай астраўной краіны.
Дык ці ёсць у Афрыцы дзяржава, дзе людзі жывуць сапраўды добра, дзе няма войнаў, эпідэмій і злачыннасці? Гэтая краіна называецца Рэспубліка Сейшэльскія Астравы. На астравах у Індыйскім акіяне жыве 100 тысяч чалавек. Сталіца краіны Вікторыя – самая маленькая ў свеце. Клімат сапраўды райскі. Тэмпература не апускаецца ніжэй за 25 градусаў. За 500 гадоў назіранняў тут быў усяго адзін ураган. На Сейшэлах растуць унікальныя пальмы. Іх плады называюцца како дэ мер, марскі какос, спеюць каля дзесяці гадоў і дасягаюць 20 кілаграмаў. Гэтыя арэхі бываюць жаночыя і мужчынскія. Прычым іх форма вельмі пікантная. Турысты, якія бачаць іх упершыню, звычайна чырванеюць. Што не перашкаджае сейшэльскім пагранічнікам ставіць у пашпарты штампы ў форме экзатычнага плода.
Людзі тут свабодна гавораць на трох мовах: французскай, англійскай і крэольскай. Сейшэлы ўваходзяць у групу краін з самым высокім індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу. ВУП на аднаго чалавека – 26 тысяч долараў у год. Пры гэтым Сейшэлы практычна нічога не вырабляюць. А значыць, тавары замежныя, а цэны высокія. Зойдзем у краму, куды ходзяць мясцовыя жыхары. Мяса з Бразіліі, курыца з Аўстраліі, гародніна з Еўропы. Зараз зразумела, чаму памідоры каштуюць два еўра. Не за кілаграм – за штуку.
Афрыка вельмі розная. Гэта кантынент велізарных эканамічных магчымасцей. Але крыніцы росквіту не робяць багатай пераважную большасць афрыканцаў.

Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.