Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
21.05 "Творчы вечар".
В эфире: - Творчы вечар

Паралелі. Самыя "тлустыя" зніжкі. Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

01 Фев 2017 0
Паралелі. Самыя "тлустыя" зніжкі. Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

У беларускі парламент унесены праект закона, які ўзмоцніць адказнасць гандлю за прадастаўленне нядобрасумленнай інфармацыі пакупнікам пра скідкі і акцыі. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю мае даныя, што часам крамы спачатку штучна завышаюць цану, а потым аб’яўляюць скідку. Фактычна тавар прапануецца па звычайнай цане, а не па зніжанай. А гэта ўжо нядобрасумленная канкурэнцыя!
Скідкі і акцыі ўсё часцей прымяняюцца ў гандлёвай практыцы. Вядома, і крамы, і пакупнікі яшчэ толькі вучацца іх выкарыстоўваць. Не зусім дакладныя правілы, не хапае сістэмнасці. Вялікія распродажы ў нас, як правіла, праводзяць напярэдадні Новага года. У Еўропе, наадварот, сур'ёзныя скідкі пачынаюцца пасля свят, калі падарункі ўжо куплены, а тавар у крамах застаўся. Гэты салодкі перыяд нізкіх цэн чакаюць і мясцовыя жыхары, і турысты з усяго свету. Многія спецыяльна збіраюцца ў падарожжа зімой дзеля ўдалага шопінгу.
У Парыжы пра пачатак сезона распродажаў аб'яўляе мэр. Зімой перыяд скідак доўжыцца шэсць тыдняў. Сёлета яны пачаліся 11 студзеня і скончацца 21 лютага. Студзеньскія скідкі сціплыя – 20-30%. А 50% – гэта максімум, якога можна чакаць. Але самыя “тлустыя” скідкі пачынаюцца ў лютым, часам на цэнніку можна ўбачыць -80%! Скідкі ў Францыі могуць указваць своеасабліва. Напрыклад, на цэнніку налеплены два кружочкі: -20% і -30%, іх трэба падсумаваць, тады атрымаецца -50% .
Летнія распродажы ў Францыі таксама працягнуцца шэсць тыдняў, з 28-га чэрвеня па 8-е жніўня. Цэны будуць змяншацца па зімовым сцэнарыі. Самыя выгадныя прапановы можна знайсці ў апошнія дні распродажаў. Але і выбар будзе меншы, усё лепшае ўжо раскупяць, а максімальныя скідкі робяць, як правіла, на нехадавы тавар.
Іспанцы, якія хочуць сэканоміць, таксама плануюць вялікія пакупкі на студзень і люты. Пры гэтым, практычна ўсе буйныя крамы адмаўляюцца ад сіесты, гэта значыць працуюць без перапынку, каб кожны пакупнік мог патраціць свае грошы. Па законе кожны магазін павінен прадаваць свой тавар са скідкамі мінімум некалькі тыдняў, але не больш за два месяцы.
У Іспаніі дзейнічаюць строгія нормы, якія абараняюць правы спажыўца. З правіл вынікае, што тавары, якія ўдзельнічаюць у распродажы, павінны быць часткай звычайнага асартыменту, а іх якасць не можа быць ніжэй з-за таго, што яны прадаюцца са скідкай. Падчас распродажу сэрвіснае абслугоўванне і гарантыйныя абавязацельствы нічым не адрозніваюцца. Гэта значыць, цана зніжаецца, але гэта ніяк не павінна ўплываць на правы спажыўца і якасць тавару.
Акрамя скідак, ёсць аферты. Напрыклад, выгадна купіць тры тавары пэўнай маркі па цане двух або набыць дзве рэчы ў камплекце па фіксаванай зніжанай цане. Больш нізкія цэны часта ўстанаўліваюць на апошнія рэчы мадэльнага шэрагу, напрыклад, на апошнія пары абутку. Прыемны бонус: калі штаны аказаліся доўгімі, у многіх крамах іх могуць пакараціць бясплатна.
У Італіі прыняты закон, па якім па ўсёй краіне ўстанаўліваюцца адзіныя тэрміны распродажаў. Публікуецца іх афіцыйны каляндар. Магазін, які яго парушыць, будзе аштрафаваны. Усе акцыі можна аб'яўляць толькі з дазволу ўлад. Аматараў скідак ў Італіі чакаюць з пачатку студзеня да сакавіка. Традыцыя такая: пачынаецца Вялікі пост – заканчваюцца распродажы.
Ёсць некалькі правіл, якіх італьянскія магазіны павінны прытрымлівацца. Трэба абавязкова ўказваць пачатковую цану і працэнт скідкі, каб пакупнік бачыў, што прапанова сумленная, а крама не завысіла стартавую цану. Тавары па акцыі павінны быць выразна аддзеленыя ад тых, што прадаюцца па звычайнай цане. Рэкламныя шыльды не павінны ўводзіць у зман спажыўца. Нельга выстаўляць на распродажы заляжалы, леташні тавар. Усе скідкі тычацца толькі тавараў гэтага сезона!
Таксама пакупнікам у Італіі прапануюць некалькі парад, якія і нам будуць карысныя. Прыйдзіце ў краму да пачатку распродажу. Выберыце тавар, прымерайце, запомніце цану. А потым вярніцеся, калі пачнуцца скідкі. Так вы будзеце мець дакладнае ўяўленне, што і калі купіць, каб пазбегнуць запозненых шкадаванняў. Калі тавар на акцыі аказаўся з дэфектам, прадавец абавязаны яго замяніць альбо вярнуць выплачаную суму. Каб гэта права працавала, трэба захаваць чэк. І нарэшце, калі вы адчуваеце, што вас падманулі, звяртайцеся ў кантралюючыя органы і арганізацыі па абароне спажыўцоў. Удалых пакупак!

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.