Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
06.10 Спорт.
В эфире: - Навіны спорту

Паралелі. З Парыжа з нелюбоўю. Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

09 Янв 2017 0
Паралелі. З Парыжа з нелюбоўю. Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

Беларусы любяць гасцей і ўмеюць іх сустракаць. А людзей з іншых краін у нас заўсёды прымалі шчыра і з радасцю. Мы не настолькі распешчаныя турыстамі, каб глядзець на іх, як на крыніцу даходу. Хоць эканоміка гасціннасці таксама важная. Але ёсць краіны, дзе турыстаў так шмат, што ад іх стаміліся. Вялікія грошы, якія пакідаюць госці, – гэта выдатна, але мясцовыя жыхары мараць пра звычайнае, спакойнае жыццё.

Многія парыжане самі не любяць свой горад. За тое, што круглы год тут натоўпы турыстаў. Раздражняюць не самі госці, а іх колькасць. Для звычайнай французскай сям'і схадзіць у рэстаран стала дорага, цэны пад турыстаў. Метро перапоўнена, машыну пакінуць няма дзе, ды і паркоўка каштуе столькі, што можна разарыцца. Арэнда жылля – яшчэ адна сумная тэма. Спіс прэтэнзій парыжан да турыстаў можна працягваць: дрэнныя манеры, няведанне асноў французскай мовы, фатаграфаванне ўсюды, гучныя размовы, занадта вялікія турыстычныя групы, якія перашкаджаюць руху.

Жыхары Амстэрдама таксама пачалі скардзіцца на падарожнікаў. Горад усё больш пачынае нагадваць парк забаў, а жыхарам ўсё складаней знаходзіцца там. Амстэрдам з прыгожага гістарычнага горада ператвараецца ў месца канцэнтрацыі хостэлаў, танных рэстаранаў і дрэнных крам. Каб крыху разгрузіць гарадскі цэнтр, улады забаранілі адкрываць новыя гасцініцы ў гэтым раёне.

На безліч турыстаў у сталіцы Каталоніі скардзяцца нават самі госці. За спінамі прыезджых амаль немагчыма разглядзець сапраўдную Барселону. Большасць падарожнікаў скардзяцца на велізарныя чэргі. Мясцовыя жыхары таксама не ў захапленні ад масавага турызму. Каталонцы ўжо не першы год скардзяцца на п'яных англійскіх, галандскіх і іншых студэнтаў, якія прыязджаюць, каб проста танна выпіць. У Іспаніі ў па параўнанні з іх краінамі – танна. Яны лічаць, што прыехалі ў краіну, дзе ім усё можна, таму што ў іх ёсць грошы. Разносяць нумары ў гасцініцах, гарлапаняць начамі пад вокнамі. Смецце на пляжы, бітае шкло на вуліцах. Мясцовыя жыхары не могуць нават спакойна схадзіць на рынак за прадуктамі: паўсюдна людзі з чамаданамі і сэлфі-палкамі.

Пальма-дэ-Маёрка, сталіца найбуйнейшага іспанскага вострава, нядаўна змяніла назву. Зараз гэта проста Пальма. Брытанскае выданне The Sunday Times назвала сталіцу Белеарскіх астравоў лепшым у свеце месцам для жыцця. Тут добры клімат, экалогія, узровень жыцця, мясцовая кухня, гарадская інфраструктура. Аднак карэннае насельніцтва лічыць, што добрае жыццё ім атручваюць турысты. На фасадах некаторых дамоў у Пальме з'явіліся надпісы: «Замежныя турысты, прэч адсюль!» Вялікая колькасць турыстаў на востраве прыводзіць да перабояў з пітной вадой, праблем з транспартам, высокіх цэн на тавары і паслугі. А калі ў горад заходзяць круізныя лайнеры, мясцовыя жыхары не хочуць наведваць цэнтр горада, каб не сустракацца з шалёнымі п'янымі турыстамі.

Берлін – адзін з самых папулярных гарадоў Еўропы. Ён абагнаў па колькасці гасцінічных нумароў нават Нью-Ёрк. Але тут таксама не ў захапленні ад вялікай колькасці турыстаў. Некалькі гадоў таму тут праходзілі акцыі пратэсту, на вуліцах з'явіліся лозунгі: «Берлін не любіць вас», «Хопіць шумець, адпраўляйцеся дадому". Гоман замежнікаў чутны паўсюль: у крамах, на вуліцах, у музеях, на вечарынах. Нядаўна жыхарам Берліна забаранілі здаваць кватэры турыстам праз папулярны сервіс браніравання. На думку ўладаў, гэта прыводзіць да дэфіцыту жылля для мясцовых і росту цэн на арэнду.

Венецыя – адзін з самых рамантычных гарадоў свету, радзіма карнавалу і кінафестывалю. За год Венецыю наведвае каля 30 мільёнаў турыстаў! Гэта значыць больш за 70 тысяч чалавек штодзень. І мясцовыя жыхары ад гэтага, мякка кажучы, стаміліся. З-за вялікай колькасці падарожнікаў у горадзе шматразова ўзрасла арэндная плата, а мясцовыя жыхары пераехалі ў іншыя рэгіёны. Насельніцтва Венецыі скарацілася ўтрая. Тут прыгожа, але жыць складана, прыходзіцца многім ахвяраваць. Жылля ў горадзе не так шмат, а новабудоўляў наогул няма. У апошні час цэны яшчэ больш выраслі, жылыя дамы масава ператвараюцца ў гасцініцы. Там дзе раней знаходзіліся канторы юрыстаў і студыі архітэктараў – зараз бары і сувенірныя крамы. І хоць у мэрыі сцвярджаюць, што турысты прыносяць Венецыі немалы прыбытак, нават чыноўнікам не падабаецца, калі раніцай яны не могуць патрапіць на працу з-за натоўпаў на вуліцах.

І ўсё ж, нягледзячы на ўсе гэтыя праблемы, ніхто сур'ёзна не збіраецца зачыняць перад турыстамі дзверы. Свет становіцца ўсё больш глабальным. Трэба выбіраць: грошы ці спакойнае жыццё? І, як правіла, выбіраюць грошы.


Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.