Слухаць у асобным акне
Прама зараз
16.30 "Такі дзень".
В эфире: - Такі дзень_ОТБИВКА МУЗЫКА

«Паралелі. Лён як візітная картка краіны». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

11 Лют 2019 0
«Паралелі. Лён як візітная картка краіны». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

Лён – гэта спрадвечна наша культура, яго яшчэ называюць паўночным шоўкам, а Беларусь – краіна з надзвычай багатым вопытам яго вырошчвання і перапрацоўкі, даўно стала сусветным лідарам сярод вытворцаў. На нашых землях лён вырошчваюць шмат стагоддзяў. З яго рабілі адзенне, сталовую і пасцельную бялізну, ваенную амуніцыю. Здаўна ён лічыўся лячэбным матэрыялам, нават само слова “лён” у перакладзе з латыні азначае “найбольш карысны”. Даўно ведаюць яго бактэрыцыдныя ўласцівасці. У мінулыя часы льняныя тампоны, бінты і ніткі выкарыстоўвалі хірургі для аперацый. У шпіталях прасціны і бялізна былі з гэтай тканіны. Лён універсальны. Выгаду можна атрымаць літаральна з кожнай семечкі. Насенне напалову складаецца з тлустага духмянага алею. Гэта – сапраўдная знаходка для тых, хто сочыць за сваім здароўем. Акрамя таго, ён становіцца асновай для фарбаў і лакаў. Льняны алей выкарыстоўваюць і для вырабу мыла. Уласцівасці тканін унікальныя – натуральнасць, экалагічнасць, гіпаалергеннасць. Лён валодае каштоўнымі гігіенічнымі перавагамі, напрыклад, высокай паветрапранікальнасцю і здольнасцю адводзіць цяпло і вільгаць. Яшчэ кажуць, што льняная тканіна памяншае ўльтрафіялетавае выпраменьванне, ратуючы нас ад непасрэднага сонечнага ўздзеяння. У гарачае надвор’е чалавек адчувае сябе камфортней у адзенні з ільну, чым з баваўняных або шаўковых тканін (ужо не кажучы пра сінтэтыку). Разам з гэтым, матэрыял валодае высокай зносаўстойлівасцю і трываласцю, што вельмі важна для асобных відаў тканін, асабліва тэхнічнага прызначэння. Лён добра змешваецца з іншымі відамі валокнаў, што дазваляе надаць вырабам з яго разнастайныя ўласцівасці. Прысутнасць нават невялікай колькасці льнянога валакна (да 10 працэнтаў) выключае электрызаванасць тканіны. Палатно менш забруджваецца, яго патрабуецца радзей мыць, што павышае тэрмін службы. У адрозненне ад баваўнянай тканіны, не жоўкне, а захоўвае свежасць і колер. Але галоўнае, што ў чалавека ўзнікаюць прыемныя адчуванні пры кантакце яго скуры з ільнянымі вырабамі. Адзіны недахоп лёну – матэрыял моцна мнецца з-за нізкай эластычнасці. Гэта стратэгічна важная сыравіна, якая выкарыстоўваецца ў многіх галінах: цэлюлозна-папяровай, медыцынскай, хімічнай, ваеннай, аўтамабільнай. Унікальнасць матэрыялу ў тым, што з яго можна рабіць і тонкае батыставае палатно, і трывалую парусіну для брызенту, пажарныя рукавы і нават канаты. Гэта незаменны матэрыял для тэнтаў, чахлоў, трывалага спецадзення, здольнага абараніць ад іскраў, пырскаў расплаўленага металу, кантакту з нагрэтымі паверхнямі работнікаў металургічных, сталеплавільных камбінатаў, пажаранебяспечных вытворчасцей і нафтавікоў. Кажуць, што з ільну былі зроблены тунікі старажытнарымскіх сенатараў, а ў Старажытным Егіпце ў гэту тканіну заварочвалі муміі фараонаў. Ходзяць легенды, што егіпецкія майстры ткалі настолькі тонкае льняное палатно, што праз пяць яго слаёў прасвечвала цела, а з кілаграма пражы атрымлівалася 240 кіламетраў ніткі (для параўнання – зараз з кілаграма можна вырабіць да 40 кіламетраў ніткі). Праўда гэта ці не, але сакрэт вытворчасці згублены. Аршанскаму льнокамбінату амаль 90 гадоў. Ён заўсёды вызначаўся сярод аналагічных вытворчасцей былога Саюза і стаў адным з перадавых прадпрыемстаў тэкстыльнай прамысловасці ў Еўропе. Менавіта тут рабілі прэзенты для дэлегацый, якія прыязджалі ў Беларусь. Аршанскія майстры ткалі льняныя партрэты і першых касманаўтаў, і лідараў дружалюбных дзяржаў. Кветкі лёну ўпрыгожваюць герб краіны. Таму вырабы з яго – добры падарунак для дыпламатаў і іншых высокіх гасцей. З ільном пасябравалі вядомыя дызайнеры. Эксклюзіўныя вырабы з аршанскіх тканін становяцца часткай гардэробу многіх знакамітасцей. Вельмі незвычайна глядзяцца зімовыя рэчы з ільну: паліто, курткі, кажухі. А яшчэ расказваюць, што з беларускага лёну друкавалі еўра. Для вытворчасці паперы бельгійцы закуплялі ў нас сыравіну, з якой атрымлівалі цэлюлозу, а затым і паперу для еўрапейскіх банкнот. Калі вы ўсё яшчэ не ведаеце што падарыць гасцям на памяць пра Беларусь, абавязкова ўспомніце пра лён!

Каментарыі

Каментарыяў пакуль няма
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.