Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
00.00 Гімн Рэспублікі ...
В эфире:

Роздум. Ад прадзедаў да нашчадкаў. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

19 Янв 2017 0
Роздум. Ад прадзедаў да нашчадкаў. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Ведаеце, сябры, заўважыў адну цікавую акалічнасць: чым больш творца любіць свой родны куток, свой народ, тым з большай павагай і любоўю ставяцца да яго ў свеце, тым лепш пазнаюць душу не толькі аднаго чалавека, але і зямлі, дзе ён нарадзіўся...
Нездарма, словы нашага земляка, славутага доктара Францыска Скарыны пра тое, што, як пчолы да вулляў, як птушкі да гнёздаў, як рыбы да віроў сваіх, так і людзі - да таго месца дзе нарадзіліся “вялікую ласку маюць“.
Пра гэта падумалася мне, калі стаў сведкам, як у музеі Янкі Купалы наш зямляк, а сёння старшыня федэрацыі беларусаў Расіі Сяргей Кандыбовіч дарыў музею невядомы партрэт песняра - твор расіійскага мастака, выкуплены спецыяльна на аўкцыёне землякамі-беларусамі.
Гэты падарунак тых, хто памятае не толькі радзіму бацькоў, але завучаныя з дзяцінства многія радкі паэта, які стаўся сімвалам роднага народа ў яго памкненні “людзьмі звацца“.
“Асоба Янкі Купалы значная і за межамі Беларусі. Расія, Польшча, Украіна, Літва, Славакія таксама будуць святкаваць гэты юбілей“, - заявіў падчас імпрэзы ў музеі Міністр культуры Барыс Святлоў.
Так сталася, што ў наша вельмі бурлівае дваццаць першае стагоддзе часам быццам не да адзначэння юбілеяў славутых папярэднікаў. Хутчэй можна знайсці  ў інтэрнэце ці ў прэсе матэрыялы, якія вышукваюць у біяграфіях выдатных людзей цёмныя плямы ці проста пераказваюць разнастайныя плёткі. Усё гэта робіцца, каб нібыта зняць “хрэстаматыйны глянец”, ”ачалавечыць“ вобраз класіка. На самай справе гэта служыць нігілізму, абыякавасці ці проста бездухоўнасці.
Калі гаварыць пра асобу другога сёлетняга юбіляра Якуба Коласа, то гэта прыклад замілаванасці і любасці родным краем, клопату пра любую беларускую мову.
Хіба не прыклад класікаў паслужыў станаўленню яшчэ аднаго выдатнага таленту – народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля? Маладзейшы на трыццаць пяць гадоў, стаўшы сведкам гістарычных падзей, прайшоўшы суровыя выпрабаванні другой сусветнай вайны, ён застаўся тонкім лірыкам, бліскучым майстрам слова, адданым патрыётам сваёй Радзімы.
Яго мініяцюры, якія ён сам называў жменяй сонечных промняў, выклікаюць у душах чытачоў светлыя шчымлівыя пачуцці.
Кожны чалавек, прыйшоўшы ў гэты свет, пад уплывам бацькоў, школы, блізкіх пачынае ўсведамляць сваё месца і прызначэнне на зямлі. І вельмі важна: ці стане ён сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны, ці навучыцца ён любіць людзей, не зважаючы на іх паходжанне, нацыянальнасць ці колер скуры, ці стане ён дастойным чалавекам...
Нібыта банальна гучыць, але без асэнсавання спадчыны, якая па словах Янкі Купалы засталася нам ад прадзедаў спакон вякоў, без пераемнасці традыцый свайго народа гэтай мэты ў поўнай меры дасягнуць складана.
Таму менш за ўсё тут павінна быць фармалізму, праславутай “галачкі” ў справаздачах. Выклікі нашага часу патрабуюць іншых падыходаў, руплівай карпатлівай работы.
Тады славутыя радкі папярэднікаў і ў наш час набудуць моцную сілу і напоўняць людскія душы верай і любоўю. Бо як вымавіў пранікнёна Янка Купала:
“Завецца ж спадчына мая
Ўсяго старонкай роднаю!..”
Усяго найлепшага, да сустрэчы!

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.