Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
02.05 "Накцюрны".
В эфире: - Накцюрны

Роздум. Калі слова жывое... Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

10 Ноя 2016 0
Роздум. Калі слова жывое... Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Дабрыдзень, сябры!
Сярод яркіх культурных падзей лістапада, якія праходзяць у гэтыя дні ў сталіцы, магчыма, тую, пра якую я хачу сёння распавесці, некаторыя палічаць не такой яркай і заўважнай, а між тым, менавіта яна выклікала мой сённяшні роздум.

Я маю на ўвазе святкаванне 50-годдзя студэнцкага тэатра Беларускага педуніверсітэта імя Максіма Танка “Жывое слова”. І хоць святочная вечарына адбылася не ў шыкоўным палацы культуры ці ў аўтарытэтнай тэатральнай зале, атмасфера відовішча і настрой яго ўдзельнікаў былі па-сапраўднаму радаснымі і ўрачыстымі.

Тэатр "Жывое слова" быў заснаваны ў лістападзе 1966 года былым артыстам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы, выкладчыкам педінстытута і акадэміі мастацтваў Андрэем Калядой. У 1975 г. калектыў атрымаў званне Народнага, і сёння ён аб'ядноўвае студэнтаў розных факультэтаў БДПУ, МДЛУ, Інстытута журналістыкі БДУ, БДЭУ і іншых навучальных устаноў Мінска.

За апошняе дзесяцігоддзе тэатрам былі пастаўлены спектаклі па матывах твораў А.Чэхава, У.Караткевіча, В.Мухінай і іншых аўтараў.

Адметнасць калектыву ў тым, што ён працуе выключна на беларускай мове. Напачатку стварэння гэта матывавалася тым, каб дапамагаць будучым настаўнікам роднай мовы і літаратуры глыбей авалодаць майстэрствам вуснага літаратурнага маўлення, быць своесаблівым дапаможным факультатывам для будучай прафесіі , але з цягам часу тэатр выйшаў за гэтыя вузкія рамкі, стаў не толькі самабытным творчым калектывам, але сапраўднай моўнай лабараторыяй, вабным асяродкам для тых, хто мае магчымасць далучыцца да магутнай моўнай стыхіі беларускага слова.

За пяцьдзесят гадоў школу тэатра прайшлі не толькі многія вядомыя сёння педагогі , журналісты , артысты і рэжысёры – яго былыя ўдзельнікі назаўсёды засталіся сябрамі і носьбітамі жывога роднага слова, слова, хараство гучання якога яны перадаюць сваім блізкім і родным, вучням і паплечнікам.

Для некаторых гэта сталася і адкрыццём, і пачаткам глыбокай любові і павагі да мовы, з якой яны пазнаёміліся тут.

Да прыкладу, былая актыўная ўдзельніца і рэжысёр тэатра Наталля Кухарава прыехала вучыцца ў Мінск з Расіі. Тэатр ёй дапамог атрымаць такое веданне і валоданне мовай, што гэтаму могуць пазайздросціць і прафесійныя мовазнаўцы, і натуральныя носьбіты мовы.

І яшчэ, што важна. Калі я называў папярэднія пастаноўкі, то, звярніце ўвагу, яны не абмяжоўваюцца творамі толькі беларускіх аўтараў. Па-беларуску гучаць у выкананні артыстаў і Брэдберы, і Чэхаў, і Борхес, і Кафка.

Гэта гаворыць не толькі аб шырыні зацікаўленасцяў і густаў сцэнарыстаў і рэжысёраў, а таксама развенчвае яшчэ часам існуючую ў пэўных колах думку, што па-беларуску можна толькі спяваць і танчыць фальклор ці ставіць старасвецкія вадэвілі.

Безумоўна, назва калектыву да многага абавязвае. І нездарма, як засведчыў мне адзін з кіраўнікоў тэатра Алесь Мойскі, тут праводзяцца не толькі тэатральныя рэпетыцыі. Гэта і трэнінгі для будучых настаўнікаў, майстар-класы. Галоўная мэта – каб слова было сапраўды жывым, не штучным арганізмам, не часткай толькі прафесійнай лексікі. На жаль, часам нават некаторыя настаўнікі роднай мовы не карыстаюцца ёй у паўсядзённым жыцці, не здольныя прывіць сваім вучням любоў і павагу да свайго прадмета.

Калі я чую зрэдку адгалоскі спрэчак наконт таго, наколькі сёння актыўна ўжываецца беларуская мова, наколькі яна запатрабаваная ў нашым жыцці, я хачу, як адзін з прыкладаў, прывесці досвед і практыку сотняў цікавых, паспяховых і запатрабаваных людзей, якія прайшлі школу адзінага, на жаль,  пакуль студэнкага, народнага тэатра “Жывое слова” , які я віншую з яго паважным юбілеем.

Усяго налепшага, да пабачэння!


Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.