Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
18.06 "Вітаем, віншуем...
В эфире: Ярмоленко Анатолий - Добрыя людзі

Роздум. Наталенне гісторыяй. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

02 Фев 2017 0
Роздум. Наталенне гісторыяй. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Ці заўважылі вы, сябры, што апошнім часам усё часцей многія з нас звяртаюцца да гісторыі сваёй сям’і, роду, мясцін, дзе прайшло дзяцінства. Можна назваць гэта звычайнай настальгіяй, але да стварэння ўласнай радаслоўнай звяртаюцца і маладыя людзі, а для некаторых гэта нават стала своеасаблівай модай.
Што ж, мэты з якімі гэта робяць розныя людзі, безумоўна, розныя, але іх яднае адно – імкненне зразумець, што ёсць месца, з якога пайшоў у свет, чым  адметным вызначыліся продкі, якія традыцыйныя каштоўнасці пакінулі яны сваім нашчадкам.
Тут прыгадваюцца славутыя словы нашага вялікага земляка палачаніна Францыска Скарыны пра тое, што чалавек, дзе па волі Боскай меў нарадзіцца “да таго месца вялікую ласку мае”.
Пра гэта мне прыгадалася, калі давялося пабываць у музеі Максіма Багдановіча на прэзентацыі кнігі Васіля Драгаўца “Запозненае прызнанне”.
У анатацыі да падзеі, змешчанай на сайце беларускага фонда культуры, гаварылася: ”нетрадыцыйна і па-мастацку захапляльна Васіль Драгавец расказвае пра гісторыю сваёй радзімы – вёскі Хадатавічы Нясвіжскага раёна. Кніга дазваляе зазірнуць у вясковы побыт, адчуць жывое дыханне тых падзей і мінулых дзён“.  
Сапраўды, Нясвіжчына – цудоўны і непаўторны край. Сёння мы больш ведаем пра сам старажытны Нясвіж, дзе можна ўбачыць гісторыю Беларусі і ў прамым сэнсе слова дакрануцца да яе, наведаўшы знакаміты палацава-паркавы ансамбль і касцёл Божага Цела, занесеныя ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, а таксама ратушу, Слуцкую браму і шэраг іншых архітэктурных помнікаў. Сёння Нясвіж стаў сучасным цэнтрам турызму з элегантнымі кафэ і рэстаранамі, шматлікімі сувенірнымі крамамі і багатай музейнай экспазіцыяй.
Але гэта і рэчкі, і рэчачкі, узгоркі і лясы, цудоўная прырода, дзе здаўна сяліліся людзі, ураблялі зямлю, займаліся рамёствамі, гадавалі дзяцей…
Зрэшты пра тое, як аднаўлялі былую славу месца распавёў на сустрэчы былы кіраўнік раёна Уладзімір Дражын. Для яго гады, праведзеныя ў гэтым цудоўным краі, па яго сведчанні, сталі найярчэйшымі ў яго жыцці.
А для многіх іншых прысутных – гэта мілая радзіма, бацькі, дзяды і прадзеды. І тое, што сівыя сталыя людзі, за плячыма якіх шмат зробленага і здабытага рупнай і адказнай працай, звяртаюцца да ўласных вытокаў, вельмі сімптаматычна. Бо без усведамлення, што ёсць падмуркам любові да сваёй зямлі, цяжка стаць сапраўдным грамадзянінам, асобай. І спасылаючыся на кнігу, можна сцвярджаць, што самыя звычайныя і простыя людзі, якія здабывалі свой хлеб надзённы на роднай зямлі, былі, безумоўна, яе патрыётамі, захоўвалі векавыя традыцыі продкаў.
Для любога чалавека, а ў цэлым для народа, вельмі важна зазірнуць у сваё мінулае, каб не проста наталіцца ўспамінамі, а знайсці той спракаветны сэнс жыцця, убачыць тое, што трэба захаваць у сённяшнім і будучым дні.
У назве “Запозненае прызнанне” ёсць глыбокі і шматзначны сэнс. З аднаго боку запозненае, таму што беззваротна сышлі ў мінулае тыя яркія эпізоды дзяцінства,  бацькі, родныя, суседзі. А з другога – перасцярога, каб гэта прызнанне прыходзіла як мага раней, каб з самага пачатку сталага жыцця чалавек нёс у душы гэтае прызнанне да роднага краю, да традыцый і мовы папярэднікаў.
Таму тое, што робяць краязнаўцы і проста людзі, якія дзеляцца гэтым досведам з іншымі, справа важная і высакародная, бо гэта вучыць не толькі глыбей ведаць свой край, а і ўсведамляць сваю высокую прыналежнасць да створанага ранейшымі пакаленнямі, берагчы і памнажаць яго...

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.