Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
04.13 Канцэрт.
В эфире: Агутин Леонид & Добронравов Федор - Тайна Склеенных Страниц

Роздум. “Рыбакі” і сеткі. Радыёблог Навума Гальпяровіча

22 Сен 2016 0
Роздум. “Рыбакі” і сеткі. Радыёблог Навума Гальпяровіча

Вітаю сябры!
Памятаеце казку пра рыбака і залатую  рыбку? Закінуў стары сетку…Часы мяняюцца, прыходзяць новыя… Зусім па-сапраўднаму казачныя пераўтварэнні, і вось ужо кожны з нас можа закідваць сетку , не выходзячы з дома, і ў пошуках залатой рыбкі, і ў чаканні іншага ўлову.
Вы здагадаліся ўжо, напэўна, пра якія сеткі я вяду гаворку. Вось некалькі статыстычных дадзеных: ”большасць беларусаў знаходзяцца ў рэжыме онлайн кожны дзень. Больш за 90 % інтэрнэт-карыстальнікаў штодня заходзяць у сусветную сетку. ”Калі мне патрэбна інфармацыя, інтэрнэт – гэта першае месца, дзе я яе шукаю”, - так адказвае каля 60% карыстальнікаў Байнэта.
Што і казаць, цуд дваццаць першага стагоддзя ўпэўнена авалодаў намі ад самых малых да ўбеленых сівізной ветэранаў. Мой двухгадовы ўнук, калі я саджуся ля камп’ютара, бяжыць і просіць уключыць яму мульцік пра Машаньку і мядзведзя.
Для многіх сеціва стала пляцоўкай гарачых дыскусій. Пры гэтым, у адрозненне ад рэальнага, у віртуальным свеце можна зняважыць, абылгаць апанента, не баючыся атрымаць у адказ прымяненне фізічнай сілы.
І яшчэ. Часам аўтары допісаў, ці як гэта прынята называць “постаў“, абсалютна ігнаруюць нормы дазволенага, у тым ліку лексічныя, не грэбуюць прамымі пагрозамі і заклікамі да супрацьпраўных дзеянняў.
Гэта  дарэчы, зусім не бяскрыўдна, бо часам пасля падобных заклікаў у інтэрнэце пачынаюцца нават узброеныя канфлікты і тэрарыстычныя акты.
Выпусціўшы джына з бутэлькі, заканадаўцы, палітыкі, грамадства цяпер думаюць, як прывесці гэтую стыхію хоць у нейкія рамкі, як выпрацаваць правілы паводзін для тых, хто блытае клавіятуру сваіх інтэрнэт-носьбітаў з бейсбольнай бітай ці рагатай дубінай. Можа, крыху астудзіць падобных аматараў павінны будуць шматлікія паведамленні пра рэальную адказнасць за, з дазволу сказаць, жарты ў інтэрнэце.
Вось, да прыкладу, свежая інфармацыя, якую я ўзяў з аднаго папулярнага інтэрнэт-рэсурса:
“Упраўленне следчага камітэта па Гродзенскай вобласці расследуе справу ў адносінах да 16-гадовага падлетка. Мяркуецца, што хлопец з верасня 2015 года па студзень 2016-га ўзламаў больш за сто старонак карыстальнікаў  “Укантакце “, пасля чаго ад чужога імя выманіў рэквізіты банкаўскіх картак у іншых карыстальнікаў сацсетак і скраў грошы”.
У час перапіскі гэты ўвішны юнак прасіў карыстальнікаў даць рэквізіты іх банкаўскіх картак, расказваючы, што яго карта заблакавана, бо скончыўся тэрмін яе дзеяння. Адрасат не разумеў,  што піша не яго сябра. Такім чынам, з дапамогай сваёй злачыннай схемы ён скраў прыкладна 150 мільёнаў ранейшых беларускіх рублёў (гэта цяпер пасля дэнамінацыі – 15 тысяч).
І такія выпадкі не адзінкавыя.
Сумна, калі ў час допісаў ці абмеркавання на форуме знаёмыя людзі раскрываюцца не лепшым чынам. А гэта, бывае, вядомыя артысты, грамадскія дзеячы… І аказваецца, часам, што за вобразам знешне прыстойнага, адукаванага чалавека, нават куміра для многіх, хаваецца столькі бруду, што лепш было б не чытаць яго выказванняў.
Як ні парадаксальна, ва ўсім гэтым ёсць і карыснае. У гэтым, так бы мовіць, можна знайсці своесаблівы сацыялагічны зрэз настрояў. І хоць актыўна пішуць на інтэрнэт-старонках далёка не ўсе, усё ж пэўныя настроі часткі нашага супольніцтва ўбачыць можна.
Дык што рабіць? На мой погляд, гэта, як з сякерай. Ёй можна высекчы цудоўны твор мастацтва, расчысціць дзелянку ў лесе, а можна забіць чалавека.
Так і ў інтэрнэце. Выкарыстоўваць яго з карысцю для сябе і для іншых, дзяліцца інфармацыяй і думкамі, скіраванымі на стварэнне, а не на разбурэнне.
Зрэшты, такая задача стаіць і перад намі, журналістамі . Гэта тычыцца і праграм на сайтах нашага радыё, і ў нашых блогах-роздумах, і нашых асабістых акаўнтах.
І тады не толькі “залатую рыбку“ прынясуць кожнаму сацыяльныя сеткі, а багаты і змястоўны ўлоў дабрыні, спагады, узаемаразумення…

Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.