Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
15.20 "Музыка для ўсіх...
В эфире: Иракли - Так не бывает

Роздум. Слова яднае. Радыёблог Навума Гальпяровіча

08 Сен 2016 0
Роздум. Слова яднае. Радыёблог Навума Гальпяровіча

На працу я зазвычай хаджу пешшу. Ёсць час падумаць, паназіраць за ранішнім горадам, адчуць атмасферу новага пачатку дня.
Кідаюцца ў вочы яркія рэкламныя шчыты, так званыя білборды, дарэчы, прыемна, што яўна дадалася беларускамоўных. Ды вось на адной з устаноў, адкуль часта, нягледзячы на ранні час, выходзяць маладыя і не вельмі асобы мужчынскага і жаночага полу няцвёрдай хадой, на грыфельнай дошцы красуецца рыфмаваная страфа, якая заканчваецца радкамі “Прапі ў нас усё, беражы нервы“. Чаму гэта павінна берагчы нервы, пакінем на сумленні аўтара, але ж, падумайце, хацелася ж вершыкам заманіць людзей “прапіць усё”!..
Магутная сіла слова… З сівых часоў мінуўшчыны людзі імкнуліся выказаць свае думкі і пачуцці на паперы, стварыць верш, казку, песню. Старажытныя летапісцы гадзінамі выводзілі на пергаменах літары, якія складваліся ў словы, што дайшлі да нас сваёй веліччу і мудрасцю. А амаль пяцьсот год таму палачанін Францыск Скарына выдаў першую кнігу на роднай мове, паклаўшы пачатак беларускаму друкаванаму слову.
Канешне, часам слова, накрэсленае на шчыце, дошцы, плоце несла не толькі веліч і мудрасць, але яе вялікасць кніга заўжды ўяўляла ўзор глыбіні і майстэрства, таленту і годнасці.
Заклапочаныя словы пра ролю кнігі, мастацкага слова ў сучасным грамадстве гучалі нядаўна на круглым стале ў Нацыянальнай бібліятэцы, які насіў назву ”Сугучча. Слова Скарыны ў сучасным сусвеце”. Гэтая імпрэза папярэднічала Дню пісьменства, і ў ёй прынялі ўдзел пісьменнікі і выдаўцы з дванаццаці краін.
Удзельнікі гаворкі адзначалі, што ў Беларусі клопат пра кнігу – справа дзяржаўная, што прыносіць, безумоўна, свой плён, але  сусветныя тэндэнцыі, калі чытанне часам саступае ў папулярнасці іншым сродкам уздзеяння на думкі і пачуцці людзей, творцаў не маглі не трывожыць.
У прыватнасці, госць з Расіі, галоўны рэдактар папулярнага некалі выдання “Раман-газета” Юрый Казакоў зазначыў, што кніжныя шафы, паліцы знікаюць з кватэр гараджан і вяскоўцаў, у некаторых малых гарадках нават няма кнігарань, дзе можна купіць кнігу.
А сярод густаў маладой чытаючай публікі манаполію маюць кнігі пра Гары Потара, або “Пяцьдзесят адценняў шэрага“.
Масіраваны наступ псеўдалітаратуры, адкрытае і дэманстратыўнае занядбанне маральных каштоўнасцяў становіцца істотнай перашкодай да высокадухоўнага глыбокага мастацкага слова, мудрай кнігі.
Нездарма не раз цытавалі ўдзельнікі гаворкі вядомае выказванне кіраўніка нашай дзяржавы пра тое, што страта кнігі роўная страце краіны.
Гэты клопат пра высокую духоўнасць мастацкага слова павінен яднаць творцаў, шукаць разам з выдаўцамі, грамадскімі арганізацымі, дзяржаўнымі ўстановамі шляхі далучэння людзей, асабліва моладзі, да чытання, чытання разумнага, усвядомленага, карыснага.
Для нас адным з такіх аб’ядноўваючых пасылаў можа стаць юбілей беларускага кнігадрукавання і постаць Скарыны.
Мне як ураджэнцу слаўнага горада Полацка, як называў яго сам наш славуты зямляк, прыемна было агучыць прапанову аб правядзенні ў горадзе міжнароднага форуму пісьменнікаў і навукоўцаў накшталт вядомага Іссыккульскага форуму, які ініцыяваў і праводзіў у родных мясцінах славуты Чынгіз Айтматаў.
Падчас гэтых сустрэч творцы з розных краін Еўропы і Азіі маглі б паразважаць пра надзённыя праблемы літаратуры, ролю пісьменніка ў грамадскім жыцці, падыхаць паветрам полацкай зямлі, якая дала свету выдатных постацяў культуры, такіх, як Еўфрасіння Полацкая, Сімеон Полацкі, і, безумоўна, Францыск Скарына.
Думаецца, гэта спрыяла б і павышэнню цікавасці да беларускага мастацкага слова, якое дастойнае, каб яго годна прадстаўляць і ў арыгінале, і ў перакладах.
Увогуле, знаёмства з дасягненнямі роднай літаратуры павінна быць шырэйшым і на ўроках у школе, і падчас сустрэч пісьменнікаў з чытачамі, і на старонках нашых СМІ, на тэлеэкранах.
У нас нямала цікавых твораў, але, на жаль, часам людзі мала ведаюць пра іх, і ў святле агульных праблем з цікавасцю да чытання, менавіта беларускае мастацкае слова больш за іншых пакутуе ад адсутнасці ўвагі.
Кніга павінна прыходзіць да чалавека з самых ранніх гадоў. І тут важкія захады могуць прымаць бацькі, бо чытанне з дзіцём любімых кніжак куды больш прыносіць карысці, чым закідванне яго безліччу цацак, гульняў, ды іншых найноўшых забаўляльных эксесуараў.
І тады, падросшы, кожны зможа адрозніць яркі і захапляльны твор ад таннай падробкі, накрэсленай на дошцы перад піўной.

Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.