Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
23.10 Спорт.
В эфире: - Навіны Спорту

Роздум. Спасцігаючы таямніцы святыняў... Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

17 Ноя 2016 0
Роздум. Спасцігаючы таямніцы святыняў... Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Вітаю, сябры!
У календары памятных і знамянальных дат адыходзячага года значыцца, што сёлета спаўняецца 855 гадоў з часу стварэння ўнікальнага помніка старабеларускага мастацтва, рэлігійнай і духоўнай святыні беларусаў – крыжа Ефрасінні Полацкай.

У 1161 годзе па заказу прападобнай Ефрасінні полацкі ювелір Лазар Богша вырабіў крыж з кіпарысавага дрэва, пакрыты золатам і срэбрам, упрыгожаны каштоўнымі камянямі і з выявамі лікаў святых.

На бакавых тарцах крыжа змешчаны надпіс «... хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, і не аддаюць. Калі не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым… Хто адважыцца ўчыніць такое ... валадар або князь або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэта праклён. Ефрасіння ж, раба Хрыстова, якая замовіла гэты крыж, набудзе вечнае жыццё з усімі святымі...»

Сапраўды, прарочыя словы! І колькі б навалаў і бітваў ні праносілася над Полацкам, колькі жорсткіх выпрабаванняў ні выпадала на яго долю, крыж Ефрасінні ніхто не наважваўся прысвоіць.

Так было ў тыя далёкія часы. Але рабаўнікоў у 20-м стагоддзі надпіс не напалохаў. Пасля рэвалюцыі 1917 года падчас барацьбы з рэлігійным дурманам крыж спачатку быў перададзены ў мясцовы фінаддзел, затым пераехаў у Мінск, а з Мінска – у Магілёў, у краязнаўчы музей. Летам 1941 года, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, перад тым, як у горад увайшлі нямецка-фашысцкія захопнікі, крыж бясследна знік і не знойдзены да гэтага часу.

У 1997 годзе брэсцкі ювелір Мікалай Кузьміч завяршыў шматгадовую працу,  пачатую ў 1993 годзе, па стварэнні копіі святыні. Яму давялося асвоіць старажытную тэхніку, падабраць адпаведныя матэрыялы, і крыж паўстаў, мяркуючы па апісаннях і фотаздымках, дакладнай выявай арыгіналу. Работа была асвечана мітрапалітам Філарэтам як крыж, створаны па падабенству Крыжа Ефрасінні Полацкай.

Сёння рэліквія знаходзіцца на радзіме – у Полацку, у адным з храмаў Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Мне давялося не раз, пабываўшы ў родным горадзе, быць сведкам таго , як прыхажане з глыбокім хваляваннем падыхозяць і кленчаць перад святыняй.

Дзе ж сёння арыгінал крыжа ? На  гэты конт існуе шмат версій. І большасць іх аўтараў пагаджаюцца, што крыж існуе, і таямніца яго знаходжання павінна ўрэшце раскрыцца.

З атрыманнем Беларуссю незалежнасці, пры Беларускім фондзе культуры была створана камісія “Вяртанне”, якую ўзначаліў прафесар, доктар навук Адам Мальдзіс. Ён і іншыя навукоўцы прыклалі шмат намаганняў, каб адшукаць сляды многіх каштоўнасцяў, якія былі ў розныя часы вывезены з нашай краіны. У тым ліку вёўся актыўны пошук крыжа Ефрасінні. Сляды вялі то ў Эрмітаж у Санкт-Пецярбургу, то ў Амерыку. Ёсць версія, што арыгінал можа знаходзіцца і на тэрыторыі Беларусі. Тым не менш, мы пакуль мусім любавацца і пакланяцца копіі.

Ды ўсё ж вера ў цудадзейную знаходку застаецца. І падмацоўваецца яна прыемнымі паведамленнямі пра вяртанне іншых рарытэтаў. Прынамсі, у 2003 годзе на епархіяльных чытаннях, прысвечаных 210-годдзю Мінскай епархіі,  тадышні Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, прадставіў Слуцкае евангелле 1581 года. Ён паведаміў, што рарытэт яму перадаў адзін са святароў. Евангелле перададзена ў часовае карыстанне ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Магчыма, тое, што Евангелле знайшлося з таго шэрагу каштоўнасцяў, якія зніклі ў 1941 годзе з Магілёва, пралье свет і дасць накірунак для пошуку арыгінала крыжа Ефрасінні Полацкай.

Тое , пра што я распавёў – найбольш сенсацыйныя і гучныя пошукі і знаходкі. Але, як сцвярджаюць спецыялісты, каштоўных матэрыялаў, звязаных з нашай айчыннай гісторыяй, раскідана па свеце нямала. У прыватнасці, у розных сховішчах еўрапейскіх краін знаходзяцца арыгінальныя кнігі Скарыны, рарытэтаў з Беларусі нямала і ў запасніках розных музеяў і сховішчаў як у краінах былога СССР, так і ў краінах Еўропы, Амерыкі, на іншых кантынентах. Безумоўна, добра, калі з імі можна знаёміцца людзям пад аповяд пра нашу краіну, але ў сябе дома мы маглі б больш расказаць людзям пра нашу гісторыю, і, канешне, знаёміць з ёй шматлікіх замежных турыстаў.

І тут памкненні рэлігійных дзеячаў і дзяржавы супадаюць. Галоўнае, што знаходкі і вяртанне рарытэтаў садзейнічаюць не толькі выхаванню патрыятызму ў людзей розных пакаленняў, але ствараюць высокую духоўнасць, абуджаюць глыбокія і светлыя пачуцці.

Нам яшчэ нямала трэба вучыцца беражліва і ашчадна ставіцца да ўласнага мінулага, да спрадвечнай памяці роднай зямлі!


Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.