Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
22.10 "Тэатр Беларуска...

Вердыкт. Стымуляваць бацькоўства... Радыёблог Леаніда Новікава

01 Мар 2017 0
Вердыкт. Стымуляваць бацькоўства... Радыёблог Леаніда Новікава

Мы між двума святамі: мужчынскім – абаронцаў Айчыны і Міжнародным жаночым днём. У гэтым я знайшоў нагоду для размовы пра сацыяльныя ролі полаў пры дасягнутай гендарнай роўнасці. Яны склаліся такім чынам, што ў большай ступені маці адказвае за выхаванне дзяцей. Так прырода распарадзілася. І пайшло гэта са старажытнасці. Ужо сам працэс кармлення немаўляці малаком маці, цесная яго фізічная блізкасць да маці – пачатак кантактаў душэўных і першага педагагічнага ўплыву.

У нашай краіне заўсёды была магчымасць  маці  даглядаць дзіця з адрывам ад вытворчасці. Зараз такая магчымасць заканадаўча замацавана і за бацькам,  іншымі членамі сям’і. Дзяржава ўсебакова падтрымлівае сем’і, якія выхоўваюць дзяцей. І гэта – адзін з яе прыярытэтаў. На гэта скіравана і  Дзяржаўная праграма "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь" на 2016-2020 гады, у якой сфармуляваны канкрэтныя мэты, задачы і напрамкі забеспячэння дэмаграфічнага развіцця краіны.

У Беларусі забяспечана станоўчая дынаміка медыка-дэмаграфічных працэсаў. Адбылося змыканне так званых “дэмаграфічных нажніц”, і мы выйшлі на натуральны прырост насельніцтва. Апошнія гады сталі для нашай краіны рэкорднымі па абсалютным паказчыку нараджальнасці – амаль 119 тысяч народжаных у год на фоне стабільнага зніжэння смяротнасці. Паказчыкі будуць і далей паляпшацца пры пашырэнні прафілактыкі, якасным і своечасовым лячэнні і рэабілітацыі пацыентаў з хваробамі кровазвароту, анкалагічнымі захворваннямі, цукровым дыябетам, абструктыўнымі хваробамі лёгкіх, пры мінімізацыі ці выключэнні такіх фактараў рызыкі, як алкаголь, тытунь, нерацыянальнае харчаванне, гіпадынамія. Гэта што да здароўя нацыі і выпраўлення дэмаграфічнай сітуацыі.

Але ж дзяржаву непакоіць не толькі гэта. Патрабуе абмеркавання мэтазгоднасць магчымага ўвядзення абавязковага  сацыяльнага водпуску для бацькі пры нараджэнні дзіцяці. Такая мера прадугледжана падпраграмай "Сям'я і дзяцінства" Дзяржаўнай праграмы "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь" на 2016-2020 гады. Гэта можна разглядаць як водгук на зацікаўленасць грамадства ў павышэнні ролі бацькі ў сям’і, адказным бацькоўстве. Хоць такая магчымасць заканадаўча замацавана, у Беларусі мужчыны вельмі рэдка карыстаюцца водпускам па доглядзе дзіцяці. Можна меркаваць, што  гэта ад існуючых стэрэатыпаў і недаацэнкі ўдзелу мужчын у выхаванні дзяцей. Прадугледжанае Дзяржпраграмай увядзенне абавязковага дэкрэтнага водпуску для бацькі, відаць, зменіць сітуацыю. У некаторых краінах Захаду падобнымі мерамі ўдалося дасягнуць пэўных вынікаў.

Сапраўды паўнацэнным будзе выхаванне дзяцей, калі нараўне з маці дзяцей будзе выхоўваць бацька, бо мужчынскае выхаванне характарызуецца большай стрыманасцю, па-другое, блізкія і частыя кантакты, паспрыяюць большай любові да дзіцяці і закладуць асновы аўтарытэту бацькі на ўсё жыццё. І тады не будзе шкадаванняў, што сын ці дачка не так любяць бацьку, як бы хацелася. Ніці любові аказваюцца ў яго ўласных руках. І большая прывязанасць да дзяцей захавае сям’ю ад скасавання шлюбу ў крызісныя моманты.

Горшым варыянтам я лічу, калі маладыя нараджаюць дзіця і аддаюць дзядулю з бабуляй. Атрымліваецца, як у той прыпеўцы: Ох, мамка мая, вось табе навука: калыхала ты мяне, калышы і ўнука. Дзе ж узяцца тады любові да бацькоў і як разлічваць на аўтарытэт у дзяцей, калі бацькоўства было безадказным, а жыццё маладых і пасля нараджэння дзіцяці  было вольнае ад бацькоўскіх абавязкаў.

Ёсць і іншыя прыклады – адказнасць відавочная. Зараз існуюць розныя формы ўладкавання дзяцей на выхаванне. Я гасцяваў у сям’і маёй былой студэнткі Святланы Чачко. Яны з мужам Сяргеем, маючы сваіх сына і дачушку, узялі пяцярых дзяцей на выхаванне. Яны маюць статус бацькоў-выхавацеляў SOS-вёскі “Вытокі” каля Бараўлян. Дзяржава прадаставіла ім прасторны катэдж з прысядзібным участкам. Мне спадабалася, як дзеці адрэагавалі на словы чыноўніка ад адукацыі, які назваў іх выхаваўчым атрадам №14: “Мы – сям’я”.

Сям’я ў працы выхоўвае і сваіх, і прыёмных дзяцей. Роля бацькі тут як гаспадара і выхавацеля відавочная: далучэнне ўсіх да хатніх спраў, сезонныя работы на прысядзібным участку, улічыць інтарэсы кожнага і знайсці заняткі па душы. Мне прыемна было гасцяваць у гэтай сям’і, бачыць дагледжаны сад і агарод. Напрыклад, кожны можа частавацца малінай увесь сезон, бо яна рамантантная, вырашчана сваімі рукамі. Ёсць кусты садовых буякоў. Вырасцілі нават дрэўца граната. Праўда, у нас яно і не можа пладаносіць. Але ж якая экзотыка, калі зацвіце! Я пацікавіўся ў Сяргея, як удаецца далучыць дзяцей да справы. А ён кажа: “Адзін перад адным стараюцца. Лянівых няма”. Ды і рукадзеллем займаюцца. У свой час, калі мы з сям’ёй пераязджалі ў новую кватэру, я запрасіў Сяргея, каб ён забраў швейную машыну і акардэон. У той арганізаванай гаспадарцы ўсё спатрэбіцца.

Мяркую, калі роля бацькі ў сям’і будзе ўзнята на належную вышыню, многія праблемы сямейнага выхавання, далучэння дзяцей да працы і падрыхтоўкі да жыцця будуць вырашаны. Безумоўна, не без падтрымкі школы, як гэта і патрабуецца сёння з увядзеннем шостага школьнага дня.

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.