Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
19.25 Спорт.
В эфире: - Навіны спорту

Роздум. Ці можа быць прафесар непісьменным... Радыёблог Навума Гальпяровіча

15 Сен 2016 0
Роздум. Ці можа быць прафесар непісьменным... Радыёблог Навума Гальпяровіча

Вітаю вас, дарагія сябры !
Пачатак верасня адразу даў старт вельмі важным і значным падзеям як у нашай краіне, так і ў сусветнай прасторы. І, безумоўна, кожная з іх выклікала розгалас, думкі і меркаванні. Увогуле, верасень – традыцыйна месяц, калі мы гаворым пра культуру, адукацыю. У нас гэта і дзень беларускага пісьменства, і пачатак  новага навучальнага года, і адкрыццё розных музычных фестываляў, выстаў і г.д.
А вось восьмага верасня сусветная супольнасць адзначала Міжнародны дзень пісьменнасці, менавіта пісьменнасці, бо гэта не толькі ўменне пісаць і чытаць, гэта развіццё асобы, прыкмета яе адукаванасці, культуры, узроўню інтэлекта. Між тым, у свеце яшчэ больш за 850 мільёнаў дарослых людзей застаюцца непісьменнымі, а больш за 100 мільёнаў дзяцей не ходзяць у школу.  
Менавіта пра ўзровень нашай адукаванасці, пра праблемы, якія ставіць жыццё і сучасная адукацыя перад кожным з нас, мне і хацелася б сёння паразважаць.
Усеагульны тэхнічны прагрэс, камп’ютарызацыя нібыта адсунулі на задні план гуманітарныя працэсы, зменшылася роля філалагічных навук, філасофскіх даследаванняў, увагі да таго, наколькі пісьменна мы пішам, гутарым, разважаем.
Пры абмеркаванні аднаго з допісаў на папулярным інтэрнэт-сайце маю ўвагу прыцягнула выказванне пра пісьменнасць і яе значэнне.
Цытую: “чытаў нам лекцыі па антэнах і прыстасаваннях ЗВЧ”… (тут прозвішча і пасаду таго, хто гэта рабіў, свядома прапускаю)…” Аднойчы ў час лекцыі ён на дошцы зрабіў граматычную памылку. Адзін са студэнтаў гэта заўважыў і ўказаў яму”.
І далей, як сведчыць аўтар выказвання, прафесар адказаў наступнае: “Каб правільна пісаць, у мяне ёсць сакратар-машыністка, а я прафесар, доктар навук і член-кар. І ўсё гэта я атрымаў за свае навуковыя працы.”
Мушу не пагадзіцца з шаноўным прафесарам, бо малапісьменнасць ніяк не апраўдвае, а больш за тое, ставіць пад пэўнае сумненне ўзровень адукаванасці чалавека.
І зусім не галоўная задача сакратар-машыністкі выпраўляць малапісьменныя эксерсізы шэфа з навуковымі званнямі. І ўвогуле не рабіць граматычных памылак павінен кожны адукаваны, пісьменны чалавек.
А вось іншае сведчанне адной выкладчыцы, якое таксама я вычытаў на адным з інтэрнэцкіх постаў:
“У групе школьнікаў з 15 чалавек (узрост 14-16 гадоў) праводзілася пісьмовае апытанне па самых элементарных пытаннях кшталту “як звалі апошняга цара Расійскай імперыі?“, “назавіце сталіцу Эстоніі“, “калі скончылася Другая сусветная вайна?”. Пераважная большасць старшакласнікаў праявіла поўную адсутнасць якіх-небудзь ведаў.
Ніводзін чалавек не мог адказаць,  што такое "амбразура", "пападддзя", "пунсовы", "хто такія Хлебнікаў і Мандэльштам".
Развеяны быў міф пра тое, што дзеці лепш разбіраюцца ў новых сістэмах камунікацый. Ва ўсякім разе далёка не кожны мог адказаць, хто вынайшаў і заснаваў сацыяльную сетку Фэйсбук.
Гэтая праблема існуе на ўсёй пастсавецкай прасторы, бо са стратай звыклых і распрацаваных некалі сістэмных падыходаў да выхавання маладога пакалення, незваротна пакуль сышлі метады інтэлектуальнага ўздзеяння на розумы дзяцей.
У нашай краіне справы абстаяць, безумоўна, лепш. Гэтыя пытанні пастаянна знаходзяцца ў полі зроку педагагічных калектываў, маладзёжных грамадскіх арганізацый. Яны падымаюцца на пасяджэннях педагагічных саветаў, у час розных імпрэз і дыскусій.
Тым не менш, праблемы яшчэ застаюцца. Гэта звязана і з вывучэннем моў і атрыманнем ведаў па літаратуры, знізілася ўвага да чытання, розных інтэлектуальных гульняў.
Патрабуе, на мой погляд, большай увагі прапаганда ведаў па айчыннай гісторыі, нацыянальных традыцыях, каб не было такіх выпадкаў, як я прачытаў таксама ў сеціве, што выкладчыца мовы не магла дабіцца ў старшакласнікаў, як перакладаецца на беларускую слова “аіст”.
У свой час мы ўсе чыталі пра Мітрафанушку з п’есы Фанвізіна. Менавіта гэты літаратурны герой быў сімвалам невуцтва і непісьменнасці.
Дрэнна, калі ўніверсітэцкі прафесар пакажа гэткі прыклад сваім студэнтам.
І таму зусім небеспадстаўна гаварыць пра ролю пісьменнасці, не толькі арыентуючыся на адпаведны дзень у календары.

Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.