Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
06.10 Спорт.
В эфире: - Навіны спорту

Роздум. Верасень. Радыёблог Навума Гальпяровіча.

01 Сен 2016 0
Роздум. Верасень. Радыёблог Навума Гальпяровіча.

Вітаю вас, сябры, добрага ўсім дня!

Зноў верасень — 
Запаслівы грыбнік — 
Шчыруе па імшыстых баравінах. 
Трымціць раса на звонкіх павуцінах 
I травастою пах яшчэ не знік. 
Гэтыя радкі паэта Анатоля Грачанікава згадаліся мне сёння невыпадкова. Сапраўды, нябачная мяжа ўжо аддзяліла нас сёння ад спякотнага лета, хаця, як трапна заўважыў паэт, “травастою пах яшчэ не знік“, яшчэ зялёныя лісты на дрэвах, і сонца зусім па-летняму песціць нас у хвіліны з’яўлення з-пад аблокаў. 
Хораша пішуць нашы паэты! Увогуле, беларускай літаратуры ёсць чым ганарыцца. Але пра гэта крыху пазней, балазе, ёсць нагода – чарговы дзень пісьменства, што пройдзе ў Рагачове. 
Усё ж, першае верасня ў большасці з нас выклікае асацыяцыі, звязаныя з пачаткам навучальнага года. Усе мы былі першакласнікамі, многія пачалі свой далейшы жыццёвы шлях, паступіўшы ў ВНУ, а колькі сёння татаў і мам, бабуль і дзядуль павядуць дзетак на школьныя лінейкі! Першае верасня і свята настаўнікаў. Думаецца, для іх будзе прыемна ведаць, што іх праца цэніцца не толькі вучнямі і бацькамі. У Савеце міністраў прапанавалі даплочваць выкладчыкам з высокай кваліфікацыяй за аказанне дадатковых паслуг. Пра гэта, як паведаміла БЕЛТА, расказала віцэ-прэм’ер Наталля Качанава. І гэта толькі пачатак, бо пра ўсе меры, звязаныя з паляпшэннем дабрабыту настаўнікаў, Савет міністраў, як вынікае з паведамлення, вызначыцца да 1 лістапада. А ўвогуле школьнікаў у гэтым навучальным годзе будзе на 13 тысяч больш, чым летась. Атрымліваецца, што практычна кожны дзесяты жыхар краіны – школьнік. Гэта будучыня нашай незалежнай дзяржавы, і вельмі важна, каб за час вучобы юныя грамадзяне Беларусі атрымалі ўрокі не толькі матэматыкі ды фізікі, а і высокага патрыятызму, павагі і любові да айчыннай гісторыі і культуры, яе мовы, мастацкага слова. 
Якраз пра дасягненні і сённяшні стан айчыннага мастацкага слова будзе весціся рэй на чарговым дні беларускага пісьменства, які пройдзе ў гэтую нядзелю ў Рагачове.Тое, што кожны год гэтае свята праходзіць у новым месцы, невыпадкова. 
Літаральна кожны куток Беларусі так або інакш звязаны з кнігай, з літаратурай. Вось і Рагачоў пазначаны прысутнасцю знакамітага драматурга Андрэя Макаёнка, тут задумваў свае многія выдатныя творы Уладзімір Караткевіч, тут жылі, жывуць і працуюць многія майстры пяра. Бадай, пэўным выключэннем у гэтым чаргаванні гарадоў з’яўляецца Полацк, але гэта заканамерна, бо найстаражытнейшы горад краіны не толькі калыска беларускай дзяржаўнасці, а і радзіма такіх слынных постацяў нашай духоўнасці, якія вядомыя далёка за межамі Айчыны, як святая прападобная Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі. Літаральна днямі ў Міністэрстве культуры ішла зацікаўленая гаворка пра Полацк, у якой прынялі ўдзел вядомыя навукоўцы і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі Полацкага зямляцтва. Была выказана шчырая зацікаўленасць у тым, каб горад стаў сапраўдным духоўным цэнтрам дзяржавы, каб рос прыток турыстаў сюды з розных краін, каб актыўней ішла рэстаўрацыя гістарычных помнікаў, каб новыя цікавыя матэрыялы навукоўцаў і даследчыкаў мінуўшчыны увасобіліся ў кнігі, фільмы, карціны… 
Вельмі важна, каб і самі жыхары горада і наваколля годна неслі імя Полацка, каб юныя палачане з маленства атрымлівалі ўрокі любові да родных мясцін, бо па запаветах Скарыны, тыя, хто дзе нарадзіўся “да таго месца вялікую ласку маюць“. Пакуль жа шкада, што ў родным горадзе першадрукара крыху паблякла традыцыйнае вераснёўская скарынаўскае свята, куды штогод адмыслова прыязджалі вядомыя творцы. Палачане памятаюць выступленні каля помніка Скарыне Петруся Броўкі, Яна Скрыгана, Еўдакіі Лось, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Міхася Стральцова, Алеся Савіцкага, Генадзя Бураўкіна, многіх іншых знакавых дзеячаў айчыннага мастацкага слова, навукоўцаў, даследчыкаў. Слаўная гісторыя і ў полацкага літаратурнага аб’яднання “Наддзвінне“. 
Клопат пра Полацк, яго ролю ў духоўным жыцці краіны павінен аб’ядноўваць усіх, хто любіць і шануе свой край, і, безумоўна, тых, хто сёння на чале ўладаў раёна, бо гэты ўнікальны рэгіён мае асаблівае значэнне для самасвядомасці і гістарычнай памяці нашага народа. І тут важнае значэненне мае журналісцкага слова. 
А для нас, каналаў Беларускага радыё, сённяшні дзень знамянуе і пачатак новага вяшчальнага сезона. Мы думалі і стараліся вызначыць новыя напрамкі, каб наша слова ў эфіры было больш яркім і цікавым. 
Верасень толькі пачынаецца. Новых і радасных здзяйсненняў вам, сябры, яркіх і светлых уражанняў на кожны дзень! 
Усяго найлепшага! 
Да сустрэчы праз тыдзень! 

Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.