Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
10.10 "Музыка для ўсіх...
Сейчас в эфире:

Роздум. З вышыні алімпійскага п’едэстала. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

08 Дек 2016 0
Роздум. З вышыні алімпійскага п’едэстала. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Дзявятая школа ў Наваполацку, бадай, нічым незвычайным не вылучалася ад іншых школ маладога горада. Гэдак жа, як і да іншых у густанаселеным мікрараёне, сцякаўся сюды штораніцу з бліжэйшых шматпавярховак гаманкі жывы паток хлопчыкаў і дзяўчынак з ранцамі і партфелямі. На школьным стадыёне кіпелі футбольныя баталіі. І цяжка было ў тыя дзевяностыя гады мінулага стагоддзя ўявіць, што адзін з худзенькіх чарнявых хлапчукоў, што сядзеў за партай у адным з школьных класаў, будзе праз які-небудзь дзясятак год купацца ў воплесках на буйнейшых стадыёнах Рыма і Токіа, Парыжа і Сіднея, што пад гукі Дзяржаўнага гімна над яго спінай будзе горда ўздымацца сцяг маладой незалежнай Беларусі.
Пра гэта я згадаў чарговы раз, калі Вадзім Анатольевіч Дзевятоўскі, а менавіта пра яго я вяду гаворку, запрашаў мяне на фінал конкурса юных чытальнікаў вершаў народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча ў сталічны літаратурны музей Янкі Купалы, які паспяхова прайшоў учора пры ўдзеле ганаровых гасцей з творчых саюзаў і дзяржаўных устаноў краіны.
Але вершы, мастацкае чытанне і стадыёны буйнейшых гарадоў свету… і алімпійскі прызёр у кіданні молата… Якая тут сувязь паміж такімі рознымі гранямі чалавечай дзейнасці..?
Ды Вадзім Дзевятоўскі здолеў паяднаць такія, здавалася б, розныя рэчы.
Вось ужо сёмы год па яго ініцыятыве школьнікі Наваполацка прымаюць удзел у творчым спаборніцтве на чытанне вершаў беларускіх паэтаў. У іх выкананні гучалі радкі Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Уладзіміра Караткевіча, іншых айчынных творцаў. І калі сем гадоў таму ў фінал выйшлі трыццаць юных дэкламатараў, то ўчора ў мінскім музеі песняра сабраліся сто трыццаць юных талентаў са школ Полацка і Наваполацка.
Любоў да роднай мовы і літаратуры прыйшла да Вадзіма яшчэ ў школьныя гады. Дарэчы, тады ў маладым горадзе актыўна дзейнічала літаратурнае аб’яднанне “Крыніцы”, з якога выйшлі больш за дзясятак вядомых сёння паэтаў і празаікаў, ды і настаўнікі ў школе былі сапраўднымі спецыялістамі, вернымі прыхільнікамі роднага слова. Кажу, бо ведаю, у той час разам з Дзевятоўскім вучыліся і мае дзеці.
А Вадзім між тым усур’ёз захапіўся спортам. Перад вачамі быў узор брата, славутага водналыжніка, які заваёўваў медалі на многіх міжнародных спаборніцтвах.
І знясільваючыя трэніроўкі пад кіраўніцтвам трэнера Аляксея Дупіна прынеслі наваполацкаму хлопцу выдатны плён: сярэбраны прызёр чэмпіянату свету сярод юніёраў да 20 гадоў у 1996 годзе ў Аўстраліі, сярэбраны прызёр міжнароднага турніра ў Сіднеі. Займаў 4-е месца на XVIII Алімпійскіх гульнях у Афінах, 7-е месца на IX чэмпіянаце свету ў Парыжы.
На Летніх Алімпійскіх гульнях у Пекіне Вадзім Дзевятоўскі паказаў другі вынік і быў узнагароджаны сярэбраным медалём. Затым была доўгая зацятая барацьба ўжо не на спартыўных пляцоўках, а ў міжнародных судах... І Вадзіму ўдалося адстаяць уласны гонар, вярнуць сумленна заваяваны алімпійскі медаль.
Па словах самога Вадзіма Анатольевіча, роднае слова, вершы беларускіх паэтаў увесь час жылі ў яго душы, дапамагалі яму станавіцца не толькі майстрам у сваёй абранай галіне дзейнасці, а і сапраўдным патрыётам сваёй Радзімы.
Таму так арганічна ў чарговы раз на ўчарашняй імпрэзе гучала ў вуснах славутага спартсмена, дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага схода, кіраўніка Наваполацкай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” прыгожая родная мова, так шчыра і хораша дзякавалі яму настаўнікі і вучні, бо менавіта з яго ініцыятывы, пры яго актыўным удзеле адбылося чарговае свята беларускай паэзіі.
Думаецца, што гэта свята для наваполацкіх і полацкіх школьнікаў запоўніцца надоўга, бо сярод членаў журы былі славутыя людзі Беларусі,  а дзеці не толькі чыталі вершы, яны знаёміліся ў музейных залах з цудоўнай экспазіцыяй пра жыццёвы і творчы шлях класіка айчыннай літаратуры, знаёміліся з выдатнасцямі нашай сталіцы.
Урэшце, самае галоўнае, што яны атрымалі незаменны ўрок патрыятызму і гордасці за родны край, дакрануліся да глыбокіх крынічных вытокаў айчыннага пісьменства...

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.