Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
16.00 Навіны.
В эфире:

Роздум. Загадкі полацкай Сафіі. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

01 Дек 2016 0
Роздум. Загадкі полацкай Сафіі. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзімір Цялежнікаў прыслаў мне па электроннай пошце некалькі слайдаў з выявай Сафійскага сабору ў Полацку ў 12-16 стагоддзях. Гэтую гістарычную рэканструкцыю ён распрацаваў з групай энтузіястаў - гісторыкаў, архітэктараў, мастакоў. Яны зрабілі рэканструкцыю паводле вывучэння розных крыніц, у тым ліку старажытных летапісаў і сведчанняў падарожнікаў таго часу.
А сёння хіба велічны храм полацкай Сафіі не адпавядае задуме першабудаўнікоў, запаветнай мары полацкага князя Усяслава ? – запытаецеся вы. У тым і справа, што не зусім. Хоць полацкі Сафійскі сабор, бадай, самы вядомы беларускі помнік сакральнага дойлідства. Храм быў пабудаваны ў XI стагоддзі ўслед за Кіеўскай і Наўгародскай Сафіямі. Сафійскі сабор ХI стагоддзя быў асаблівым узорам старажытнарускага дойлідства. З храмамі ў Кіеве і Ноўгарадзе яго аб’ядноўвалі крыжова-купальная сістэма, 5 нефаў, галерэі. Але былі і свае ўнікальныя рысы, напрыклад: сем купалоў храма, што сімвалізавала сем Усяленскіх царкоўных сабораў (у Кіеўскай Сафіі было 13 купалоў, у Наўгародскай – 5).
У ХI стагоддзі Полацкая Сафія стала грандыёзным збудаваннем – 26,4 м у шырыню, 31,5 м у даўжыню і вышынёй 31 м. Таўшчыня сцен дасягала 2,3 м.
Падчас Паўночнай вайны 1700-1721 гадоў у прытворы храма быў размешчаны парахавы склад, які паўстаў па загадзе царскага імператара Пятра І. 1 мая 1710 года склад узарваўся, пасля чаго Сафійскі сабор быў цалкам разбураны і праляжаў у руінах да 1738 года. У сярэдзіне XVIII стагоддзя сабор быў адноўлены ўніятамі ў стылі віленскага барока.
Да нашых дзён часткова захаваліся старадаўнія фрэскі, у тым ліку “Спас Нерукатворны” і копія знакамітай работы Леанарда да Вінчы "Тайная вячэра".
Вялікая рэстаўрацыя сабора была праведзена ў 70–80-я гады ХХ стагоддзя. А ў 2010–2013-х у ходзе рэканструкцыі храма абнавілі дах, фасад і аконныя праёмы.
Сёння полацкі Сафійскі сабор – гэта музей гісторыі архітектуры і канцэртная зала, дзе перыядычна адбываюцца канцэрты арганнай музыкі. Гэта адзін з самых наведваемых музеяў у Беларусі.
Тым не менш, далёка не ўсе таямніцы полацкай Сафіі яшчэ разгаданы. І гэта тычыцца не толькі пачатковага выгляду храма, бо ўзнавіць яго можна толькі па апісаннях, дайшоўшых да нас. Таямніца неразгаданая і лёсу бібліятэкі Сафійскага сабора.
Тут захоўваліся не толькі рукапісныя кнігі, але і арыгінальныя помнікі старажытнарускай літаратуры. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што якраз тут захоўваўся і легендарны Полацкі летапіс. У 16-м стагоддзі бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора стала самай багатай і шырока вядомай на беларускай зямлі. Але ў часы Лівонскай вайны, калі храм быў разбураны, яна бясследна знікла.
Ёсць некалькі версій. Па адной з іх яна трапіла ў Маскву, па іншай – у Польшчу. А Вацлаў Ластоўскі ў гістарычнай аповесці “Лабірынты” скарыстаўся рамантычнай легендай, што яна захоўваецца ў таямнічых полацкіх падземных сховішчах, куды вядуць хады, якія ўсе полацкія хлапчукі, у тым ліку і я, шукалі ў свае дзіцячыя гады.
У наступным годзе ў Полацку пройдзе Дзень беларускага пісьменства. Яго асноўнай дамінантай стане 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, пачатак якому паклаў палачанін Францыск Скарына. Хацелася, каб і лёс бібліятэкі Сафійскага сабора стаў прадметам навуковых дакладаў, каб увогуле не толькі святочнымі падзеямі прывабліваў самы старажытны горад краіны шырокую грамадскасць.
Сёння мы ўсе ўсвядомілі, што Полацк – гэта не толькі калыска беларускай дзяржаўнасці, гэта духоўная калыска беларускага народа.
Асабліва гэта важна, калі мы сталі большую ўвагу ўдзяляць айчыннай гісторыі, светапогляду і ментальнасці народа.
А Полацк дае магчымасць глыбей зазірнуць у мінулае, каб убачыць будучыню  роднага краю.
І тут трэба актывізавацца не толькі аматарам, вучоным і краязнаўцам. А многім дзяржаўным структурам, у тым ліку самога Полацка. Думаю, мы не раз яшчэ вернемся да гэтай тэмы.

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.