Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
09.33 Раніца з Беларус...
В эфире:

Розгалас. Рознымі шляхамі па адной веладарожцы... Радыёблог Максіма Угляніцы

19 Сен 2016 0
Розгалас. Рознымі шляхамі па адной веладарожцы... Радыёблог Максіма Угляніцы

Вітаю вас!
У гэтыя дні праходзіць Еўрапейскі тыдзень мабільнасці. Праект усё больш папулярны ў свеце. Далучыліся да яго і многія беларускія гарады, у тым ліку Мінск. Сталічны мэр Андрэй Шорац так растлумачыў сэнс удзелу ў акцыі – гэта чарговы крок да таго, каб мінчане больш актыўна карысталіся веласіпедамі, грамадскім транспартам, іншымі сродкамі перамяшчэння – карацей, абы не аўтамабілямі. У выніку Мінск стане яшчэ больш экалагічна чыстым і камфортным.  
Фіналам акцыі стане вячэрні велапрабег па горадзе – ад вуліцы Леніна да Нацыянальнай бібліятэкі. На веласіпедах з падсветам – упэўнены, гэта будзе вельмі прыгожа!
Здавалася б, суцэльнае свята для аматараў транспарту на двух колах. Дэвізам маглі б стаць словы «Усе – на веладарожку!». І толькі адно не дае мне шчыра парадавацца за веласіпедыстаў. Нядаўняя гісторыя ў Мінску, якая атрымала шырокі #розгалас у грамадстве і ў інтэрнеце.
Нагадаю яе тэзісна. Адным чэрвеньскім днём на адной са сталічных веладарожак не разышліся Анатоль Грынкевіч і Васіль Дземідовіч. Першы - на веласіпедзе - спяшаўся з працы дамоў, другі – пешаход – упэўнена крочыў па веладарожцы. Калі іх паралельныя перасякліся, веласіпедыст упаў, а потым дастаў бейсбольную біту, якая была ў яго з сабой, і ўдарыў пешахода па галаве. У выхаваўчых мэтах. Каб не хадзіў там, дзе не трэба. Пры гэтым, кажучы сухой юрыдычнай мовай, нанёс «менш цяжкія цялесныя пашкоджанні».
Днямі суд вынес вердыкт – пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама Грынкевіч павінен выплаціць пацярпеламу Дземідовічу кампенсацыю каля пяці тысяч долараў у эквіваленце. Абвінавачаны (з чыёйсьці лёгкай рукі да яго прыляпілася мянушка «бейсбаліст») сваю віну прызнаў і папрасіў прабачэння. У бакоў ёсць яшчэ некалькі дзён, каб абскардзіць прысуд.
Навіна выклікала проста шквал каментарыяў і абмеркаванняў на форумах і ў сацыяльных сетках. Публіка падзялілася – праўда, не пароўну. Большасць лічыць – працэс атрымаўся паказальным. Цяпер, маўляў, многія задумаюцца – як нельга паводзіць сябе ў грамадстве. Біты, нажы і іншыя траўматычныя пісталеты – не сродак самаабароны і не метад выхавання. Закон суровы, але гэта закон.
Іншыя парыруюць – ёсць жа гісторыі, калі за больш цяжкія злачынствы давалі меншыя тэрміны. І ўвогуле, галоўная мэта любога крымінальнага пакарання – выпраўленне злачынцы. Ці не зашмат пяць гадоў для выпраўлення раней не судзімага маладога чалавека, які да таго ж ужо за кратамі стаў бацькам?
Думаю, трэба сказаць пра некалькі момантаў.
Па-першае, рашэнне суда (калі яно ўступіла ў сілу) законнае. І кропка. Па-другое, асудзілі не бязвіннага чалавека. Бітай па галаве – гэта адназначна не метад. Памятаеце, што казаў знакаміты савецкі кінагерой капітан Жэглоў? «Наказания без вины не бывает!» І гэта ж ён меў на ўвазе пакаранне не толькі ў юрыдычным сэнсе! Так і на форумах пішуць у адрас абвінавачанага: «эмоцыі – не апраўданне, на эмоцыях можна і чалавека забіць! Што, калі і далей вырашаў бы жыццёвыя праблемы з дапамогай біты? Вось, маўляў, няхай і пасядзіць, пакуль не навучыцца кантраляваць свае эмоцыі».
Але мяне – як сапраўднага велааматара – у гэтай гісторыі непакоіць іншае. А што калі многія ўспрымуць такі вердыкт суда як індульгенцыю? “І мне так можна”. Я не пра біту – а пра тое, што можна парушаць правілы і шпацыраваць па веладарожках. Не зважаючы на іншых. Перашкаджаючы руху. Ствараючы патэнцыйна небяспечныя сітуацыі  
Той, хто любіць пакруціць педалі, я ўпэўнены, не раз сустракаўся на веладарожках з няпрошанымі гасцямі. Гэта людзі, пешаходы, якія свядома заходзяць туды, дзе іх нагі быць не павінна. Я падкрэсліваю – свядома! Паверце, гэта адразу заўважна. Бывае, іх нават за рукі хапаюць, знаёмыя або родныя: маўляў, адыйдзі, перашкаджаеш, людзі ж ездзяць! Не – застаюцца непахісныя, як скала. Едзеш на такога, а ён глядзіць з пад ілба, увесь такі брутальны, і ў вачах: «Ну што ты зробіш? Аб'едзеш, не трамвай!»
Канечне, аб'еду. Толькі не разумее, небарака – на такой хуткасці, з якой едзе веласіпед, усялякае можа здарыцца, а там, як кажуць у народзе – вялікая шафа грамчэй падае.
Як гуляюць з агнём і некаторыя маці: самі ў смартфоне, а дзеці – побач з веладарожкай або проста на ёй. Спрагназаваць іх дзеянні часам немагчыма. Пераключыў увагу на некалькі секунд – і трагедыі не пазбегнуць. Ніякія тармазы не дапамогуць. І каго потым вінаваціць?
Дык вось пытанне – як жа навучыць усіх гэтых людзей? Бітай па галаве – гэта адназначна злачынства, дый не па-чалавечы. Словам? На жаль, многія не зразумеюць.
Можна, канечне, прыгадаць вопыт некаторых еўрапейскіх краін. Там усё проста – зайшоў на веладарожку, можаш атрымаць дзясяткі еўра штрафу. Зрэшты, і веласіпедысты там часцей за ўсё могуць рухацца па праезнай частцы. На тратуарах, побач з пешаходамі, яны не з’яўляюцца. Памятаю, як у адным з інтэрв'ю прадстаўнік Беларусі на “Еўрабачанні” у Даніі Тэа вельмі эмацыйна дзяліўся ўражаннямі ад, напэўна, самай веласіпеднай краіны Еўропы – для веласіпедаў там паркінгі на некалькі паверхаў! А пешаходаў настолькі не шкадуюць, што гатовы ледзь не ўсе рэбры зламаць чалавеку, які толькі заступіў на веладарожку!  
У Еўропе нават ёсць спецыяльныя вагоны ў цягніках для пасажыраў з веласіпедамі. А Амстэрдам праславіўся сваёй гасцініцай выключна для веласіпедыстаў. Але ўсё ж такі будзем шчырыя: веласіпедная культура ў гэтых краінах развіваецца не адзін дзясятак гадоў. У нас у гэтым сэнсе ўсё толькі пачынаецца!
Зрэшты, ужо зараз у Беларусі – больш за паўтара мільёна ўладальнікаў “двухколавых сяброў”. Толькі ў Мінску – каля паўмільёна веласіпедаў. Канечне, падлікі прыблізныя. Але тэндэнцыя зразумелая – лічбы будуць толькі павялічвацца. Ды вы і самі ўсё бачыце, калі выходзіце на вуліцу – велааматараў усё больш!
А значыць усё больш будзе патэнцыйна канфліктных сітуацый – не толькі на веладарожках, але і на тратуарах, і на аўтадарогах. Бо ў пешаходаў і аўтааматараў – свае доўгія спісы прэтэнзій да веласіпедыстаў. Часам абгрунтаваных – аднаго майго калегу ў самым цэнтры Мінска (у вельмі людным, дарэчы, месцы) так штурхнуў веласіпедыст, што той пасля некалькі месяцаў правёў у гіпсе.
Значыць, няма іншага выйсця, як вырашаць любыя канфлікты. Натуральна, без біты. Якім чынам? - вырашайце самі. Як кажуць, Правілы дарожнага руху – вам у дапамогу. Галоўнае зразумець – нам, пешаходам, веласіпедыстам, аўтамабілістам – наканавана жыць разам, часам і на адной дарозе. Нават калі мы рухаемся па ёй рознымі шляхамі.

Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.