Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
07.00 "Радыёфакт".
В эфире:

Розгалас. У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу... Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

26 Ноя 2016 0
Розгалас. У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу... Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Кажуць, у жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу. Дарэчы, гэтая фраза – не зусім дакладная цытата з аднаго вядомага літаратурнага твору. Што за ён – раскажу пазней. Але само слова «подзвіг», мне здаецца, сёння часцей ужываюць у пераносным сэнсе. Адпаведна, і герой сёння – гэта, хутчэй, герой якой-небудзь публікацыі, чым герой у першасным – сапраўдным – сэнсе.
Хтосьці скажа: сапраўдныя героі і іх подзвігі засталіся ў часах Вялікай Айчыннай вайны. А сёння іншыя часы, і дзякуй Богу! Але ж вы памятаеце: заўсёды ёсць месца. Подзвігу. І ў ваенным жыцці, і ў мірным.
У гэты панядзелак, 28 лістапада, 58 гадоў споўнілася б Уладзіміру Карвату. Першаму Герою незалежнай Беларусі. Ваенны лётчык першага класа, падпалкоўнік Уладзімір Карват загінуў у маі 1996-га пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёта. Ён адвёў падаючы самалёт ад населенага пункта. За што і быў пасмяротна ўзнагароджаны званнем «Герой Беларусі».
Упэўнены, многія ведаюць гэтае імя. А вось усе падрабязнасці здарэння, хутчэй за ўсё, не памятаюць. Але ж гэта той выпадак, калі іх трэба нагадваць зноў і зноў. Не стамляцца пераказваць гісторыю пра подзвіг Карвата, каб яе ведалі нават школьнікі, не кажучы пра дарослых. Добра было б, каб на такіх прыкладах выхоўваліся юныя беларусы.  
Уладзімір Карват нарадзіўся ў Брэсце, а вось большую частку службы правёў у Расіі. Спачатку вучыўся ў Армавірскім вышэйшым ваенна-авіяцыйным вучылішчы лётчыкаў, пасля служыў на Далёкім Усходзе. Аднак, пасля распаду Савецкага Саюза пажадаў вярнуцца ў Беларусь. У 1994-ым прыняў прысягу і быў прызначаны начальнікам паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 61-ай авіябазы, што ў Баранавічах.
Вечарам 23-га мая 1996-га года Уладзімір Карват выконваў вучэбна-трэніровачны палёт на самалёце Су-27 у Баранавіцкім раёне. У 22.52, калі самалёт ляцеў на вышыні 900 метраў, загарэлася табло папярэджання аб падзенні ціску ў першай гідрасістэме. Праз паўхвіліны гэтае паведамленне знікла, але неўзабаве з'явіліся сігналы пра іншыя пашкоджанні. Адмовіла сістэма кіравання. Карват звязаўся з зямлёй і атрымаў каманду пакінуць самалёт. Але яго спыніла тое, што па курсе падзення знаходзіліся жылыя пабудовы вёскі Арабаўшчына. Пілот не катапультаваўся, да апошняга моманту спрабуючы адыйсці ў бок ад вёскі і такім чынам пазбегнуць магчымых ахвяр.
У 22.54 самалёт упаў на зямлю з вертыкальнай хуткасцю каля 30 м/сек. Пасля высветлілі: прычынай катастрофы стаў пажар у адным з адсекаў, які раней лічыўся пажарабяспечным, таму ніякіх датчыкаў папярэджання аб узгаранні там не было.
Як потым напісалі ва ўзнагародным лісце: «За 14 секунд да падзення самалёта лётчык далажыў, што машына некіруемая, разам з тым становішча лётчыка ў кабіне пасля сутыкнення з зямлёй... сведчыць: усе гэтыя 14 секунд палёту падпалкоўнік Карват, выкарыстоўваючы мінімальныя магчымасці ўздзеяння на самалёт, працягваў адводзіць яго ў бок ад вёскі». Кажучы прасцей, падпалкоўнік да апошняга трымаў ручку кіравання. І яго рука не зварухнулася. Усё атрымалася, як разлічваў: машына ўпала ў полі паміж вёскамі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча...
Амаль што ў гэтыя ж лістападаўскія дні, толькі 20 гадоў таму, выйшаў указ Прэзідэнта аб узнагароджанні Уладзіміра Карвата медалём Героя Беларусі. Імем падпалкоўніка названы вуліцы ў Мінску і Брэсце, сквер у Баранавічах, брэсцкая школа.  
Часам журналісты прыязджаюць у Арабаўшчыну, зараз гэта аграгарадок. Яны сведчаць: многія жыхары і сёння захоўваюць памяць пра чалавека, які некаторым з іх дакладна падарыў другі дзень нараджэння. У цэнтры Арабаўшчыны стаіць помнік Уладзіміру Карвату, праект манумента прыдумалі самі жыхары – копія таго самага Су-27, на якім Карват здзейсніў свой апошні палёт.  
Тут дарэчы будзе прыгадаць выпадак, які адбыўся ў 2009-ым годзе. Тады два беларускія лётчыкі Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч на авіяшоў у Польшчы таксама імкнуліся адвесці няспраўны самалёт далей ад польскіх вёсак. Яны не катапультаваліся і загінулі.  
Так што не праўдай будзе сказаць: героі засталіся толькі на старонках кніг пра Вялікую Айчынную вайну. Ёсць яны і сярод нас. Хоць, па шчырасці, лепш увогуле не здаралася б такіх сітуацый, якія ў выніку нараджаюць герояў!
Што да фразы, з якой я пачынаў сённяшнюю размову, то гэта цытата з вядомага апавядання Максіма Горкага «Старуха Ізергіль». Вуснамі старой жанчыны, якая расказвае пра аднаго са сваіх любімых мужчын, аўтар заўважае: «Ён любіў подзвігі. А калі чалавек любіць подзвігі, ён заўсёды зможа іх учыніць і знойдзе, дзе гэта можна. У жыцці, ты ведаеш, заўсёды ёсць месца подзвігам. І тыя, хто не знаходзіць іх для сябе, - тыя проста гультаі і баязліўцы, або не разумеюць жыцця, таму што, калі б людзі разумелі жыццё, кожны жадаў бы пакінуць пасля свой цень у ёй...».
Уладзімір Карват, першы Герой Беларусі, дакладна пакінуў у жыцці свой след. Давайце памятаць пра гэта не толькі ў дзень яго нараджэння.

Каментарыі

Каментарыяў пакуль няма
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.