Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
09.12 Раніца з Беларус...

Прямой эфир

В эфире: Трофимов Сергей (Трофим) - Интернет

«Розгалас. «Вялікі Брат» крочыць па планеце». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

09 Июл 2019 0
«Розгалас. «Вялікі Брат» крочыць па планеце». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Памятаеце вядомы жарт: «Нават калі ў вас паранойя, гэта яшчэ не значыць, што за вамі не назіраюць»? Ну як жарт… Насамрэч, чым далей, тым усё больш рэальнай становіцца гэтая фраза. А я чарговы раз прыгадаў яе, калі прачытаў адразу некалькі навін. Іх можна было б аб'яднаць пад загалоўкам «Вялікі Брат сочыць за табой» у духу Джорджа Оруэла, але ёсць адна акалічнасць… У гэтых навінах фігуруюць настолькі ўжо дэмакратычныя краіны, што нават неяк няёмка пра таго Оруэла казаць! Але давайце па парадку.
Пэўны час таму брытанская карпарацыя ВВС распаўсюдзіла відэа пра жыхара Лондана. Ён ішоў сабе па вуліцы, а пасля заўважыў паліцэйскія камеры з сістэмай распазнання асоб і вырашыў схаваць свой твар за світарам. Але не дапамагло: яго затрымалі, усё роўна сфатаграфавалі ды яшчэ і ўляпілі штраф 90 фунтаў за «непрыстойныя паводзіны». Трэба, канечне, чуць, як той мужчына на відэа лаецца на паліцэйскіх і задае рытарычныя пытанні: «А што калі на вуліцы холадна, і я проста вырашыў так сагрэцца?»
Дзеля справядлівасці адзначым: акцэнт у мужчыны не зусім брытанскі і знешне ён вельмі падобны на выхадца з пэўных ісламскіх краін. А Лондан добра памятае тэракты, учыненыя радыкальнымі ісламістамі. Але што гэта ўсё даказвае ў канкрэтным выпадку? Гэта толькі падстава для падазрэння і не больш. А яшчэ – для жорсткіх спрэчак (чым многія і займаюцца): што важней, меркаванні бяспекі або прыватнае жыццё. Ну вось не жадае канкрэтны чалавек, каб яго твар здымалі спецыяльныя камеры – але як без гэтага патэнцыйных злачынцаў вылічыць? Пытанне без адказу.
Зрэшты, у Кітаі такія сістэмы распазнання асоб ужо не першы год актыўна ўкараняюцца ў вялікіх гарадах. Больш за тое, да адпаведных тэхналогій прывучаюць з маленства – прыклад чаму я ўбачыў на іншым відэа ў інтэрнэце. Там расказваюць пра сістэму распазнання ў пачатковай школе Шэньчжэня. На ўваходзе – нешта накшталт турнікетаў у метро са спецыяльнымі экранамі. Школьнікі падыходзяць да іх, дэманструюць твар, сістэма яго распазнае – уваход адкрыты. Думаю, калі дзеці вырастуць, у іх ужо нават не будзе пытанняў, нармальна гэта ці не.
Тым часам усё больш краін уводзяць у практыку выбарачна правяраць на мяжы або пры мытным кантролі змест смартфонаў і ноутбукаў турыстаў. Найперш цікавяць фотаздымкі і спісы кантактаў. У ЗША або Канадзе, калі вы адмовіцеся даць паролі ад гаджэтаў, у вас могуць проста забраць іх больш чым на тыдзень. Натуральна, могуць і ў краіну не пусціць. А ў Новай Зеландыі мытнікі атрымалі права выпісаць штраф да 5-ці тысяч долараў за такую адмову. Прадстаўнікі спецслужбаў апраўдваюць гэтыя меры зноў жа меркаваннямі бяспекі. Але, што цікава, не раскрываюць - дзе ж захоўваюцца даныя, атрыманыя з гаджэтаў турыстаў і хто мае да іх доступ. А там жа могуць быць запісы асабістых урачоў, іншая абсалютна прыватная інфармацыя. У сваю чаргу спецыялісты заўважаюць: сёння толькі злачынца-вар'ят будзе захоўваць небяспечную інфармацыю ў сваім смартфоне. Для гэтага ён хутчэй скарыстаецца воблачнымі тэхналогіямі. І атрымліваецца: сапраўднага злачынцу новыя правілы ніяк не спыняць, а вось добрапрыстойныя вандроўнікі могуць атрымаць шмат нязручнасцей.
Вам гэта ўсё больш нагадвае эпізоды за знакамітага серыялу «Чорнае люстэрка»? Тады вось яшчэ адна навіна з Кітая, які можна лічыць піянерам у выкарыстанні такіх тэхналогій. У Паднябеснай усё больш шырока выкарыстоўваюцца спецыяльныя сэнсары, якія сочаць за работай мозгу людзей. Найперш іх усталёўваюць супрацоўнікам некаторых прадпрыемстваў, ваенным і вадзіцелям хуткасных цягнікоў. У прыватнасці, як піша выданне «South China Morning Post», такія дэвайсы рэгулярна носяць машыністы на хуткаснай чыгунцы Пекін-Шанхай. Іх усталёўваюць проста пад фуражку або ў шлем. Штучны інтэлект з дапамогай датчыкаў вызначае, ці няма ў работнікаў адхіленняў ад нормы – трывогі, прыгнечанасці або злосці. Кіраўніцтва кампаній пасля аналізуе даныя і можа карэкціраваць, напрыклад, працягласць перапынкаў падчас работы, каб здымаць псіхічную напружанасць супрацоўнікаў. Кітайскія навукоўцы, якія вывучаюць дзейнасць мозгу, расказваюць: «Калі сістэма выносіць папярэджанне, менеджар просіць работніка ўзяць выхадны або перайсці на іншую пасаду. Некаторыя работы патрабуюць высокай канцэнтрацыі – надзвычай эмацыйны чалавек можа паўплываць на ўсю вытворчую лінію! Тут няма месца для памылкі». Некаторыя кампаніі сцвярджаюць: новаўвядзенні дазволілі ім павялічыць выручку на дзясяткі мільёнаў юаняў. Падобныя тэхналогіі ўжываюць і ў іншых краінах, толькі не ў такіх маштабах.
Так што хочаце вы – не хочаце, ёсць вы ў інтэрнэце – няма вас у інтэрнэце, а новыя тэхналогіі абавязкова прыйдуць у ваша жыццё. Відаць па ўсім, яны вас і ў магазіне дастануць! Амерыканскія супермаркеты зараз тэсціруюць так званыя «разумныя паліцы». Працуе гэта так: ходзіце вы па магазіне, выбіраеце штосьці на паліцах, а непрыкметная камера ацэньвае ваш пол і ўзрост, гэта аналізуе штучны інтэлект, а далей экран паказвае вам адпаведную рэкламу. Можна нават ля ўваходу ў краму камеры паставіць: пад'язджаеце, напрыклад, на сямейным аўтамабілі – убачыце рэкламу пэўных тавараў для сям'і. Да таго ж, спецыяльныя датчыкі могуць сачыць – на якіх таварах ваш позірк спыняецца на больш працяглы час, і пасля зноў і зноў паказваць вам іх рэкламу на экранах. Або на касе: маўляў, глядзіце – пашкадавалі вы грошай на гэта, хоць так доўга разглядалі, дык вось вам тое ж самае, толькі са скідкай. Ну і хто тут зможа выстаяць і не купіць?! Зрэшты, такія фокусы з намі даўно праводзяць онлайн, дзіўна было б, каб іх не перанеслі і ў рэальнае жыццё.
Карацей, тое, што ўчора здавалася фантастыкай, ужо заўтра будзе рэальнасцю. А магчыма, нават і сёння. Добра гэта ці дрэнна – вырашайце самі. Бо зрабіць штосьці з гэтым вы наўрад ці зможаце. Хіба што толькі сабрацца разам, усё насельніцтва планеты, і сказаць: стоп! Хопіць з нас гэтых тэхналогій! Хочам як раней! Але пакуль большай фантастыкай выглядае якраз такі варыянт.

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.