Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
20.02 "Вітаем, віншуем...
В эфире: Королев Виктор & Круг Ирина - Букет из белых роз

“Сустрэчы з песняй”, 12.11.2016 (аўдыё)

14 Ноя 2016 0
“Сустрэчы з песняй”, 12.11.2016 (аўдыё)

Сябры! У нашай праграме зноў гучаць вашы любімыя мелодыі і ўспаміны пра самыя лепшыя жыццёвыя моманты, звязаныя  з незабыўнымі песнямі.

Чытаю першы ліст. Яго даслаў Міхаіл Еўстафьевіч Кянько з вёскі Асіногарадок Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці.
”Аднойчы я перабіраў свае пласцінкі і знайшоў сярод іх даўно забытую, з песняй “Белым снегом” у выкананні Уральскага народнага хору. Хачу пачуць гэту песню ў вашай перадачы. Да мяне далучаюцца сям’я Сівіцкіх з горада Глыбокае: Алена Міхайлаўна, Уладзімір Валянцінавіч, Настасся Уладзіміраўна, а таксама Галіна Антонаўна з вёскі Гулідава Глыбоцкага раёна. Мы  даўно не чулі гэту песню. Думаю, яна спадабаецца ўсім слухачам”.

А гэты ліст з Рагачова. Яўген Рыгоравіч Казачэнка піша:
“Слухаю вашу перадачу, успамінаю сваіх сяброў па армейскай службе. А служылі мы на Чукотцы ў 1951-55-м гадах. Так здарылася, што пры развітанні я не паспеў абмяняцца з імі адрасамі. А ўсе мае аднапалчане – беларусы. Мы служылі на радыёстанцыях, пеленгатарах, абслугоўвалі палёты самалётаў. Мы – гэта Мікалай Сячко, Леанід Грыбко, Леанід Акуліч, Іван Бандыка, Яўген Сухавей, Аркадзь Васьковіч. І яшчэ хачу ўспомніць Пятра Савіцкага, Мікалая Саўчанку, Паўла Дзяшковіча, Івана Сакалова. Калі ласка, перадайце для ўсіх маіх сяброў песню са словамі: ”Белоруссия родная, Украина золотая”. Пад гэту песню мы хадзілі строем падчас службы на Чукотцы”.
(“Песня красных полков”)

Пісьмо Надзеі Аляксандраўны Бандарэвіч з горада Дзяржынска Мінскай вобласці.
“Дзякуй за радасць сустрэчы з песнямі маёй маладосці. Ваша перадача для мяне – свята. Слухаю, узгадваю ўсё новыя і новыя мелодыі. Прашу вас уключыць у перадачу песню “Что тебе подарить”, музыку напісаў Раман Маёраў, аўтар слоў – Аляксандр Жыгараў і Сяргей Аліханаў. А спяваў яе Мікалай Карачанцаў”.

Чытаю наступны ліст.
“Піша вам пастаянны слухач Іван Канстанцінавіч Галубовіч з вёскі Межная Слабада Клецкага раёна. Мне ўжо 87-ы год. Вельмі сумна ад таго, што наша вёска паступова “заціхае”. Даўно ўжо няма школы, знесены будынак сельскай бібліятэкі,  зачынены магазін… Ваша перадача – аддушына для нас, пажылых людзей. Менавіта яна вяртае нас кожную суботу ў незабыўныя гады далёкай маладосці. Хацелася б паслухаць песню са словамі: ”Если на празднике с нами встречается несколько старых друзей, всё, что нам дорого, припоминается, песня звучит веселей”.
(Песня “Наш тост”)

Па просьбе нашай слухачкі з горада Дзятлава Марыі Іванаўны Шымук у нашай перадачы гучыць песня “Любимая” у выкананні Мікалая Гнацюка.

Пісьмо Зінаіды Раманаўны Зюлікавай (дзявочае прозвішча – Антоненка) з Мінска.
“Вельмі люблю вашу перадачу і чакаю яе з нецярпеннем, каб пачуць і не прапусціць любімую мелодыю. Некаторыя песні пакідаюць радасць, а іншыя прыносяць сум, бывае так, што і слёзы з’яўляюцца. Вясной гэтага года я спынілася перад уваходам на станцыю метро “Трактарны завод”, каб палічыць грошы на жэтон. У гэты час з метро выходзілі людзі. Раптам чую мужчынскі голас: ”Вам дапамагчы?” Я адказала: ”Вялікі дзякуй, не трэба”. Тады ён называе маё імя, пачалася размова, і толькі потым я пазнала ў ім хлопца, з якім сустракалася ў 60-ыя гады. Сустракаліся рэдка. Пасля дэмабілізацыі  ён паступіў у інстытут на вячэрняе аддзяленне і працаваў на заводзе. Размова ў нас была доўгая, успаміналі мінулае, але яго не вернеш. Я сустрэла свайго будучага мужа, а хлопец працягваў вучыцца і працаваць, а потым ажаніўся. Перадайце, калі ласка, песню, у якой ёсць словы: ”Мы не скупились на обидные слова. Я был не прав, была ты тоже неправа”…
(Песня “Листопад”)

Іван Пятровіч Якубель з горада Ашмяны піша:
“Слухаю вас пастаянна, і мне часта здаецца, што ў нас забыта слова “цаліна”. Памятаеце, калі яно грымела па ўсёй краіне: складаліся песні, здымаліся кінафільмы, моладзь ехала за рамантыкай. Але потым новыя падзеі засланілі цаліну. І гэта несправядліва,бо былі подзвіг, цяжкая праца. У канцы 50-х, пасля вучобы ў Навагрудскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы, нашу групу адправілі ў Казахстан. Помню сваіх сяброў па працы ў саўгасе “Зарэчны”: Грышу Адамовіча, Юзіка Лахманкова, Мікалая Пярловіча. Уключыце, калі ласка, у перадачу песню, дзе ёсць такія словы : ”Вьётся дорога длинная, здравствуй, земля целинная…” Няхай яна напомніць нам нашу маладосць”.
(Песня “Едут новосёлы”)

Наступны ліст даслаў Павел Паўлавіч Каролік з Гомеля.
“На будаўніцтве газаправода Месаяха-Нарыльск на пачатку 80-х  на трактары  Т-100 працаваў мой сябар Мікалай Лагуноў, вазілі  мы грузы. Да трактара  прымацоўвалі сані і ехалі за 120 кіламетраў туды і назад. Хуткасць – 10-12 кіламетраў за гадзіну. Працавалі па чарзе: адзін – у паездцы, другі – адпачывае. Аднойчы, калі я быў у дарозе, замёрзла паліва, а мароз 40 градусаў з ветрыкам. Пакуль спрабаваў прагрэць матор, замёрз, хоць і адзенне было цёплае: унты, штаны футравыя, паўшубак. Паспеў толькі зліць ваду і сеў чакаць спадарожную машыну. Мароз, хіліць да сну, а калі заснеш – замерзнеш. Каб галава не апускалася на грудзі, я  пад бараду падставіў адвёртку. Некалькі разоў здавалася, што з'явілася машына, але адкрываў дзверы, а там толькі вецер завываў. На шчасце праязджаў трубавоз "Урал", і як толькі я залез у цёплую кабіну, адразу заснуў.
Прачнуўся ў бальніцы з абмаражэннем твару. Прашу вас выканаць для Мікалая Лагунова песню Уладзіміра Высоцкага  “Дорожная история”.

Па просьбе нашай слухачкі Валянціны Нікіцічны Войчанка з Гомеля зараз прагучыць песня Барыса Рубашэўскага на словы Іны Кашэжавай “Позови меня на свадьбу” у выкананні Марыі Лукач.

Чытаю наступнае пісьмо.
“Да вас звяртаецца Аляксандр Дзмітрыевіч Ціханскі з Мінска. Амаль заўсёды слухаю вашу перадачу. Больш за ўсё слухачы ўспамінаюць маладосць, час, калі ўсё здавалася дасягальным, не было яшчэ тых паўсядзённых клопатаў, якія сустрэнуць у дарослым жыцці. Вось і мне хочацца прыгадаць студэнцкія гады. Мінула ўжо амаль 45 гадоў, як я скончыў біёлага-хімічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Забыліся цяжкасці, памятаю толькі добрае. І ў першую чаргу выкладчыкаў: Анатоля Іванавіча і Ўсевалада Анатольевіча Радкевічаў, Галіну Захараўну Бакаеву, Яўгенію Аляксандраўну Ліцвянкову,Тамару Міхайлаўну Раменка, Вольгу Рыгораўну Радыёненка, Ларысу Рыгораўну Каім, Людмілу Якаўлеўну Гарнастаеву (куратар нашай групы), Рудольфа Крышавіча Гобзема, Вячаслава Міхайлавіча Макарэўскага, Міхаіла Іванавіча Крошчанку. Нельга забыць лекцыі, практычныя заняткі, навучальныя практыкі і навуковыя экспедыцыі з удзелам навуковых супрацоўнікаў Акадэміі навук Беларусі. Экспедыцыі ладзіліся падчас летніх вакацый на рэках і азёрах Віцебшчыны, вывучалі раслінны і жывёльны свет. Усё гэта ўдзейнічала не толькі на розум. Простыя чалавечыя стасункі выкладчыкаў з намі, студэнтамі, пакідалі незабыўны адбітак у нашых душах і сэрцах. Што найбольш уражвала мяне ў выкладчыках? Гэта высокі ўзровень ведаў і педагагічнае майстэрства практычна ўсіх нашых педагогаў таго часу. Асаблівае слова хочацца сказаць пра жанчын-педагогаў. Яны захаплялі аўдыторыю не толькі інтэлектам і дасканаласцю методыкі, але і чыста жаночым шармам. Многія мае аднакурснікі былі з вёсак. Нашы школьныя настаўнікі мала чым адрозніваліся ад простых вясковых жыхароў з іх клопатам пра хлеб надзённы. 50-ыя гады, на якія прыйшліся нашы дзяцінства і юнацтва – гэта час неперажытай яшчэ пасляваеннай разрухі, неперажытага гора ваенных страт. Для мяне нашы выкладчыкі былі людзьмі з казкі, з другога свету, дзе не было вайны, голаду і штодзённых слёз маці па загінуўшым бацьку і заўчасна памерлай ад голаду старэйшай сястры. І вось праз дзесяцігоддзі мы шлём нашым настаўнікам словы ўдзячнасці і зямны паклон. Просьба выканаць студэнцкі гімн “Гаўдэамус” для выкладчыкаў і былых студэнтаў біёлага-хімічнага факультэта Віцебскага педагагічнага  інстытута, выпускнікоў 1968 года, а таксама для выпускнікоў школы №12 горада Гомеля, дзе я працаваў дырэктарам больш за 20 гадоў і заўсёды падчас выпускнога балю, у якасці апошняга пажадання агучваў словы з гэтага гімна на латыні, а потым у перакладзе: ”Весяліцеся, юнакі, у маладосці – шчасце! Каб, калі наступіць старасць наша, юнацтва нам засталося жыцця лепшай часткай!”

Пісьмо Аляксея Фёдаравіча Мельнікава з гарадскога пасёлка Свір Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.
“Кожную суботу слухаю вашу перадачу,млюблю песні. Нейкі час не пісаў вам, а цяпер вырашыў звярнуцца з просьбай уключыць у адну з перадач песню, дзе ёсць такія словы: ”А прыехаў да яе – хата на падпорах”.
“Песня “Як я ехаў да яе”)

А гэты ліст даслала мінчанка Зінаіда Сямёнаўна Плігаўка.
“Прашу вас знайсці песню “Уезжал далёко милый”, гэта песня пра цаліну. Яна гучала па радыё ў 60-ыя гады. Яе выконваў і наш хор будаўнічага трэста №5, кіраўнік хору – Георгій Удараў. Неяк да нас прыехалі госці павіншаваць з прысваеннем хору звання “народны”. Гэта былі Генадзь Цітовіч, Людміла Зыкіна і прадстаўнік Міністэрства культуры. Людміла Зыкіна падарыла нашаму хору песню Рыгора Панамарэнкі. Яна праспявала адзін куплет. Песня нам спадабалася, і мы яе развучылі, запявалі Зінаіда і Вольга, падхопліваў хор. Запіс нашага калектыву адбыўся у Доме радыё, мы спявалі песні “Колькі ў небе зор”, “Степь да степь кругом, “Уезжал далёко милый”. А праз месяц Георгій Удараў атрымаў тэлеграму ад Людмілы Зыкінай, яна напісала, што песня прагучала выдатна і дзякавала за тое, што песня не згубілася”.

Аўтар Таццяна Песнякевіч, гукарэжысёр Людміла Латушкіна, вядучы Алег Вінярскі. Праграма “Сустрэчы з песняй” гучыць на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў суботу ў 17-00 і паўтараецца ў нядзелю у 21-00.


Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.