Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
04.40 "Літаратурны кал...
В эфире: Дария - Харизматичная

“Сустрэчы з песняй”, 17.12.2016 (аўдыё)

19 Дек 2016 0
“Сустрэчы з песняй”, 17.12.2016 (аўдыё)

Сябры! У нашай праграме сёння зноў будуць гучаць вашы любімыя мелодыі і ўспаміны пра самыя лепшыя жыццёвыя моманты, звязаныя  з незабыўнымі песнямі.

Чытаю першы ліст. Яго даслала Ганна Дзянісаўна Рудзько з горада Салігорска.
“Хачу расказаць пра свайго брата – Аляксандра Дзянісавіча Рудзько. Яго дзяцінства прайшло ў ваенны і пасляваенны час. У гады вайны гітлераўцы  пагналі ўсю сям’ю пад Азарычы і трымалі ў снезе. Калі нашы салдаты вызвалілі палонных, мясцовасць вакол была замініравана. Размініравалі толькі вузкую дарожку. Ішлі  адзін за адным. Бабуля, цётка і маленькая сястрычка загінулі. Выжылі толькі мама з братамі, вярнуліся дамоў. Мой брат Аляксандр вельмі любіць вашу перадачу і слухае яе пастаянна. Перадайце, калі ласка, для яго песню “У чёрного моря” у выкананні Леаніда Уцёсава”.

Галіна Захараўна Казак з Пінска піша:
“Прашу вас выканаць маю просьбу: уключыць у перадачу арабскае танга “За всё тебе спасибо”. А для мужа, Пятра Філімонавіча, перадайце, калі ласка, песню “Нелюбимая”, дзе ёсць словы: ”Нелюбимая, нелюбимая... Кто ей это говорил? Слово горькое сердцу гордому, как на память подарил”.
(Песні “Арабское танго”, “Нелюбимая”).

Пісьмо Святланы Іванаўны Шумейка з Мінска.
“Думаю, з дзяцінства ў душы чалавека фарміруецца своеасаблівы камертон, які адгукаецца на тыя ці іншыя жыццёвыя абставіны песняй. У адчаі ад таго, што не склалася асабістае жыццё, я паляцела ў Запаляр’е. Бязмежныя снежныя прасторы з чароўным патрэскваннем льдоў і каштоўнымі камянямі-зоркамі ў бліскавіцах Палярнага ззяння, з двума сонцамі на падкове вясёлкі пры абуджэнні вясны супакоілі мяне. Я вярнулася да сына, да мамы ў Мінск. Аднойчы, у пачатку 70-х, ехала ў аўтобусе з сястрой. Весела штосьці распавядала. Раптам мужчына, які стаяў побач, кажа: ”Дзяўчына, выходзьце за мяне замуж”. Я не паварочваюся да яго і пытаюся: ”Вы кажаце ёй?” і паказваю на сястру. – “Не, вам. ”Мне?” Я павярнулася да яго і… о, мой Божа! Перада мной з’явілася мара майго юнацтва: афіцэр у марской форме. Погляд блакітных вачэй у цёмна-шэрым атачэнні веек быў такім шчырым, што я ў думках адразу прыняла яго прапанову. Маланкай у галаве пранёсся кадр з фільма “Страчаныя мары”, дзе гераіня (Джульета Мазіна) свяцілася ад шчасця, калі ехала ў машыне з такім багатым Чалавекам! Такой жа мінутай шчасця загарэлася і я. А як жа мой сын? Мама? – падумала я і адказала: ”Не”. Адвярнулася, каб ён не бачыў маіх вачэй. Мроі юнацтва зніклі назаўсёды. Я ўдзячна гэтаму марсокму афіцэру: пазбавілася прыніжанай самаацэнкі, стала больш упэўненай у сабе, смялейшай. Цяпер мне цёпла побач з сям’ёй сына. Мінуты майго шчасця вяртаюцца зноў, калі ўзгадваю выпадак у аўтобусе. Калі ласка, перадайце песню “Белокрылые чайки”, музыка Давіда Прыцкера, словы Самуіла Фагельсона”.

Чытаю наступны ліст.
“Звяртаецца да вас Таісія Іванаўна Новік са Слуцка. 9 лютага 1942 года на Гомельшчыне, у вёсцы Старыя Цярэшкавічы, за сувязь з партызанамі фашысты расстралялі майго бацьку – Івана Якаўлевіча Архіпцава, настаўніка геаграфіі. Гэта быў страшны месяц, як і ўсе гады ваеннага ліхалецця: пажары (фашысты палілі ўсё, што магло гарэць), голад, холад, зямлянкі…іНе ведаю, як мы з матуляй выжылі. Прайшло шмат дзесяцігоддзяў, але горыч страты роднага чалавека і сёння не пакідае мяне. Калі ласка, уключыце ў перадачу песню ”Позабыт, позаброшен”. Яе любіў спяваць мой тата”.

Мікалай Іванавіч Ракецкі з вёскі Ніўкі Мядзельскага раёна піша:
“Я – пастаянны слухач вашай праграмы, мне за 70 гадоў. Працаваў у паляводчай брыгадзе саўгаса “Крывічы”. У 70-я гады вазіў хлеб у магазін, спачатку еду з вёскі да Княгініна, там гружу 320 булак хлеба і вязу ў Ніўкі, дзе быў магазін на чатыры вёскі. Летам дарога прыгожая, птушкі спяваюць. Хораша! У вёсцы Восаў, памятаю, ігралі тры музыканты: Сяргей, Валодзя і Сярожка  Адамчыкі. Яны добра ігралі польку “Бульбу”. Уключыце, калі ласка, у перадачу польку “Бульбу” з прыпеўкамі. Там ёсць словы: ”Гарні, гарні бульбу з печы”.

Пісьмо Тамары Палікарпаўны Бельскай з горада Мсціслава Магілёўскай вобласці.
“Слухаю песні і ў спамінаю пражытыя гады. А яны былі нялёгкімі. Зараз нам па 80 і болей. Прашу выканаць для маіх сябровак – Веры Іванаўны Новікавай, Лідзіі Пракоф’еўны Падгайскай і Алены Іосіфаўны Трапачовай – песню са словамі: ”Гарні, гарні бульбу з печы, ў торбачку, дый за плечы”. А яна такая смачная, наша бульбачка! Буду вам ўдзячна за выкананне маёй просьбы”.

А гэты ліст даслала Марыя Нікіфараўна Цыкунова з аграгарадка Ціманава Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
“Усю сваю працоўную дзейнасць я прысвяціла сельскай гаспадарцы. Была ветурачом на племянной свінаферме племзавода “Ціманава”. У калектыве працавалі разумныя, сумленныя, дружныя людзі. Але мы, амаль усе, цяпер пенсіянеры. Усе любім слухаць вашу перадачу. Уключыце, калі ласка, у праграму песню “Родник” для маіх калег: галоўнага ветурача Фёдара Савельевіча Багамолава, ветурачоў Уладзіміра Пятровіча Чарканава і Алены Анатольеўны Цепляковай, заатэхніка-селекцыянера Людмілы Іларыёнаўны Глушаковай, учотчыка Валянціны Яўгенаўны Сераковай, брыгадзіраў фермы – Любові Ільінічны Бамбізавай, Раісы Кандрацьеўны Галкоўскай і Марыі Мікалаеўны Іванцовай”.

Міхаіл Аляксеевіч Катковіч з Маладзечна піша:
“З задавальненнем слухаем песні, якія нагадваюць нам маладосць. Родам я з Мядзельскага раёна, вёскі Старыя Габы. У нашай вёсцы ў 60-70-я гады было шмат моладзі. У Старых Габах быў вялікі клуб, у якім кожныя выхадныя ладзіліся танцы, а на святы запрашалі моладзь з суседніх вёсак. Тут збіраліся і вясковыя жанчыны. Некаторыя з іх заставаліся ў клубе да канца танцаў, каб даведацца хто каго праводзіў дамоў. Цяпер моладзі ў вёсцы амаль няма, няма і тых танцаў, што былі раней. У маладосці я паехаў з сябрамі на Поўнач, у Комі АССР, як кажуць “за вялікімі грашыма”. Там сустрэў сваю любімую жонку – Клаўдзію Лукінічну Катковіч. Некаторы час працаваў на лесанарыхтоўцы, потым – у таргоўлі. Жыў я там 7 гадоў, потым купіў у Маладзечна дом, 36 гадоў працаваў на кандытарскай фабрыцы “Конфа”. Цяпер – на пенсіі. У нас  сын і дачка, у іх свае сем’і, ёсць два ўнукі і дзве ўнучкі. Прашу перадаць песню “Любимая” у выкананні Мікалая Гнацюка”.

А гэты ліст даслала Вера Паўлаўна Паўлюкевіч з горада Мікашэвічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці.
“Ваша перадача сагравае сэрца і душу. ”Жизнь ушла, убежала, как с горы ручейки. Сама укатила, с собой прихватила всё, что только могла унести: бодрость, здоровье, радость, веселье, счастье, любовь, красоту – всё, что дарила долгое время, оставила грусть и тоску”. Але жыццё цудоўнае! Шчасце нашых дзён – у дзецях. Няхай прагучыць у вашай перадачы песня “Родительский дом”, бо бацькоўскі дом з намі да канца жыцця, там пануюць цеплыня, дабрыня і ўтульнасць”.

Валерый Дзмітрыевіч Лагутка з Мінска піша:
“У сярэдзіне 60-х гадоў я чуў па радыё песню, якую больш не давялося слухаць. Яна мне тады вельмі спадабалася. Не ведаю яе аўтараў. У памяці засталіся толькі некаторыя радкі: ”Светятся, светятся улицы сонные в лунном огне, здесь мы счастливые, здесь мы влюблённые шли в тишине. Здесь начинаются ясные, ясные наши пути. Вместе по жизни нам, город мой ласковый, рядом идти”. Назавіце, калі ласка, аўтараў і выканаўцу гэтай песні. І хачу прапанаваць яшчэ адну песню. Яе я чуў у 1986 годзе. Я прыехаў у Палтаву ў камандзіроўку, спыніўся ў гасцініцы, уключыў радыё. Ішоў канцэрт, у якім прагучала песня на ўкраінскай мове са словамі: ”А я люблю, как в юности”. Можа вы знойдзеце гэтыя песні ў ўключыце іх у праграму”.
Шаноўны Валерый Дзмітрыевіч! Па вашай просьбе зараз прагучаць дзве песні:
“Город родной”, музыка Аляксандра Зацэпіна, словы Гарольда Рэгістана, спявае Эльміра Уразбаева і “Осеннее золото”, музыка Ігара Шамо, словы Мікалая Дзенісенкі, спявае Юрый Багацікаў”.

Чытаю пісьмо Таццяны Іванаўны Шамятульскай з вёскі Леснікова Сенненскага раёна Віцебскай вобласці.
“Вашу перадачу слухаю рэгулярна, але песня, каторую хачу ўзгадаць, не гучала даўно.
У сярэдзіне 60-х гадоў у нашай вёсцы была добрая мастацкая самадзейнасць, удзельнічалі ў ёй мясцовыя жыхары. Мая старэйшая сястра Ала працавала ў той час паштальёнам. І вось у адным з канцэртаў яна павінна была выступаць. Гледачоў сабралося многа. У той час у калгасе вяліся меліяратыўныя работы і на канцэрт прыйшлі меліяратары, а таксама салдаты з суседняй вайсковай часці. І вось мы, тры сястры Алы і бацькі, з нецярпеннем чакалі яе выступленне. Абвясцілі: ”Выступае Ала Радзько з “Песенькай паштальёна”. Сястра выйшла з сумкай паштальёна і спявала так хораша, што зала прыціхла. А потым – апладысменты. Ала выканала песню пра чорнага ката. Мне ў той час было 10 гадоў, Але – 16. Зараз здаецца, што гэта было ўчора. Сястра Ала жыве ў Новаполацку, слухае вашу перадачу. Няхай “Песенка почтальона” нагадае ёй далёкія гады маладосці і яе родную вёсачку Замошша Верхнядзвінскага раёна”.

Аўтар Таццяна Песнякевіч, гукарэжысёр Людміла Латушкіна, вядучы Алег Вінярскі. Праграма “Сустрэчы з песняй” гучыць на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў суботу ў 17-00 і паўтараецца ў нядзелю у 21-00.


Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.