Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
10.10 "Музыка для ўсіх...
В эфире: Ramazzotti Eros - Non Siamo Soli

Вердыкт. Адказнае мацярынства і бацькоўства. Радыёблог Леаніда Новікава (аудыё)

18 Окт 2016 0
Вердыкт. Адказнае мацярынства і бацькоўства. Радыёблог Леаніда Новікава (аудыё)

На  жанчыну і сям’ю ў нашым грамадстве ўскладзены функцыі па захаванні і ўзнаўленні генафонду нацыі, выхаванні падрастаючага пакалення, захаванні сямейных традыцый. Сям’я ўдзельнічае ў стварэнні і спажыванні нацыянальных багаццяў, нацыянальнай культуры. Таму зразумелы і клопат нашай дзяржавы пра маці, дзяцей і сям’ю.
Мацярынства  заахвочваецца ў нас рознымі спосабамі.  У 1995 годзе Указам Прэзідэнта Беларусі заснаваны ордэн Маці як адзнака мацярынскай доблесці. За два дзесяцігоддзі такую адзнаку заслужылі 7,5 тыс. жанчын, якія нарадзілі і годна выхавалі пецярых і больш дзяцей. Сёлета гэтай унагароды удостоены 387 жанчын з розных рэгіёнаў Беларусі. Дадам, што жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі дзевяць і больш дзяецей, і ўзнагароджаным адной з такіх дзяржаўных узнагарод - СССР альбо Рэспублікі Беларусь,  як ордэн Маці, ордэн "Мацярынская слава", ордэн "Маці-гераіня", "Медаль мацярынства", устанаўліваецца пенсія за асобыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь. Я ўжо не гавару пра матэрыяльны клопат пра сям’ю і дзяцей.
Як жа такая прага да мацярынства, адзначаная дзяржавай ордэнамі і медалямі, дысануе з нежаданнем некаторых маладых людзей уступаць у шлюб, нараджаць дзяцей і несці адказнасць за іх выхаванне. А яшчэ большы дысананс са шчаслівым мацярынствам - калі сям’я не спраўляецца са сваімі функцыямі. Тады цяжка падлічыць страты, якія нясе грамадства.
У рэспубліцы створана абстаноўка нецярпімасці да тых, хто кінуў сваіх дзяцей. На прафілактычны ўлік узяты ўсе праблемныя сем'і. Дзяцей з такіх сем’яў дзяржава ўзяла пад сваю апеку, забяспечвае іх утрыманне і выхаванне, прадугледзела розныя формы іх уладкавання, а з гора-бацькамі, якія не здольны нармальна выхаваць сваіх чад і забяспечыць іх дабрабыт, абышлася даволи крута - абавязала аплачваць выдаткі на ўтрыманне кінутых дзяцей. У выніку павысілася зладжанасць у рабоце ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў і прасочваецца тэндэнцыя вяртання дзяцей у біялагічныя сем’і.
Дзеці і ўнукі – шчасце старэйшага пакалення, безумоўна, калі яны годна выхаваны  і адказныя па жыцці. І іх натуральнае жаданне – мець дзяцей.
Узгадваю размову з маім аднакласнікам па Чырвонабярэжскай пачатковай школе. Уладзімір зараз галоўны суднабудаўнік “Адміралцейскіх верфяў” у Санкт-Пецярбургу. Падчас адной з нашых сустрэч загаварылі пра дзяцей і ўнукаў. У мяне чацвёра дзяцей і пяцёра ўнукаў. Ён жа з жалем выказаўся, што ім з Галінай, відаць, не ўдасца панянчыць унукаў.
І сын і дачка матэрыяльна забяспечаны, як бы ў пары, што модна сёння:  па-грамадзянску жывуць на сваё задавальненне. Насамрэч ні шлюбу, ні сям’і, ні дзяцей. А шкада! І такое не толькі ў Піцеры. Шмат прыкладаў у нас, у Беларусі. Вось чаму важны момант – выхаванне ў маладых людзях правільных адносін да сям’і і свайго роду, да Бацькаўшчыны...
Адказнае мацярынства не толькі адказнасць за нараджэнне, але і за выхаванне дзіцяці. Мне прыгадваецца прыклад унучкі майго настаўніка Міхаіла Апанасавіча Дзмітрыева. Іна з мужам Аляксандрам кожныя два гады нараджалі дзіця. Зараз  іх сямёра. І відаць не апошнія. І ўсе заняты справай, большасць навучаецца музыцы. І дзеці ўдзячныя бацькам за падораны свет. Бабуля з дзядулям не нарадуюцца. У іх яшчэ двое ўнукаў – сынавы. Шчаслівая сям’я.
Узгадваецца і сям’я на той час маёй студэнткі Святланы Чачко. Зараз яна атрымала дыплом псіхолага. У іх з мужам Сяргеем сваіх двое дзяцей і ўзялі на выхаванне пецярых. Яны – бацькі-выхавацелі па пасадзе ў SOS-вёсцы Вытокі непадалёк ад Бараўлян. Дзяржава ім выдзеліла катэдж. Мяне яны запрасілі ў госці. І расказвалі пра такі выпадак. Нехта з чыноўнікаў паспрабаваў назваць, як па ўліку праходзіць гэта сям’я – выхаваўчы атрад нумар чатырнацццаць. Дзеці запрэтаставалі: “Мы – сям’я”. Я уразіўся той цеплынёй, што тут пануе.
У свой час выдатны савецкі педагог Васіль Аляксандравіч Сухамлінскі назвай сваёй кнігі сфармуляваў любоў да дзяцей: “Сэрца аддаю дзецям”. Колькі ж душэўнай шчодрасці і самаадданасці трэба мець, каб дзяліцца імі з дзецьмі. Кажуць жа: колькі любові аддаеш сыну ці дачцэ, столькі атрымаеш у адказ. Адказнае мацярынства не толькі ў тым, каб нарадзіць, але і выхаваць дзіця, даць правільную траекторыю жыцця.
Ва ўсіх гэтых прыкладах важнае адно – адказнае бацькоўства, мацярынства. Без чаго не можа быць чалавек па-сапраўднаму шчаслівы? Без сям’і. І як тут не пагадзіцца са знаўцам чалавечай душы Львом Талстым, які гаварыў: “Чалавек па-сапраўднаму шчаслівы, калі ён шчаслівы ў сям’і”.  
Безумоўна адказнаму мацярынству і бацькоўству можна і трэба вучыць. Добры прыклад бацькоў можа стаць падставай для стварэння  дзецьмі і сваёй уласнай моцнай сям’і. Дзяўчынкі, з маленства гуляючы ў лялькі, так альбо інакш капіруюць свет сям’і, мадэлююць адносіны да дзяцей. І неўсвядомлена рыхтуюць сябе да сямейнага жыцця. Добра, калі наладжана падрыхтоўка падлеткаў да сямейнага жыцця, як у РНПЦ  “Маці і дзяця”, пра якую не раз у маіх радыёпраграмах расказвала кіраўнік лабараторыі дзяцей і падлеткаў Цэнтра Маргарыта Дзевялтоўская.
Усе меры годныя, што скіраваны на тое, каб сем’і былі моцныя, скасаванняў шлюбу было менш, дзеці жылі ў сем’ях, іх не кідалі бацькі, а мацярынства было жаданым і адказным. Тады і грамадства будзе шчаслівейшым!

Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.