Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
11.10 "Сямейная прагра...
В эфире: - Сямейная праграма

Вердыкт. Асоба фарміруе асобу. Радыёблог Леаніда Новікава

12 Сен 2016 0
Вердыкт. Асоба фарміруе асобу. Радыёблог Леаніда Новікава

Вітаю вас, шаноўныя слухачы. Распачынаючы ў новым вяшчальным сезоне свой радыёблог, хацеў бы патлумачыць і яго назву “Вердыкт”, і канцэпцыю. Вердыкт азначае падсумоўванне нейкіх слушных думак, якія можа і вядомы слухачу, але ж аўтарскі погляд пашырыць іх разуменне і надасць асобасны сэнс вядомаму, высвеціць яго новыя грані.
Сённяшнюю тэму “Асоба фарміруе асобу” я ўзяў невыпадкова. У гэтым месяцы спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння нашага настаўніка, былога дырэктара Кармянскай школы-інтэрната, а пазней рэктара Мазырскага педагагічнага інстытута імя Крупскай, Героя Сацыялістычнай працы Міхаіла Апанасавіча Дзмітрыева. Нам пашчасціла – каму 10, а каму і менш гадоў  адчуваць уплыў яго асобы і створанага ім педагагічнага калектыву. Наш настаўнік быў шчыра заклапочаны жыццём дзяцей са складаным лёсам. Іншых формаў уладкавання тых, хто жыў у неспрыяльных умовах, тады не было. Мы ўсе знайшлі прытулак у калектыве, які стаў для нас школай радасці, і адчулі сапраўднага педагога. Створаны ім высокапрафесійны калектыў замяніў дзецям з цяжкім лёсам бацькоў і родных. Уплыў на выхаванцаў педагогаў школы-інтэрната і самога дырэктара цяжка пераацаніць. Я мяркую па тым, хто з нас кім стаў. Многія атрымалі вышэйшую адукацыю. Нават з тых, каго я ведаю, гэта больш за дваццаць чалавек. Прычым са шматдзетных сем’яў добра скончылі школу-інтэрнат і ўладкаваліся ў жыцці чацвёра Падольскіх – браты і сёстры, браты Марозавы Уладзімір і Васіль, Арловы – Люба, Васіль і Міхаіл. Гэта тое, што ведаю, бо ў першыя гады пасля выпуску мы часцей сустракаліся ў Карме, імкнуліся за парадай да сваіх настаўнікаў. Бываў на сустрэчах і Міхаіл Апанасавіч. Яго дабратворны ўплыў нясём праз усё жыццё.
Розныя метады выхавання  выкарыстоўваў наш настаўнік, у тым ліку індывідуальныя. Бывала, у школу прывозілі дзяцей, якія ў іншых установах не затрымліваліся, ім не маглі даць раду. І такі прыклад быў на маіх вачах. Лёню Сінякова прывёз у школу-інтэрнат інспектар па справах непаўналетніх. І адразу Міхаіл Апанасавіч выказаў давер – выгнаць гусей, якія прабраліся на прышкольны ўчастак. І гэта было відаць з дырэктарскага кабінета. Інспектар засумняваўся, што гэты крок правільны: можа збегчы хлапец. Але Лёня выканаў даручэнне і з гонарам далажыў пра гэта.
На усесаюзных педагагічных канферэнцыях Міхаіл Апанасавіч пазнаёміўся са знакамітым савецкім педагогам-наватарам, дырэктарам Паўлышскай школы ва Ўкраіне Васілём Аляксандравічам Сухамлінскім. Дружба выдатных педагогаў падпітвала і нас сваёй шчырасцю. Былі наладжаны абмены дэлегацыямі школ. Так фарміраваўся ненадуманы інтэрнацыяналізм, вынікам паездак станавілася сяброўства, завязвалася перапіска. Двойчы за час маёй вучобы ў Карме мы прымалі паўлышан. У дзвюх паездках удзельнічаў і я. Канечне, туды адпраўляліся лепшыя школьнікі. Але пакінуць на час паездкі Лёню Сінякова Міхаіл Апанасавіч не рашыўся. Уплыў на цяжкага падлетка працягваўся ў новых умовах: сустрэчы з украінскімі сябрамі, сумесныя пасадкі бярозак і арабін, прывезеных з Беларусі, пражыванне ў сем’ях украінцаў не маглі прайсці бясследна для ўсіх нас. Асабліва незабыўнае ўрачыстае ўручэнне падарункаў. Я і сёння захоўваю вышываную на ўкраінскі манер сарочку, падараваную мне Мікалаем Бескаравайным.
Ужо пятнаццаць гадоў з намі няма Міхаіла Апанасавіча Дзмітрыева. Але след на зямлі, уплыў яго асобы, цеплыня душы настаўніка з намі назаўсёды. Асоба фарміруеца асобай. Гэтую педагагічную ісціну ніхто яшчэ не абверг. У розных абставінах беларускае настаўніцтва сёння яе сцвярджае паўсядзённай працай.
Можна нават сказаць: “асоба выхоўваецца асобай” – гэта педагагічная аксіёма. І прадоўжыць цэлы шэраг такіх аксіём: дабрыня выхоўваецца дабрынёй; любоў да радзімы выхоўваецца патрыётам; высакароднасць – высакароднымі; мэтанакіраванасць выхоўваецца мэтанакіраванымі; чалавечнасць выхоўваецца гуманным настаўнікам. А значыць педагог павінен імкнуцца да высокай духоўнасці і самаўдасканалення, каб вучням дапамагаць выбудоўваць свой асабісты шлях узыходжання. У гэтым сэнс гуманістычнай педагогікі, якую на справе ажыццяўляў наш Настаўнік у школе радасці, за што мы ўдзячны па жыцці яго светламу педагагічнаму аўтарытэту.

Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.  

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.