Слушать в отдельном окне
Прямо сейчас
06.10 Спорт.
В эфире: - Навіны спорту

Вердыкт. Педагагічнае майстэрства. Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)

13 Янв 2017 0
Вердыкт. Педагагічнае майстэрства. Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)

Шлях да педагагічнага майстэрства пачынаецца са школы, з любімых настаўнікаў і ўпадабанага прадмета. А вяршыні майстэрства дасягаюць педагогі праз шматступеньчатую сістэму прафесійнай падрыхтоўкі і ўдасканалення, павышэння кваліфікацыі.
Дзве падзеі мяне натхнілі на роздум пра ўзыходжанне педагога. Першая – Шосты рэспубліканскі фестываль педагагічнага майстэрства, арганізаваны Беларускай акадэміяй паслядыпломнай адукацыі і Беларускім педагагічным таварыствам. Ён прайшоў у канікулярны час і ахапіў 450 педагогаў з усёй рэспублікі. І другі факт – зацвярджэнне ў правілах прыёму пры паступленні ў педагагічныя ВНУ пераваг для выпускнікоў педагагічных класаў. Разумная ініцыятыва педагагічных навучальных устаноў знайшла ўвасабленне ў нарматыўным акце Прэзідэнта.
Яно і правільна. Калі мы жадаем атрымаць матываванага выпускніка педВНУ ці каледжа, працу трэба пачынаць са школы. Лепшыя калектывы так і робяць. Знаходзяць сярод вучняў арыентаваных на педагагічную прафесію і апякаюць іх. І шмат у якія школы вяртаюцца свае ж выпускнікі пасля набыцця прафесіі.
Вопыт стварэння педагагічных класаў у рэспубліцы ўжо ёсць. У верасні 2015 года адбыўся першы набор у педагагічныя класы. Першы выпуск якраз будзе  сёлета. Такія класы працуюць у школах Мінска, Магілёва, Мінскай і Гродзенскай абласцей. У Бабруйскай СШ №4 гэта пакуль першы педагагічны клас у горадзе. Дырэктар школы Валянціна Алімбачкова лічыць важным, што выпускнікі будуць паступаць у педагагічныя ВНУ ўсвядомлена і з пэўным узроўнем падрыхтоўкі. А тыя, хто такім чынам прыйдзе ў прафесію, не сыдуць са школы праз год-два ў іншыя сферы.
Профільнае навучанне зробіць бліжэйшай прафесію педагога для тых, хто ёю захапіўся ў школе. За тое, што старшакласнік арыентаваны на паступленне ў педагагічныя каледжы і ВНУ, будзе адказваць педагагічны калектыў сваёй рэкамендацыяй. Гэты вопыт, безумоўна, прынясе плён. Тым больш, што змяненні ў правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўтрымліваюць вельмі значнае для адукацыйнай сферы новаўвядзенне, якое звязана з асаблівымі ўмовамі залічэння выпускнікоў педагагічных класаў. Яны пры асваенні адпаведнай праграмы ў профільным педагагічным класе павінны мець высокую паспяховасць: ацэнкі па профільных прадметах не ніжэй за 8 і не ніжэй за 7 - па ўсіх астатніх прадметах. Пры залічэнні гэтая катэгорыя абітурыентаў будзе праходзіць прафесійную гутарку. Можна быць упэўненымі, што такія абітурыенты будуць цалкам усведамляць, што яны хочуць і могуць зрабіць у прафесіі. Мае значэнне і прадугледжаная для іх дадатковая абарона. На працягу пяцігадовага тэрміну пасля заканчэння ВНУ за імі будзе замацоўвацца працоўнае месца. А за гэты час творчыя педагогі могуць заявіць пра сябе, павысіць кваліфікацыю, атрымаць катэгорыю.
Ды і ўвогуле ў адукацыі няма межаў для ўдасканалення, што паказаў Шосты рэспубліканскі фестываль педагагічнага майстэрства. Да ўдзелу ў ім былі запрошаны педагагічныя работнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі –  настаўнікі пачатковых класаў і ўсіх школьных прадметаў.
У фестываля педагагічнага майстэрства ўжо склаліся свая гісторыя і традыцыі. Кожны год ён праходзіць пад пэўным дэвізам. Сёлетні  – найбольш масавы – прысвечаны тэме спалучэння навучання і выхавання. Члены асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў, удзельнікі клуба “Хрустальны журавель” правялі 77 майстар-класаў, педагагічных студый, урокаў для дарослых. Усе яны скіраваны на інтэнсіфікацыю працэсу пошуку, атрымання і назапашвання новых ведаў, уменняў і прафесійных кампетэнцый, прымнажэнне творчага патэнцыялу настаўніка.
Роздум мяне прывёў да такіх высноў. Новая норма ў правілах прыёму дасць магчымасць рыхтаваць добрых педагогаў, пазбегнуць памылак у выбары прафесіі і змены прафесійных арыенціраў на паўдарозе да дыплома. А бесперапыннае самаўдасканаленне педагога азначае траекторыю жыцця чалавека, які знайшоў сваё шчасце ў прафесіі. З такімі  педагогамі я пазнаёміўся падчас фестывалю педагагічнага майстэрства. Ім пад сілу рэалізаваць сацыяльны заказ на выхаванне чалавека адукаванага, маральнага, прадпрымальнага, крэатыўнага, здольнага самастойна прымаць рашэнні...

Комментарии

Комментариев пока нет
Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.