Поделиться:
«Адлюстраванні. Да 100-годдзя пісьменніцы Алены Васілевіч». Радыёблог Галіны Шаблінскай
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 08.03.2023
«Адлюстраванні. Да 100-годдзя пісьменніцы Алены Васілевіч». Радыёблог Галіны Шаблінскай

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе выстава «Насустрач жыццю, насустрач будучыні» – да 100-годдзя пісьменніцы Алены Васілевіч. Яна створана паводле музейных фондаў, а таксама значную частку экспазіцыі складаюць рэдкія выданні, фотаздымкі, асабістыя рэчы, мастацкія працы з сямейнага архіва, якія прадстаўлены сынам пісьменніцы, фалькларыстам і этнографам, кандыдатам філалагічных навук Уладзімірам Васілевічам. Галоўным мастацкім вобразам арганізатары вызначылі сімвалічнае Дрэва жыцця Алены Васілевіч, што алегарычна нагадвае творы пісьменніцы, напоўненыя дабрынёй і сумленнасцю, сяброўствам і каханнем, беражлівымі адносінамі чалавека да прыроды, любоўю да сваёй Радзімы.

На выставе ўвогуле, я б сказала, пануе атмасфера асаблівай цеплыні і сардэчнасці. Па-першае, такія пачуцці выклікаюць многія экспанаты, а па-другое, менавіта гэтыя чалавечыя якасці былі ўласцівы самой аўтарцы ў штодзённым жыцці. У маёй памяці Алена Сямёнаўна засталася менавіта такой: душэўнай, абаяльнай, прыветлівай.

Калі я прыйшла працаваць на Беларускае радыё, у рэдакцыі вяшчання для дзяцей і юнацтва панаваў своеасаблівы культ пісьменніцы. У радыйных фондах на той час захоўвалася нямала пастановачных работ паводле яе твораў. Ну і, канечне, выключны гонар – радыёспектакль у 8 частках “Расці, Ганька!” паводле аўтабіяграфічнай тэтралогіі Алены Васілевіч “Пачакай, затрымайся…” ў пастаноўцы рэжысёра Таццяны Аляксеевай, дзе быў сабраны проста зорны склад выканаўцаў! Ён і дасюль застаецца адной з лепшых радыйных пастановак, дзе захавана атмасфера часу, той рэчаіснасці, у якой сталела і расла галоўная гераіня Ганька, а па-праўдзе – сама аўтарка. Дарэчы, менавіта за гэты, галоўны твор свайго жыцця, пісьменніца атрымала Дзяржаўную прэмію Беларусі.

На выставе вас таксама сустрэне Ганька. Тут шмат ілюстрацый з розных выданняў тэтралогіі, вядома ж, – тыя, першыя, аповесці: «Расці, Ганька», «Доля знойдзе цябе», «Новы свет», ну і – сам дакумент-сведчанне высокай узнагароды.

Каб лепш зразумець пісьменніка, варта не толькі, паводле вядомага сцвярджэння, трапіць на яго радзіму, але цікава і карысна знаёміцца з падобнымі выставачнымі праектамі. І тады іншым сэнсам напаўняюцца скупыя біяграфічныя факты: нарадзілася, вучылася, працавала.

«Таленавітай работніцы (і сялянцы) Алене на суд і ў знак пашаны» – з такім аўтографам падараваў Алене Сямёнаўне свой раман «Мінскі напрамак» народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ. Варта патлумачыць, што кніга была падпісана якраз у тыя часы, калі яна працавала ў вядомым беларускім часопісе «Работніца і сялянка». Уражваюць, напрыклад, запісы ў яе працоўнай кніжцы з 1942-га па 1944-ы гады. Лірычны настрой неяк адразу выклікаюць здымкі, зробленыя ў Каралішчавічах, на якіх – маладыя, усмешлівыя ўсе класікі сучаснай беларускай літаратуры, сярод іх і яна – наша гераіня. Яшчэ адзін прыклад: «Дарагому Васілю Вітку (Майскаму!) на доўгія-доўгія гады і на светлае бясхмарнае шчасце! Шчыра і сардэчна Алена Васілевіч. 16 мая 1985 года». Гэта дароўны надпіс на першым томе Выбраных твораў свайму земляку-случчаніну Цімоху Васільевічу Крысько, пісьменніку, якога Алена Сямёнаўна вельмі цаніла і паважала.

Аўтар навуковай канцэпцыі выставы «Насустрач жыццю, насустрач будучыні» – Паліна Саўген, мастак – Генадзь Чысты. Не пашкадуйце свайго часу, зайдзіце ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. І, я ўпэўнена, вы атрымаеце шмат уражанняў, дакрануўшыся да жыццёвага і творчага лёсу класіка беларускай літаратуры пісьменніцы Алены Васілевіч. Чалавека рэдкай душы і чулага сэрца. А яшчэ вам захочацца што-небудзь прачытаць альбо перачытаць з яе цікавых і вельмі розных кніг. Якія вяртаюць чалавеку ісціны простыя і важныя...


Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: