Добрая навіна для ўсіх, хто любіць «Тэатр Беларускага радыё»! На гэтым тыдні, з 26 па 30 студзеня, на Першым нацыянальным канале прагучыць поўная версія радыёспектакля «Мегрэ і чалавек на лаўцы» паводле аповесці Жоржа Сіменона.
Мы свядома звярнуліся да папулярнага жанру дэтэктыва, які, дарэчы, мала ў нас інсцэніраваны. У радыйных фондах ёсць некалькі невялікіх пастановачных работ паводле твораў Конан Дойла, Роберта Янга, Фрыдрыха Дзюрэнмата, іншых аўтараў. Пры ўсіх пошуках навізны ў мастацкім вяшчанні галоўным прынцыпам нашай працы застаецца выбар якаснай літаратуры.
Чаму Жорж Сіменон? Па-першае, гэта сусветны класік дэтэктыўнага жанру. Але ён не проста майстра вострага сюжэта, для пісьменніка важны сацыяльна-псіхалагічны аналіз матываў злачынства. Яго камісар паліцыі Мегрэ даследуе чалавечую душу і часта выступае ў ролі абаронцы чалавека, пакрыўджанага лёсам, расстаўляе, як кажуць, усе кропкі над «і». Аповесць, якая стала асновай радыёспектакля, адлюстроўвае крызіс сямейных каштоўнасцей у пасляваеннай Францыі (год напісання твора – 1953-ці). На прыкладзе лёсу звычайнага чалавека аўтар сцвярджае неабходнасць маральных прынцыпаў паводзін у грамадстве.
Па-другое, аўдыяжанр спрыяе таму, каб сумясціць само дзеянне з гукавым напаўненнем, прыдаць яму дынаміку, сканцэнтраваць увагу слухача на галоўных дэталях. Радыё валодае багатым гукавым спектрам: жывы акцёрскі голас, музыка арыгінальная ці падабраная гукарэжысёрам, і натуральныя шумы. Разам яны ствараюць вобраз праўдзівы і загадкавы, які пазбаўлены канкрэтнай карцінкі, але затое кожны слухач ўяўляе яго па-свойму.
Па-трэцяе, вобразна кажучы, нарэшце Мегрэ загаварыў па-беларуску ў эфіры Беларускага радыё. Таму што радыёп’еса напісана паводле пераклада аповесці Жоржа Сіменона на беларускую мову пісьменніка Алеся Асташонка. Гэты твор быў выдадзены разам з іншымі яго перакладамі з французскай у вядомай серыі “Бібліятэка замежнай прозы” ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Зборнік мае назву “Пад страхам смерці”. Дарэчы, мы некалі звярталіся да яго. Разам з рэжысёрам Валянцінай Кернажыцкай была запісана невялікая пастановачная работа паводле рамана Жоржа Сіменона “Порт ў тумане”, так званыя “інсцэніраваныя старонкі рамана”. І вось цяпер – яго аповесць “Мегрэ і чалавек на лаўцы”. Радыёп’есу напісаў пісьменнік Уладзімір Сцяпан, які добра валодае законамі драматургічнага жанру. Рэжысёр пастаноўкі Алег Вінярскі, гукарэжысёр Валерый Бяляеў, рэдактар і кіраўнік праекта Галіна Шаблінская. Музыка кампазітара Дзмітрыя Далгалёва, якая гучыць у выкананні сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі, дырыжор Аляксандр Высоцкі.
Галоўныя ролі выконваюць: заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, артыст Аляксандр Гарцуеў (Аўтар), артыст Ігар Сідорчык (Мегрэ), народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў (стары бухгалтар), заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Андрэй Душачкін і Аляксандр Шароў (паліцэйскія Сантоні і Нэвэ), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Лясная (мадам Турэ), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ганна Маланкіна (Антуанета Машэр), артыст Аляксандр Вергуноў (акрабат Шрамэк), артыстка Кацярына Крылова (Моніка Турэ). Увогуле ў спектаклі заняты два дзясяткі артыстаў вядучых беларускіх тэатраў.
Ну а сам запіс – гэта не проста чытанне тэкста артыстам ля мікрафона, як думае, напэўна, большасць з нашых слухачоў. Падчас працы ў студыі адбываецца унікальнае радыёдзеянне: з імправізаванымі дэкарацыямі, бытавымі шумамі, праходкамі герояў, зменамі планаў іх месцазнаходжання, размовамі па тэлефоне і шмат-шмат чым іншым, што і стварае непаўторную гукавую атмасферу радыёспектакля. Фактычна гэта і ёсць сама тэхналогія запісу, але я назвала б яе мастацтвам пераўвасаблення ў новую якасць. Так ствараецца жывая карцінка ў эфіры, інакш аўдыяспектакль не можа атрымацца.
Я ўдзячна ўсёй творчай групе за адносіны да нашай агульнай справы. Вопыт маёй працы ў пастановачным вяшчанні кожны раз пацвярджае адну простую, але надзвычай важную, ісціну: вынік залежыць ад кожнага з удзельнікаў гэтага захапляльнага, але вельмі няпростага і дастаткова працяглага працэсу.
Нагадаю вам, шаноўныя слухачы, радыёспектакль “Мегрэ і чалавек на лаўцы” ў 5 частках паводле аповесці Жоржа Сіменона прагучыць у “Тэатры Беларускага радыё” на Першым нацыянальным канале з 26 па 30 студзеня. Час эфіру: вячэрні – у 22 гадзіны 5 хвілін, пасля апоўначы – у 2 гадзіны 5 хвілін!
Не прапусціце! Шукайце нас на сайце радыё.бел, а таксама ў сацыяльных сетках.
