Поделиться:
“Адлюстраванні. “Найдорф” Пташнікава ў жанры радыёспектакля”. Радыёблог Галіны Шаблінскай
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 29.06.2020
“Адлюстраванні. “Найдорф” Пташнікава ў жанры радыёспектакля”. Радыёблог Галіны Шаблінскай

Сёння ў “Тэатры Беларускага радыё” пачынаецца прэм’ера радыёспектакля “Найдорф” паводле аднайменнай аповесці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі пісьменніка Івана Пташнікава, якая падрыхтавана да 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Гэты цудоўны твор выдатнага майстра беларускага мастацкага слова выбраны намі для пастановачнага жанру невыпадкова. Іван Пташнікаў належыць да пісьменнікаў пакалення дзяцей вайны, якія сказалі сваю праўду пра тую страшную трагедыю ХХ стагоддзя. Яго ваенную прозу пазнаеш па асаблівым почырку, дзе сканцэнтравана філасофія народнага болю і гневу, а яшчэ – вялікай любові да сваёй зямлі, якая дае чалавеку сілу ў самых жорсткіх выпрабаваннях.

Аповесць “Найдорф” напісана на рэальных фактах, звязаных з жыццём самога аўтара, на той час – падлетка. У яго памяці назаўсёды засталіся жахі карніцкіх аперацый і вобразы сапраўдных герояў, што ратавалі ад ворага родны край. Згадваючы сваю аповесць, Пташнікаў пісаў: “Мне хацелася на былых рэальных фактах, сваіх вясковых, стварыць вобраз мужнага чалавека Вялікай Айчыннай, аратага і партызана, які араў, сеяў, быў верны сваёй зямлі і тут жа злёг у зямлю, баронячы яе ад фашызму… Гэта быў час, калі гарэлі ў лютым агні беларускія вёскі… У гэты час згарэла Дальва з людзьмі, згарэла мая хата ў маёй вёсцы…”.

Дзеянне ў радыёспектаклі адбываецца ў 1944-м годзе, перад самым вызваленнем Беларусі. Галоўныя героі, байцы партызанскай брыгады Яхрэм Жаваранка і Алёша Белановіч, увасабляюць сабой агульны вобраз абаронцы беларускай зямлі. Зло, якое нахабна і вераломна прыходзіць у твой дом, павінна быць пакарана. А таму на барацьбу з ім становіцца кожны. Адчуванне агульнай трагедыі ўзмацняецца мастацкім прыёмам супрацьпастаўлення падзей ваеннага і мірнага жыцця. Нашы героі ў думках пастаянна вяртаюцца ў даваенны час, да сваёй сям’і, сваіх блізкіх. І гэтыя два планы яшчэ больш падкрэсліваюць трагедыю вайны, яе антычалавечыя законы.

Увогуле, хацелася б адзначыць, што аповесць “Найдорф” напоўнена моцнымі філасофскімі, эмацыйнымі і падзейнымі асацыяцыямі. Дзякуючы ім, складваецца карціна таго жаху, які перажыў беларускі народ ў час Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя буйныя планы вельмі падыходзяць для жанру радыёспектакля, іх можна паставіць, іх можна сыграць. І на іх можна зрабіць акцэнты. На маю думку, для рэжысёра і гукарэжысёра – гэта вялікая знаходка. Ну, і, канечне, для артыстаў таксама. Таму што мова пісьменніка Івана Пташнікава настолькі самабытная, настолькі выразная сваёй змястоўнай насычанасцю, сваёй алегарычнасцю, што дазваляе акцёру адчуць асалоду ад яе шматпланавасці. Той самы выпадак, калі кажуць, што адчуваеш не толькі гук прамоўленага, але і яго непаўторны пах.

Дарэчы, і ў гэтым новым радыёспектаклі ў нас склаўся цудоўны акцёрскі ансамбль: заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шароў, Ігар Дзянісаў, Алена Сідарава, Леанід Улашчанка, народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова, артысты Нікіта Кратовіч, Арына Рабычына, Таццяна Баўкалава, Вераніка Буслаева. Усе працавалі з вялікай цікавасцю і адказнасцю, побач з майстрамі цудоўна пачувалі сябе і дэбютанты. Сапраўды, радыёспектакль – гэта іншая мастацкая рэальнасць. І на нашых вачах у студыі нараджаецца асаблівае акцёрскае братэрства, свой мікракосмас, які дапамагае ствараць праўдзівыя вобразы.

Аўтар інсцэніроўкі для радыё – пісьменнік Уладзімір Сцяпан, рэжысёр пастаноўкі Алег Вінярскі, музыку да радыёспектакля напісаў кампазітар Дзмітрый Далгалёў, якая гучыць у выкананні сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі, дырыжор Аляксандр Сасноўскі. Ну і пастаянны гукарэжысёр нашай творчай каманды – Валерый Бяляеў, вопыт і майстэрства якога заўсёды спрыяюць агульнаму выніку.

Прэм’еру радыёспектакля “Найдорф” паводле аднайменнай аповесці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі пісьменніка Івана Пташнікава пачынаем слухаць сёння ў “Тэатры Беларускага радыё” ў 22 гадзіны 5 хвілін. Не забудзьцеся, не прапусціце!

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: