«Верш значны не гукам, які чуваць, пакуль верш чытаецца, а сваім рэхам, якое ён утварае, калі адгучыць», – напісаў некалі ў сваёй знакавай кнізе «Паляванне ў райскай даліне» вядомы паэт і перакладчык Алесь Разанаў. І ў гэтых словах ёсць вялікая праўда. Бо тое, што прамоўлена аўтарам, калі яно глыбіннае і сапраўднае, абавязкова застаецца з намі менавіта «сваім рэхам» сугучнасці, дзеяння і прыпаміну.
Гэта ранні Уладзімір Караткевіч, які на самым пачатку свайго шляху вызначыўся ў галоўным – радзіма перадусім. У беларускай паэзіі можна знайсці шмат твораў, якія прысвечаны роднай зямлі. Класікі і сучасныя аўтары звяртаюцца да гэтай вечнай святой тэмы, інтэрпрэтуючы яе па-свойму. Іх мастацкія споведзі часам нагадваюць вершаваныя дзённікі, якія фіксуюць гістарычны час і раскрываюць сутнасць чалавечай душы.
А гэта – сталы Рыгор Барадулін, які прымушае чытача думаць метафарычна, і сэнс паэзіі якога – у яе адвечнай філасафічнасці і глыбіннай народнасці, што таксама немагчымы без роднай зямлі. Літаратура і мастацтва – адны з першых складнікаў нацыянальнай спадчыны, якая не толькі ратуе нас саміх ад бездухоўнасці, але і рэпрэзентуе нашу Беларусь у свеце, у культурнай супольнасці.
І тут мне б хацелася сказаць, што сярод іншых пастановачных жанраў літаратурна-мастацкага вяшчання ёсць асаблівы – паэтычны радыёспектакль. Гэта не проста кампазіцыя паводле вершаў, нават самая дасканалая. Паэтычны радыётэатр найперш патрабуе драматургічнага рашэння сюжэта. Эмоцыя і алегорыя аб’ядноўваюць такую задумку. Першай спробай была пастаноўка «Яшчэ адна знічка кахання…» паводле лірычных вершаў Міхася Стральцова і Яўгеніі Янішчыц у 90-х гадах. Потым з’явіліся іншыя: «Завея крысом Калядзе махае…» паводле зімова-калядных вершаў Рыгора Барадуліна, «І свечкі ў святла святыя служкі…» паводле яго ж паэзіі – да восеньскіх дзядоў, тэма памяці роду, «Паміж усмешкай і слязой…» – провід жаночага лёсу паводле лірыкі Ніны Мацяш, «Зліццё надзей, жаданняў сумесь…» паводле ваенных вершаў Аляксея Пысіна ды шмат яшчэ. Вельмі цікава працавалася над пастановачнымі работамі такога кшталту і паводле вершаў для дзяцей беларускіх аўтараў розных пакаленняў. Мы свядома ішлі на сюжэтныя эксперыменты, шукалі новае ў музычным і гукавым афармленні. Увогуле, я думаю, у гэтага жанра ёсць перспектыва. Таму што радыёспектакль быў і застаецца элітарным відам мастацтва, галоўнае ў якім – слова. А тым больш, калі гэта паэтычнае слова. Адчуць яго моц і тое ўнутранае напружанне, што ствараюць драматургія і вастрыня жывой аўтарскай думкі, значыць спрычыніцца да таямніцы духоўнага жыцця чалавека.
Канечне, тут асобна трэба вылучыць пастаноўкі, якія заўсёды ставіліся на Беларускім радыё паводле вялікіх паэтычных форм: балад, паэм, асабліва на гістарычную тэму. Напрыклад, «Судны дзень Скарыны» па драматычнай паэме Міколы Арочкі, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» па вядомых паэмах Якуба Коласа, «Помста» паводле драматычнай паэмы Кастуся Кірэенкі, «Хатынскі снег» паводле паэмы Генадзя Бураўкіна.
Адна з апошніх нашых работ – радыёспектакль «Магнаты і сірата. Соф’я, князёўна Слуцкая» па гістарычнай драме класіка беларускай літаратуры Уладзіслава Сыракомлі. Цудоўны пераклад гэтага цікавага, але пакуль мала расчытанага твора, ўпершыню зрабіла літаратуразнаўца і паэтэса Ірына Багдановіч, паводле якога на Беларускім радыё і быў пастаўлены аднайменны радыёспектакль. Зрэшты, гэта першая пастановачная версія гістарычнай драмы Сыракомлі ў Беларусі.
Так што слухайце «Тэатр Беларускага радыё». І нават, калі хтосьці з вас – не самы актыўны прыхільнік паэзіі, тым не менш у нашым творчым пошуку можна адчуць энергію той унутранай гармоніі, у якой натуральна мае патрэбу кожны. Паэзія і драматургія, паяднаныя ў асаблівы жанр мастацкага вяшчання, даюць нам такую магчымасць. Адно што, не пашкадуйце дзеля гэтага свайго часу.