Поделиться:
«Адлюстраванні. Партрэт класіка ў сямейным коле». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 02.03.2021
«Адлюстраванні. Партрэт класіка ў сямейным коле». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

5 сакавіка – 125-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы, бліскучага паэта-сатырыка, выдатнага драматурга, выключнага мовазнаўцы. Калі б ён напісаў толькі адну сваю камедыю «Хто смяецца апошнім», і гэтага б хапіла, каб застацца ў гісторыі беларускай літаратуры. Выкрывальнік заган чалавечага жыцця сатырычным смехам, а часам і мяккім гумарам, Крапіва пакінуў нам у спадчыну творы, як кажуць, «навыраст». Яны – быццам лекі ад агульных хвароб грамадства на розных этапах гісторыі. А колькі крылатых выслоўеў байкапісца дасюль засталіся папулярнымі ў народзе! Яго доўгажыхарства, а пражыў Кандрат Кандратавіч амаль 95 гадоў, некаторыя даследчыкі звязваюць з эстэтычным крэда пісьменніка, галоўнай зброяй якога быў менавіта смех.

Да юбілею класіка ў серыі ЖЗЛБ (жыццё знакамітых людзей Беларусі) у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга ўспамінаў пра Кандрата Крапіву «Шлях да неўміручасці». Укладальніца – кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, унучка пісьменніка Алена Атраховіч. Пад агульнай вокладкай сабраны артыкулы найперш родных і блізкіх – членаў сям’і Кандрата Кандратавіча, у чым, бясспрэчна, вялікая каштоўнасць гэтага выдання. Сувязь паміж пакаленнямі, якая застаецца ў слове, не толькі мацуе сам род, а стварае зусім іншы партрэт «чалавека ў бронзе». Існуе такі псіхалагічны стэрэатып ва ўспрыманні жыцця людзей выбітных, заслужаных, як нечага міфічна адарванага ад рэальнасці і паўсядзённасці. І гэты міф цалкам рассейваецца, калі чытаеш старонкі, поўныя любові і павагі да свайго знакамітага сваяка яго нашчадкаў.

«Спадзяюся, што паважаны чытач зразумее маё імкненне апавядаць пра дзеда Кандрата эмацыйна, вачыма роднага чалавека, гаварыць пра яго не проста як біёграф, але як унучка, якая вельмі яго любіла і паважала. Кніга з’яўляецца вынікам шматгадовай працы. На гэтым шляху я многа сустракалася з людзьмі, якія ведалі Кандрата Кандратавіча асабіста, вывучала дакументы, якія датычацца яго жыцця і працы. А таксама шмат у чым абапіралася на свае ўспаміны пра дзеда і на яго апавяданні пра ўласнае жыццё», – піша ў прадмове Алена Атраховіч.

Асабліва эмацыйна чытаецца раздзел «Бацька і сын», прысвечаны другому сыну Кандрата Крапівы Барысу, які загінуў пад Сталінградам ў снежні 1942-га года. Упершыню надрукаваны і яго лісты бацькам з фронту. У гэтай балючай сямейнай гісторыі, як у люстэрку, адбіваецца лёс многіх беларускіх сем’яў, што не дачакаліся вяртання з вайны сваіх родных.

У юбілейнае выданне таксама ўключаны артыкулы Петруся Броўкі, Лідзіі Арабей, Уладзіміра Арлова, Аляксандра Крывіцкага, Уладзіміра Содаля, вядучага тэлечасопіса «Роднае слова», у якім не раз браў удзел і Кандрат Крапіва. Прыводзіцца тэкст яго прывітальнага слова ў сувязі з пачаткам выпуску праграмы: «Я скажу, што Беларускае тэлебачанне распачынае добрую справу. Ад аднае назвы «Роднае слова» – робіцца цяплей на душы ў чалавека, які кроўна звязаны са сваім народам, жыве яго інтарэсамі, любіць сваю родную мову. Ці трэба гаварыць, якое вялікае значэнне мае мова ў жыцці кожнага чалавека, у жыцці грамадства, якую велізарную ролю яна адыгрывае ў эвалюцыі ўсяго чалавецтва ад яе пачатку да нашых дзён…»

Хачу яшчэ падкрэсліць, што важным складнікам у такіх выданнях з’яўляецца і багаты ілюстрацыйны матэрыял: фотаздымкі і дакументы, аўтографы і малюнкі да твораў, дарчыя надпісы ды шмат іншых відочных цікавостак, што дапаўняюць тэксты аўтараў. Ствараецца яркае ўражанне эпохі, лепш адчуваецца атмасфера тагачаснага жыцця, у якім рэалізоўваўся талент пісьменніка.

Звяртаю ўвагу нашых шаноўных слухачоў, што ў «Тэатры Беларускага радыё» працягваецца «Юбілейны тыдзень» народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы да 125-годдзя з дня нараджэння – гучаць радыёспектаклі па вядомых п’есах класіка. А ў чацвер, 4 сакавіка, госцяй праграмы «Творчы вечар» будзе кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Алена Атраховіч, якая падзеліцца ўспамінамі пра свайго дзеда – Кандрата Кандратавіча Крапіву. Пачатак эфіру – у 21 гадзіну 5 хвілін. Не прапусціце!

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: