16 верасня – саракавіны Алены Васілевіч, цудоўнай беларускай пісьменніцы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі за культавую тэтралогію «Пачакай, затрымайся…».
Нарадзілася Алена Сямёнаўна на Случчыне ў 1922-м годзе. Скончыла літаратурны факультэт Рагачоўскага настаўніцкага інстытута і філфак Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Падчас Вялікай Айчыннай вайны працавала бібліятэкарам у шпіталі, пісарам страявой часці. Пасля – у Курскім абласным выдавецтве, у часопісе “Работніца і сялянка”, у выдавецтвах “Мастацкая літаратура” і “Юнацтва”. Заслужаны работнік культуры Беларусі, узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”.
Яе першая аповесць “У прасторах жыцця” была надрукавана ў часопісе “Беларусь” у 1947-м годзе, а ў 2010-м у вядомай серыі “Беларускі кнігазбор” выйшаў, я б сказала, залаты том выбраных твораў Алены Васілевіч, і гэта амаль да яе 90-годдзя з дня нараджэння. Сёлета выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” ў серыі “Кніжная паліца школьніка” перавыдала знакамітую аповесць пісьменніцы “Расці, Ганька” з ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. Вось такі падарунак аўтару, якая ўсяго паўтары гады не дажыла да свайго 100-гадовага юбілею!
Калі я прыйшла працаваць на Беларускае радыё, у рэдакцыі вяшчання для дзяцей і юнацтва панаваў своеасаблівы культ гэтай пісьменніцы. У радыйных фондах на той час захоўвалася нямала пастановачных работ паводле яе твораў. Ну і, канечне, выключны гонар – радыёспектакль у 8 частках “Расці, Ганька!” паводле аўтабіяграфічнай тэтралогіі Алены Васілевіч “Пачакай, затрымайся…” ў пастаноўцы рэжысёра Таццяны Аляксеевай, дзе быў сабраны проста зорны склад выканаўцаў! Ён і дасюль застаецца адной з лепшых радыйных пастановак. Дзякуючы атмасферы радыёспектакля, мы вяртаемся ў часы дзяцінства і юнацтва самой пісьменніцы. І становімся сведкамі падзей таго далёкага часу, у якім усё дыхала сапраўднай рэчаіснасцю, калі расла і сталела галоўная гераіня Ганька, дзе ўпоруч ішлі дабро і зло, горыч і радасць, пакуты і шчырая непасрэдная весялосць. Ролю Ганькі надзвычай арганічна выконвае заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вера Кавалерава.
Над увасабленнем твораў Алены Васілевіч у жанрах пастановачнага вяшчання працавалі розныя рэжысёры: Ігар Лапцінскі, Соф’я Гурыч, Валянціна Кернажыцкая, згаданая ўжо Таццяна Аляксеева. Цікавасць да яе творчасці была выклікана, я думаю, тымі маральнымі дамінантамі, якія заўсёдна знойдзеш у кнігах пісьменніцы. Героі Васілевіч у сваіх духоўных пошуках, марах і спадзяваннях часам нагадваюць нам пра нас. І як бы прапануюць дыялог пра самыя важныя жыццёвыя каштоўнасці. Дарэчы, пастаўлены радыёспектакль і паводле першай яе аповесці “У прасторах жыцця”, які мае назву “Я буду чакаць”. У аснове сюжэта – гісторыя кахання Андрэя і Наташы, якіх разлучыла вайна. У тым, даваенным, часе яны згадваюць коласаўскіх Сцёпку і Аленку, мараць пра свае прасторы жыцця. У гэтай шчымлівай радыйнай споведзі насуперак жорсткім выпрабаванням шчаслівы канец. І яна яшчэ раз пацвярджае ісціну простую, але правераную часам – сапраўднае пачуццё адолее любыя нягоды.
Хочацца назваць яшчэ некалькі радыёспектаклей паводле твораў Алены Васілевіч: “Пісар страявой часці, “Гаварылі трынаццаць мінут”, “Як я быў доктарам”, “Калінавая рукавічка”, “Я – унук капітана”. Дарэчы, сама Алена Сямёнаўна любіла інсцэніраванае апавяданне “Горкі ліпавы мёд” ў пастаноўцы Валянціны Кернажыцкай, з купалаўцам Аляксандрам Уладамірскім у галоўнай ролі. Як часта бывае ў сталым жыцці, герой ва ўспамінах вяртаецца ў сваё юнацтва. І зноў пражывае шчасліва-горкі перыяд першага кахання. Спектакль атрымаўся вельмі атмасферным, праўдзівым, з пранізліва-пачуццёвай нотай. Аўтар была зачаравана акцёрскай работай. І не раз здаралася, што пасля эфірных паўтораў гэтага спектакля з удзячнасцю і светлым сумам згадвала Сашу Уладамірскага…
А кантактаваць з Аленай Сямёнаўнай было сапраўднай насалодай! Яна актыўна супрацоўнічала з дзіцячай рэдакцыяй Беларускага радыё, мае калегі ставіліся да яе з вялікай пашанай. Мы шмат разважалі пра літаратуру для падлеткаў і моладзі, увогуле – пра ролю мастацкага вяшчання для нашых слухачоў. Абаяльная, заўсёды дакладная ў вызначэннях, параўнаннях, тактоўная ў жыццёвых ацэнках Алена Сямёнаўна ў нас, маладых журналістаў, выклікала захапленне. Такога глыбокага, удумлівага суразмоўцу хацелася слухаць і слухаць!
Дасюль мне добра помняцца розныя сустрэчы і гутаркі з Аленай Сямёнаўнай, нашы запісы для эфіру. У апошнія гады яе жыцця, вядома, – па тэлефоне. Вельмі кранала яе душэўная радасць, з якой яна адгукалася на кожны званок. Гэта якасць ўласціва людзям вялікага сэрца і выключнага таленту, якім Бог надзяляе выбраных.
У беларускай літаратуры застанецца яркае імя пісьменніцы Алены Васілевіч, а ў нашай памяці – светлы вобраз мілай і мудрай жанчыны.