У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працягвае працаваць часовая экспазіцыя «Талстой і Беларусь». Гэта супольны праект з Дзяржаўным музеем Льва Талстога ў Маскве, які не толькі нагадвае пра сёлетні юбілей рускага класіка (195-годдзе з дня нараджэння), а найперш падкрэслівае сувязі з нашай краінай і ўплыў яго генія на творчасць пісьменнікаў Беларусі ХХ стагоддзя. Аматарскі фотаальбом з выставы
Культавы раман «Вайна і мір» змяшчае шмат згадак пра беларускія гарады і вёскі, дзе змагаліся героі Талстога. На выставе можна пабачыць ілюстрацыі, гістарычныя гравюры і рэпрадукцыі, на якіх адлюстраваны тыя баі, што праходзілі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і апісаныя ў мастацкім творы. Гэта і пераход праз Нёман, і бой пад Салтанаўкай, і бітва на Бярэзіне. Бясспрэчную цікавасць выклікаюць і чарнавыя рукапісы рамана, над якім Талстой працаваў 7 няпростых гадоў. Прадстаўлены экспанаты, што сведчаць пра вайсковы досвед самога аўтара. Цытата з яго апавядання «Севастополь в мае»: «Герой же моей повести, которого я люблю всеми силами души, которого старался воспроизвести во всей красоте его и который всегда был, есть и будет прекрасен, – правда».
Многія пісьменнікі падкрэслівалі, што пасля Талстога пра вайну нельга было пісаць інакш. Яго жорсткі рэалізм задаваў такую планку, якую трэба было вытрымліваць. Псіхалогія паводзін чалавека на вайне, уменне ацаніць і зразумець свайго героя ў прадвызначаных умовах і сітуацыях – гэтыя крытэрыі прозы мы знаходзім і ў беларускіх класікаў: Максіма Гарэцкага, Янкі Брыля, Івана Мележа, Васіля Быкава ды іншых. Алесь Адамовіч, напэўна, выказаў агульную думку: «Да нас талстоўская праўда прыйшла, у нас прасякла задоўга да нашых уласных ваенных перажыванняў».
Адзін з раздзелаў выставы прысвечаны перапісцы Льва Талстога з чытачамі, простымі людзьмі, якія прасілі парады як жыць, шукалі дапамогі. Водгукі ад беларусаў пісьменнік атрымаў на раман «Воскресение» і аповесць «Крейцерова соната». У красавіку 1910 года Агаф'я Цішкова з Магілёўскай губерніі даслала Талстому доўгі ліст пра сваё цяжкае жыццё. Чым, між іншым, вельмі расчуліла пісьменніка, і ён захацеў надрукаваць яго са сваёй прадмовай. З такой просьбай ліст быў адпраўлены ў «Русское слово». Друкаванай версіі не атрымалася, але рэдакцыя выслала Цішковай 80 рублёў – тую суму, якую дзяўчына прасіла ў пісьме. Рукапіс ліста Агаф'і Цішковай да Льва Талстога прадстаўлены на выставе.
Звяртаюць увагу і кнігі Льва Талстога ў перакладзе на беларускую мову, якія выдаваліся ў розныя гады. Сярод іх – «Апавяданні для дзяцей», аповесці «Хаджы Мурат», «Каўказскі палоннік», «Крэйцарава саната», «Севастопальскія апавяданні», раман «Васкрэсенне» ды іншыя.
У экспазіцыю ўключаны таксама неапублікаваныя архіўныя матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея Льва Талстога, экспанаты са збораў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Сапраўды, выстава атрымалася вельмі насычанай і цікавай. Ёсць што паглядзець і над чым паразважаць.
А я хачу яшчэ працытаваць думку народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, выказаную ім у далёкім 1966 годзе, аўтограф якой змешчаны на адным са стэндаў: «Бязмерная вышыня гіганцкага таленту Талстога наўрад ці магчыма для каго-небудзь з наступных пакаленняў, але надзвычайная неўтаймаванасць яго чалавечнасці – здзіўляючы прыклад для нашчадкаў на многія тысячы гадоў».
Выстава «Талстой і Беларусь» будзе працаваць у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры да канца мая. Зайдзіце, не пашкадуеце.