Поделиться:
«Адлюстраванні. Загадка творчага лёсу». Радыёблог Галіны Шаблінскай
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 26.09.2022
«Адлюстраванні. Загадка творчага лёсу». Радыёблог Галіны Шаблінскай

Сёлетні год багаты на літаратурныя юбілеі. Адзін з іх – 85-годдзе лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, цудоўнага паэта і празаіка Міхася Стральцова. Ён прыйшоў у беларускую літаратуру ў другой палове ХХ стагоддзя, у адзін час з такімі пісьменнікамі, як Вячаслаў Адамчык, Рыгор Барадулін, Віктар Карамазаў, Васіль Зуёнак, Янка Сіпакоў, Генадзь Бураўкін ды іншымі. Цэлае пакаленне, якое называлі філалагічным, а яшчэ – пакаленнем шасцідзясятнікаў і “дзяцей вайны”, адразу заявіла пра сябе ярка, самабытна, таленавіта.

Міхася Стральцова найперш вылучалі эстэтычная культура думкі і пачуцця, тонкі псіхалагізм, філасафічнасць і засяроджанасць на дэталях, якія становяцца алегорыяй. А яшчэ яго лічылі “першапраходцам”, “першаадкрывальнікам” у многіх жанрах, прадаўжальнікам інтэлектуальнага кірунку ў беларускім мастацкім слове. На пісьменніка-пачаткоўца паўплывала ранняя імпрэсіянісцкая проза Кузьмы Чорнага. Потым ён адкрыў для сябе Максіма Гарэцкага, а найбольш блізкім аказаўся Максім Багдановіч, пра якога было напісана знакавае эсэ “Загадка Багдановіча”. Дазволю сабе адну цытату з яго: “Загадка ёсць у лёсе амаль кожнага мастака. Гэта загадка ракі: яна нараджаецца недзе ў вытоках, трымціць і мроіцца там, і толькі мора, у якое ўпадае рака, цалкам разгадвае яе. Мора – гэта час, жыццё народа і літаратуры, да якіх прылучаецца мастак. У асобе, у адзінкавым лёсе – загадка, у жыцці народа і літаратуры – вырашэнне яе”.

Думаю, прыхільнікі таленту самога Міхася Лявонцьевіча маглі б таксама доказна паразважаць і пра загадку яго творчага лёсу. Чаму, напрыклад, пасля некалькіх выдадзеных кніг прозы ён звяртаецца да паэтычнага жанру? І з 1973-га па 1986-ы гады адзін за другім выходзяць чатыры зборнікі вершаў: “Ядлоўцавы куст”, “Цень ад вясла”, “Яшчэ і заўтра”, “Мой свеце ясны”. За апошні, дарэчы, аўтар атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Янкі Купалы. Або, скажам, як ён прыйшоў да ваеннай тэмы? І чаму так, як сказаў пра вайну Стральцоў, не зрабіў гэтага ніхто іншы? Сам пісьменнік тлумачыў, што ваенны і пасляваенны вопыт не адразу “абазваўся” ў творчасці: “Усведамленне важнасці яго расло разам з чалавечым і грамадзянскім пасталеннем… Ужо дарослымі мы па-сапраўднаму адчулі сябе дзецьмі вайны. І тады напісалася апавяданне “На чацвёртым годзе вайны”, аповесць “Адзін лапаць, адзін чунь”. Там – уражанні ваеннага дзяцінства, першапачатковы, можа, самы галоўны жыццёвы вопыт. Там шмат свайго, дакладна біяграфічнага”.

На Беларускім радыё ў 1995-м годзе паводле аповесці “Адзін лапаць, адзін чунь” рэжысёрам Зінаідай Паўлоўскай быў пастаўлены аднайменны радыёспектакль. І згаданая вышэй аўтарская эмоцыя вельмі дакладна перададзена гукавой атмасферай дзеяння і выдатным выкананнем галоўных роляў: хлопчык Іванка – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вера Кавалерава, дзед Міхалка – народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук, дарослы Іван – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Жук. Тут хацелася б падкрэсліць, што сапраўдныя творы атрымліваюць глыбокую інтэрпрэтацыю і ў іншых відах мастацтва. Гэтыя пераўтварэнні набываюць самастойнасць, але яшчэ больш вызначаюць вагомасць першаасновы. Таксама, як і паэтычныя радыёкампазіцыі паводле вершаў Міхася Стральцова: “Яшчэ адна знічка кахання…”, “Засцярога”, “Мой свеце ясны”, “Сучаснасці і вечнасці мяжа…”, што захоўваюцца ў фондах Беларускага радыё.

Пра што пісаць, і як пісаць, і дзе?
Пра тое толькі ведае выпадак.
Ён свой вядзе парадак-распарадак,
Варожачы на гушчы ці вадзе.
Той міг пасля шчаслівым назаві,
Што свой звядзе пачатак і канчатак,
Слязу ў вачах і смех у вачанятах, –
Дык не чакай, а дзейнічай, жыві!

Паэзія заўсёды вабіць нечаканасцю думкі і метафарай вобраза. Мастацкае слова Міхася Стральцова вельмі арганічна ператварае будзённае ў святочнае, панылае ў радаснае, дробнае ў высокае і пры гэтым ўтойвае ў сабе тую жыццёвую праўду, без якой цяжка паверыць аўтару. Вершамі і прозай Стральцова зачытваліся сучаснікі, яго абагаўляла моладзь. Яркая зорка яго таленту дасюль застаецца непаўторнай у беларускай літаратуры.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: