Поделиться:
«Музычны дзённік. Маладыя таленты Беларусі-2020. Эпілог». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 13.07.2020
«Музычны дзённік. Маладыя таленты Беларусі-2020. Эпілог». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Заўважана, што планы і рэальнасць не заўсёды супадаюць. У такіх выпадках неабходна набрацца філасофскага цярпення і прыняць сітуацыю. Чарговы раз я прыйшла да гэтай высновы падчас правядзення IX Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі». Амаль адразу пасля таго, як мы яго аб’явілі, стала зразумела, што ў звычайным фармаце конкурс правесці не ўдасца. Паўстала пытанне – перанесці, адмяніць альбо рызыкнуць?.. Мы выбралі апошняе і не памыліліся, хаця конкурс і стаў самым незвычайным за ўсю сваю гісторыю.

Па аб’ектыўных прычынах усе тры туры прайшлі дыстанцыйна. Такая форма стала цікавым эксперыментам і паказала, што мае права на жыццё. Пры ўсіх недахопах і вартасцях. З аднаго боку, у выканаўцаў і журы не было жывога кантакту. З іншага, з’явілася магчымасць не адзін раз праслухаць і прагледзець запісы, вярнуцца да найбольш цікавых выступленняў, параўнаць і ў выніку вынесці набольш аб’ектыўнае рашэнне.

У тым, што журы не памылілася ў размеркаванні галоўных узнагарод, мы пераканаліся падчас імправізаванага канцэрта на цырымоніі ўзнагароджання. Яна адбылася ў вялікай студыі Дома радыё 10 ліпеня. На ўрачыстасць прыехалі амаль усе фіналісты. Атмасфера натхнёнасці, радасці, творчага пад’ёму канчаткова пераканала ў правільнасці рашэння правесці конкурс.

Няпростыя ўмовы не паменшылі пачуццё адказнасці ва ўсіх удзельнікаў. За кароткі тэрмін яны знайшлі магмачысць зрабіць відэазапісы выступленняў і практычна ніхто не сышоў з дыстанцыі. Прычым, канкурэнтная сітуацыя аказалася нават больш вострай, чым летась. Таму з аднаго боку журы вырашыла асабліва строга паставіцца да размеркавання лаўрэацкіх месцаў. Напрыклад, у ансамблевых намінацыях яны былі скарочаны.

Затое сёлета журы вырашыла ўвесці званне дыпламант. Яго ўдастоены тыя, хто прэтэндаваў на лаўрэцкія месцы, але ў выніку галасавання апынуўся да іх у адным кроку. Таксама было вырашана заахвоціць спецыяльнымі дыпломамі тых, хто асабліва запомніўся альбо яркім выкананнем аднаго з конкурсных твораў, альбо адметнымі выканальніцкімі якасцямі, якія ў перспектыве дапамогуць у прафесійным раскрыцці. Таму некалькі ўдзельнікаў у намінацыі “Эстрадны вакал” былі адзначаны спецыяльнымі дыпломамі “За выразнае ўвасабленне ваеннай тэмы”.

Выкананне песні-прысвячэння 75-годдзю Перамогі было адной з абавязковых умоў конкурсу. Многія годна справіліся з няпростай задачай. Бо маладых выканаўцаў і тыя далёкія часы раздзяляе вялікая гістарычная дыстанцыя. Яе немагчыма пераадолець, але некаторым канкурсантам аказалася па сілах паспрабаваць наблізіцца і сэрцам адчуць эмацыянальную танальнасць тэмы.

Так, падчас канцэрта на цырымоніі ўзнагароджання Алена Цітова яшчэ раз здзівіла нас сваім дарослым, асэнсаваным, пранікнёным прачытаннем ваеннай тэмы, выканаўшы “Балладу о матери” Я.Мартынава на верш А.Дзяменцьева. І яшчэ раз пераканала ўсіх прысутных, што па праве стала ўладальніцай звання лаўрэата першай ступені.

А мне падалося – фінал атрымаўся такім прыгожым і радасным таму, што ніхто не сумняваецца ў справядлівасці і аб’ектыўнасці вынікаў конкурсу. Гэта прызналі і канкурсанты, і члены журы. А яны – высокія прафесіяналы з вялікім педагагічным і выканальніцкім вопытам. Безумоўна, думаючы над тым, як развіваць конкурс, мы прыслухоўваемся да іх меркаванняў.

Перыядычна ў нас узнікаюць сумненні, напрыклад, наконт інструментальнай намінацыі, дзе паміж сабой канкурыруюць выканаўцы на розных інструментах: раяль, духавыя, народныя, струнныя… Магчыма, варта неяк больш дыферэнцыравана арганізаваць конкурс у гэтай галіне? Але ж, я хачу пагадзіцца з меркаваннем члена журы Веранікі Мікалаеўны Сахаравай, якая многа і часта працуе на разнастайных конурсах і ў Беларусі, і за мяжой, што мультыінструментальнасць – трэнд часу. Зараз нікога не здзівіш віртуознасцю – гэта фундамент прафесійнай дзейнасці любога артыста. Самае галоўнае і цікавае – перадача музычнага вобраза, сэнсавае напаўненне, талент перадаць падтэкст, які закладзены ў нотах, каб выкананне любога твора пераўтварылася ў інтэрпрэтацыю. І гэта, як кажуць, вышэйшы пілатаж.

Што ж, такое меркаванне прафесійнага журы супадае з задачай конкурсу – знайсці асобу, падтрымаць і натхніць. Мне думаецца, нам гэта ўдаецца. Бо размеркаванне галоўных прызоў ні ў кога не выклікае пытанняў.

Сёлета ўладальнікамі Гран-пры сталі саксафаніст Аляксей Іардасопаль, спявачкі Анастасія Жабко (эстрадны вакал) і Улада Філіповіч (спадчына). Гэтых абсалютна розных музыкантаў аб’ядноўвае тое, што ва ўсіх трох турах яны бездакорна і пераканаўча выканалі розныя па характары творы, паказалі багатую гукавую і драматургічную палітру, вытрымалі агульны стыль, пакарылі інтэлектуальным і эмацыянальным суладдзем.

Зразумела, што ўсе не могуць быць лідарамі. Але ж творчасць – велічыня непастаянная. Яна звязана з жаданнем ведаў, вопытам, пошукам… Так што ўсё залежыць ад самога чалавека, сілы мары і яе гармоніі з мэтай. Жадаю кожнаму з нашых канкурсантаў абавязкова яе знайсці.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: