Поделиться:
«Музычны дзённік. «Песня павінна не проста гучаць, песня павінна дыхаць...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 21.03.2022
«Музычны дзённік. «Песня павінна не проста гучаць, песня павінна дыхаць...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

«Народная песня – наша гісторыя, наша святыня, нашы карані. Песня павінна не проста гучаць, песня павінна дыхаць. Песню немагчыма пераказаць – песню трэба слухаць! Бо добрая музыка робіць чалавека больш чыстым і высакародным!»

Гэтыя словы – творчае крэда народнага артыста Беларусі Міхася Паўлавіча Дрынеўскага. Іх эмацыянальны пасыл аб’яднаў два цікавыя змястоўныя выданні – літаратурна-мастацкае «Павей, ветрык, павей» і зборнік харавых апрацовак народных песень Дрынеўскага «Як пайду я дарогаю».

Іх прэзентацыя адбылася 16 сакавіка ў Малой зале філармоніі і стала адной з самых яркіх культурных падзей месяца. Над выданнямі працаваў калектыў захопленых, нават апантаных творчых асоб: складальнікі Інэса Бадзяка, Вераніка Лінко, у якасці музычных рэдактараў выступілі кампазітар Алена Атрашкевіч, хормайстры Вячаслаў Міналькін, Уладзімір Маслакоў, Вольга Кохан.

Выданні выйшлі ў свет, дзякуючы грамадскаму аб’яднанню «Беларускі саюз музычных дзеячаў» і Беларускай асацыяцыі харавых дырыжораў. Аўтар ідэі выдання «Павей, ветрык, павей», якое прысвечана 100-годдзю народнага артыста СССР прафесара В.У.Роўды і 130-годзю народнага артыста БССР Р.Р. Шырмы – дацэнт Беларускай акадэміі музыкі Інэса Бадзяка. І гэтым зборнікам, і работай з Канцэртным хорам акадэміі музыкі яна працягвае справу свайго настаўніка, прафесара В.У. Роўды. Гэты выдатна адчувалася падчас канцэрта-прэзентацыі.

Я ўпэўнена, што маэстра быў бы задаволены і выступленнем калектыву пад кіраўніцтвам Інэсы Бадзякі, і выданнем зборнікаў. Сам маэстра ў свой час марыў пра стварэнне гукавога запісу двухтомніка «Беларускiя народныя песнi» Р.Шырмы. Падрыхтоўкай для ўвасаблення мары стала сумесная праца двух мэтраў ў Дзяржаўнай харавой капэле БССР. Варта адзначыць, што лёсы гэтых волатаў нацыянальнага мастацтва перапляліся яшчэ ў канцы 30-ых гадоў мінулага стагоддзя ў Вільні, дзе Віктар Уладзіміравіч вучыўся у духоўнай семінацыі, а Рыгор Раманавіч выкладаў у беларускай гімназіі.

Калі ў 1965 годзе Віктар Роўда ўзначаліў хор Беларускага радыё і тэлебачання, то амаль адразу прыступіў да выканання грандыёзнай і важнай задачы – запісу беларускіх народных песень. Пасля завяршэння праекта, якому Віктар Уладзіміравіч аддаў некалькі дзесяцігоддзяў, ён з гонарам гаварыў «Шырма ўсё сабраў, а Роўда ўсё запісаў».

У гукавую анталогію «Павей, ветрык, павей» увайшла толькі частка багатай спадчыны майстроў народнай песні. Але ж дзякуючы выданню, і запісы і тэксты песень будуць даступныя шырокаму колу прыхільнікаў і прафесіяналаў. А іх было багата ў зале, бо падчас канцэрта-прэзентацыі выступленне кожнага калектыва суправаджалася бурнымі апладысментамі.

Сустрэча пачалася выступленнем мужчынскай групы Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Цітовіча, якім доўгі час кіраваў Міхась Паўлавіч Дрынеўскі. У інтэрв’ю ён неаднарозова падрэсліваў: “Галоўны прынцып у рабоце – праўда, галоўны крытэрый – высокае прафесійнае мастацтва. Быць нацыянальным калектывам – значыць быць шчырым, а быць шчырым – значыць берагчы спадчыну ў яе першапачатковым выглядзе”.

Сваёй пазіцыяй Міхась Паўлавіч працягваў справу заснавальніка хору Г.Цітовіча. Генадзь Іванавіч сам выбраў пераемніка. Свой выбар тлумачыў так: “Гэта было вельмі нялёгкай справай, бо калектыў стаў мне раднейшым за родных дачок. Але ж для кожнага бацькі надыходзіць момант, калі любімае дзіця трэба аддаваць замуж. Ну, а “зяця” для хору я сам і падрыхтаваў. Міхася Дрынеўскага лічу сваім вучнем”.

У многім дзякуючы правільнаму выбару, справа не проста атрымала годны працяг, але і напоўнілася новым дыханнем. У гэтым публіка пераканалася падчас выступлення Канцэртнага хору дзіцячай музычнай школы мастацтва №13 пад кіраўніцтвам Алёны Грозавай – вучаніцы М.П.Дрынеўскага. Паводле ўласнага прызнання, Міхась Паўлавіч добра разумеў душу песні. Адпаведна імкнуўся перадаваць гэта сваім вучням. Сярод найбольш адданых – Вераніка Лінко, складальнік зборніка харавых апрацовак народных песень М.Дрынеўскага “Як пайду я дарогаю” і кіраўнік фальклорнага ансамбля “Арлея” Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі. Сваім выступленнем калектыў таксама ўпрыгожыў канцэртную праграму.

Гартаючы старонкі прэзентаваных зборнікаў і слухаючы прапанаваныя творы, міжволі прыгадваюцца словы Р.Р.Шырмы “Песня злучае народ”. Гэты запавет працягвае і ўвасабляе ў жыццё Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла, якая носіць імя маэстра. Калектыў выступіў у фінале канцэртнай праграмы, якую завяршыла супольнае выкананне “Спадчыны” І.Лучанка на словы Я.Купалы. Эмацыянальная танальнасць фіналу праграмы выклікала ў памяці словы В.У.Роўды: “Кожны чалавек у адказе перад Богам, перад самім сабой, перад грамадствам, і ён павінен хаця б час ад часу задавацца пытаннем: хто я на гэтай зямлі, што раблю, чым напоўнена мая душа». Адказ на гэтые пытанне – зборнікі “Як пайду я дарогаю” і “Павей, ветрык, павей”, якія сталі годным укладам у захаванне багатай нацыянальнай спадчыны.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: