«Кожны чалавек праходзіць пэўныя этапы жыцця і кожны з іх – пэўная мяжа. Але самае галоўнае, што на гэтым шляху ён не адзін. Спачатку з бацькамі, потым у коле сяброў, педагогаў, калег, людзей, якія падзяляюць тваю прафесію, погляды, прынцыпы…» Калісьці ў адным з інтэрв’ю гэтай думкай са мной падзяліўся народны артыст Беларусі, кампазітар Леанід Захлеўны.
Мяркую, што такія развагі блізкія кожнаму з нас. Часцей за ўсё на іх наводзіць час, калі робіць свой чарговы крок наперад. 16 студзеня Леанід Канстанцінавіч адзначыў свой юбілей. І мне падсвядома захацелася ўспомніць некаторыя ўражанні ад сустрэч, размоў і нават правесці пэўныя паралелі.
Я думаю, калі запытаць кожнага з нас пра найбольш яркі перыяд жыцця, адказ будзе прыкладна аднолькавы – юнацтва, час вучобы, першыя крокі ў прафесіі… Леанід Канстанцінавіч – не выключэнне. Неяк ён сказаў, што самым яркім перыядам лічыць кансерваторскія гады – час, калі ён фарміраваўся, як асоба. Тым больш, што яму пашчасціла на цудоўных педагогаў. Спачатку займаўся па класе кампазіцыі ў Анатоля Васільевіча Багатырова, потым удасканальваў прафесію ў асістэнтуры-стажыроўцы пад кіраўніцтвам Яўгена Аляксандравіча Глебава. Выдатныя творцы, тытаны айчыннага музычнага мастацтва, яны аказалі магутны ўплыў на кампазітара. Таму Леанід Захлеўны ніколі не пашкадаваў, што не трапіў у прэстыжныя на той час Маскоўскую альбо Ленінградскую кансерваторыі, бо тут, на радзіме атрымаў тое, што неабходна атрымаць чалавеку, творцу, які нарадзіўся на беларускай зямлі.
Варта дадаць, што Леанід Захлеўны добрым словам успамінае сваіх педагогаў і па музычнай школе, і па Гродзенскім музычным вучылішчы, якія не шкадавалі ні сіл, ні таленту, ні нават здароўя для сваіх вучняў. Гэтыя прынцыпы Леанід Канстанцінавіч спавядае ў рабоце з артыстамі ансамбля “Бяседа”, якія па праве лічаць сябе яго вучнямі. Паводле слоў Леаніда Захлеўнага, калектыў утварыўся па волі выпадку…
Але ж варта прызнаць, што ў жыцці выпадковасцей не бывае. Да гэтага ўжо быў назапашаны сур’ёзны творчы вопыт. І не толькі кампазітарскі.
Пасля завяршэння вучобы Леанід Захлеўны ў розныя гады працаваў музычным рэдактарам кінастудыі “Беларусьфільм”, рэдактарам аддзела беларускай музыкі на Беларускім радыё, выкладчыкам у Мінскім музычным вучылішчы, мастацкім кіраўніком музычных калектываў Беларускага радыё. Усё гэта і стала той асновай, на якой у 1991 утварыўся ансамбль народнай музыкі “Бяседа”.
Назва таксама ўзнікла невыпадкова. Бяседа – гэта добры, старадаўні беларускі звычай, калі запрашаюць сваякоў, блізкіх, знаёмых у госці з нагоды свят і сямейных урачыстацей. Згодна з назвай вызначыўся і рэпертуар, у аснове якога – бяседныя песні.
Летась калектыў адзначыў 30-гадовы юбілей. І ўвесь гэты перыяд ансамбль – галоўная справа жыцця Леаніда Захлеўнага. У тым ліку і таму, што працуючы з калектывам, Леанід Канстанцінавіч спасцігае глыбіні беларускай песні. Паводле яго слоў, зараз ён як рыба ў вадзе ў гэтым матэрыяле. А любоў да нацыянальных вытокаў закладзена шмат гадоў таму. Свядома спасцігаць іх хараство Леанід Захлеўны пачаў яшчэ ў класе А.В.Багатырова са сваімі першымі кампазітарскімі опусамі – апрацоўкамі народных песень. І зараз, з вышыні свайго прафесіянальнага вопыту, Леанід Захлеўны лічыць, што гэты матэрыял – тая аснова, якая дазваляе яму быць па-сапраўднаму нацыянальным кампазітарам.
Сваю музычную ментальнасць творца перадае артыстам “Бяседы”. Леанід Канстанцінавіч шчаслівы, што яны падзяляюць гэтыя погляды, з любоўю ставяцца да беларускай музыкі. Таму робіць усё дзеля таго, каб дружная бяседская сям’я жыла ў згодзе, паразуменні і давала годныя вынікі.
Тым не менш, прафесійная дзейнасць кампазітара Леаніда Захлеўнага выходзіць далёка за межы ансамбля. У яго творчай скарбонцы розная музыка – сімфанічная, камерная, музыка для тэатра і кіно, але найперш вакальная. Цікавасць да гэтага жанру таксама невыпадковая. Падчас вучобы ў кансерваторыі Леанід Захлеўны спяваў у хоры опернай студыі партыю першага тэнара. Ён і зараз перакананы: каб больш арганічна выказваць свае кампазітарскія магчымасці, трэба самому ўсё паспрабаваць, пастарацца адчуць найтанчэйшыя выканальніцкія нюансы. Пэўна, у тым ліку таму яго песенная творчасць ужо стала класікай, бо ў ёй пераплятаюцца выдатнае веданне вакальнай прыроды, традыцыі і самае галоўнае – непаўторны меладызм.
Паэт і сааўтар кампазітара Уладзімір Карызна мне неяк сказаў, што Захлеўны піша хутка і лёгка, нібыта ў стане парыву. У сваю чаргу Леанід Канстанцінавіч адзначыў – песню піша прыкладна 10 хвілін, а здараецца, прачытаўшы тэкст, адразу іграе мелодыю.
Наогул, ён лічыць, што лёгкасць успрымання музыкі слухачом залежыць ад лёгкасці напісання, у якім вялікую ролю адыгрывае натхненне. А яно залежыць ад паэзіі. Галоўнае – улавіць зерне, думку… Калі яна кранае, то справа ідзе вельмі хутка. Тым не менш, Леанід Канстанцінавіч лічыць, што нічога не з’яўляецца на пустым месцы, а самы надзейны сябар таленту – праца. Важна не здрадзіць сваёй справе, той дарозе, якую выбраў. І, канечне ж, на гэтым шляху не меней важна ісці разам з гісторыяй, эпохай, імкнуцца, каб твая музыка прыносіла людзям радасць.