Поделиться:
«Музычны дзённік. ЦІТОВІЧ і ЛУЧАНОК ведалі, як падарыць песні дыханне». Радыёблог Таццяны Якушавай
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 18.08.2022
«Музычны дзённік. ЦІТОВІЧ і ЛУЧАНОК ведалі, як падарыць песні дыханне». Радыёблог Таццяны Якушавай

Лета імкліва набліжаецца да фіналу. Таму кожнаму я жадаю скарыстаць усе магчымасці і правесці яго апошнія тыдні ў згодзе з сабой, сваімі жаданнямі і эмоцыямі. А за гэтым не трэба далёка хадзіць.

Здараецца, што час, праведзены сам насам, аказваецца асабліва плённым і прымушае задумацца, што ў непаўторнасці кожнага дня ёсць свая чароўнасць і сэнс. На добры лад нават настройвае элементарная дапытлівасць. Напрыклад, чым адметны жнівень для музычнай гісторыі? На гэтую тэму ёсць чым падзяліцца і пра што паразважаць.

Месяц аб’ядноўвае дзвюх выдатных асоб – народных артыстаў Беларусі і СССР Ігара Лучанка і Генадзя Цітовіча. Кожны – сам па сабе эпоха, тытан, непаўторны і дзіўны свет! Абодва прысвяцілі сябе служэнню нацыянальнаму мастацтву, пакінулі яркі след у яго гісторыі, паўплывалі на развіццё і аб’ядналі пакаленні. А яшчэ яны бясконца даражылі сваімі каранямі. Гэта адчувалася ў кожнай грані іх творчасці.

Музычныя планеты Ігара Лучанка і Генадзя Цітовіча і перасякаліся, і перапляталіся. Больш за тое, Ігар Міхайлавіч лічыў Генадзя Іванавіча сваім настаўнікам. Гаварыў, што дзякуючы яму дакрануўся да таямніцы. Так Ігар Лучанок называў народную песню, на якую заўсёды абапіраўся ў сваёй творчасці. Кампазітар любіў успамінаць фальклорныя экспедыцыі, заўсёды падкрэсліваў: «песня – гэта памяць стагоддзяў, памяць сэрца». І быў ўдзячны лёсу, што людзі старэйшага пакалення яе беражліва захоўвалі і перадавалі наступным.

Цікава, што Ігар Лучанок і Генадзь Цітовіч нарадзіліся ў адным месяцы, але з розніцай у 28 гадоў. Сёлета Ігару Міхайлавічу Лучанку споўнілася б 84, Генадзю Іванавічу Цітовічу – 112.

Славуты дзеяч харавога мастацтва, дырыжор, фалькларыст-даследчык, стваральнік і мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага народнага хору, аўтар і складальнік шматлікіх анталогій і зборнікаў любіў народную песню з дзяцінства. Але ж па-сапраднаму гарачае захапленне фальклорам прыйшло пасля знаёмства з Рыгорам Раманавічам Шырмам. Гэты, таксама прызнаны тытан нацыянальнага музычнага мастацтва, у 20-ыя гады мінулага стагоддзя кіраваў хорам Віленскай беларускай гімназіі, дзе спяваў юны Генадзь Цітовіч. Захапляльныя заняткі, якія адначасова былі змястоўнымі музычнымі лекцыямі, настолькі захапілі юнака, что ён канчаткова вызначыўся з прафесіяй – спачатку скончыў Віленскі ўніверсітэт, а потым Віленскую кансерваторыю.

Гэтыя факты гавораць пра тое, што, сапраўды, у жыцці нічога не бывае выпадковым. І як важна спачатку адчуць, а потым і захаваць пераемнасць. Напэўна, усведамленне гэтага, а самае галоўнае – любоў да вытокаў прывяла Генадзя Цітовіча ў 1952 годзе да ідэі арганізацыі Дзяржаўнага народнага хору, які за кароткі тэрмін з суполкі самадзейных таленавітых артыстаў вырас у высокапрафесійны сур’ёзны калектыў з багатай рэпертуарнай палітрай. А пасля сыходу з жыцця стваральніка, у 1987-м атрымаў яго імя. Зараз гэта Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча.

45 гадоў да апошніх дзён жыцця калектыў узначальваў народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі. Генадзь Іванавіч сам выбраў пераемніка. А выбар тлумачыў так: «Гэта было вельмі нялёгкай справай, бо калектыў стаў мне раднейшым за родных дачок. Але ж для кожнага бацькі надыходзіць момант, калі любімае дзіця трэба аддаваць замуж. Ну, а «зяця» для хору я сам і падрыхтаваў. Міхася Дрынеўскага лічу сваім вучнем».

У сваю чаргу Міхась Паўлавіч, паводле ўласнага прызнання, добра разумеў душу песні, аддана працягваў справу свайго настаўніка і любіў паўтараць: «Народная песня – наша гісторыя, наша святыня, нашы карані. Песня павінна не проста гучаць, песня павінна дыхаць. Песню немагчыма пераказаць – песню трэба слухаць! Бо добрая музыка робіць чалавека больш чыстым і высакародным!»

Гэтую думку падзяляў і Ігар Міхайлавіч Лучанок. Творы майстра таксама ёсць у рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору. Як і народныя песні, яны кранаюць душы самых розных людзей і варта пагадзіцца, перадаюць генетычны код беларусаў. Яны шчырыя, пранікнёныя, чалавечныя, таму непадуладныя часу, модзе, фармату… Яны і люстэрка сваёй эпохі, і сувязная стужка часоў.

Узгадваючы лёсы таленавітых людзей, праводзячы паралелі, міжволі думаецца пра вялікую стваральную сілу творчасці. І хочацца пагадзіцца з вядомай усходняй прымаўкай, што яе сапраўдная каштоўнасць не ў тым, каб закрэсліваць чужую лінію, а ў тым, каб маляваць сваю. Толькі тады творчасць не разбурае, а аб’ядноўвае, прымушае радавацца жыццю і любіць свет. А калі траекторыі розных ліній прыгожа і далікатна пераплятаюцца, то на палатне нацыянальнага мастацтва атрымліваецца адзіны адмысловы ўзор. Яго неацэннасць, апрача ўсяго, у тым, што ён дае натхненне і творчыя сілы наступным пакаленням.

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: