Праца на Беларускім радыё падарыла мне сустрэчы са многімі цікавымі, таленавітымі асобамі. На жаль, некаторыя ўжо адышлі ў вечнасць, але працягваюць жыццё ў сваёй творчасці.
4 студзеня адзначыў бы свой 74 дзень нараджэння кампазітар, народны артыст Беларусі Валерый Іваноў. А 26 студзеня на яго радзіме ў горадзе Глуску адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі і канцэрт-памяці з удзелам калег, родных, сяброў і юных выхаванцаў музычнай школы, якая з нядаўняга часу носіць імя кампазітара.
Сімвалічна, што мемарыяльная дошка адкрылася менавіта на будынку школы. Гэта ўвасабляе пераемнасць пакаленняў, захаванне і працяг лепшых нацыянальных музычных традыцый. Усе мы родам з дзяцінства! Згодна з гэтай распаўсюджанай фразай Глуск, апрача ўсяго, творчая калыска Валерыя Іванова. Там ён скончыў сярэднюю і музычную школы, напісаў сваю першую песню. Адбылося гэта 6 мая 1963 года.
Паводле ўспамінаў самога кампазітара, неяк ён штосьці наігрываў на гармоніку, а потым зразумеў, што нарадзілася мелодыя. Ён паказаў яе бацьку, які ацаніў першы вопыт юнага музыканта і параіў напісаць словы. Так атрымалася песня «Нас счастье ждёт впереди».
Пасля заканчэння школы Валерый Іваноў прадоўжыў вучобу ў музычным вучылішчы, Беларускай кансерваторыі, дзе пасля яе заканчэння многа гадоў працаваў выкладчыкам. Кампазітар прайшоў усе прыступкі прафесійнай адукацыі, але заўсёды ва ўсіх інтэрв’ю, у прыватных размовах падкрэсліваў, што вытокі яго музыкі – у бязмежнай любові да малой радзімы… Месца, дзе зрабіў першыя крокі ў вялікі свет і адкуль пачаўся яго палёт – чалавека, творцы, рамантыка…
Такім шчырым прызнаннем і адначасова гімнам беларускай прыродзе стала п’еса «Спеў дубраў» – знакавы твор, напісаны ў далёкія 70-ыя гады, які стаў хрэстаматыяй для многіх пакаленняў цымбалістаў. «Прырода – гэта скарб для творчага чалавека. Яна падкажа і тэму, і музыку, якая тысячагоддзямі блукае над нашым небам, і нашай хатай. Гэты вялікі скарб напаўняе кампазітара. Дзякуючы яму, можна зрабіць штосьці вартае, тое, што патрэбна людзям» – так у адным з інтэрв’ю некалькі сказаў Валерый Іваноў.
Кажуць, спачатку было слова, але для Валерыя Кірылавіча галоўнай была музыка і кампазітар заўсёды гэта падкрэсліваў. Ён лічыў, што добрага паэта заўсёды можна наблізіць да той ідэі, якая закладзена ў мелодыі. Быў ўпэўнены, што менавіта з мелодыі пачынаецца музыка. Асабліва пранікнёная атрымліваецца тады, калі хвалюецца душа. Напэўна, дзякуючы асабліва трапяткому хваляванню нарадзіўся «Рамантычны вальс». Гэты твор Валерый Іваноў прысвяціў сваёй каханай жанчыне, другой палавінцы, выдатнай асобе, знакамітай спарцменцы, шматкратнай алімпійскай чэмпіёнцы, сапраўднай каралеве перамог Алене Бяловай.
Ва многім дзякуючы іх яркаму эмацыянальнаму саюзу нарадзіліся глыбокія і цудоўныя па сваёй прыгажосці музычныя тэмы. Яны ў кампазітара самыя розныя, бо Валерый Іваноў пісаў і акадэмічную, і эстрадную, і тэатральную, і кінамузыку… Але ўсе творы аб’ядноўвае асаблівая пранікнёнасць, глыбокі лірызм і самае галоўнае – непаўторны меладызм.
Валерый Іваноў часта гаварыў, што ў творчасці не бывае лёгкіх шляхоў і паўтараў за вялікім Чайкоўскім «натхненне не любіць лянівых». Яно не прыходзіць само па сабе. Трэба ісці яму насустрач. Натхненне Валерый Іваноў чэрпаў і ў прыродзе, і ў стасунках з роднымі, блізкімі і сябрамі. У тым ліку і з тымі, хто быў 26 студзеня на ўшанаванні памяці кампазітара…
Самыя светлыя пачуцці і ўспаміны прывялі ў гэты дзень у Глуск народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленку, паэта Леаніда Дранько-Майсюка, музыканта, аранжыроўчыка Святаслава Пазняка, акцёра тэатра і кіно, аўтара і выканаўцу Анатоля Длускага. Атрымаўся цёплы і добры вечар, пасля якога падумалася: любоў, каханне, дружба, насамрэч, адны з самых галоўных каштоўнасцей у нашым жыцці. Яны дапамагаюць шукаць, ствараць, ісці да поспеху… Сам Валерый Іваноў прызнаваўся, што многа песень напісаў, дзякуючы сваім сябрам.
А на пытанне пра шчасце адказваў проста: «Шчасце ў тым, калі ты патрэбны людзям, калі ты рэалізаваны ў прафесіі». На мой погляд, у Валерыя Кірылавіча ўсё атрымалася. Ён рэалізаваў сябе ў поўнай меры і застаўся ў нашай памяці цудоўным чалавекам, таленавітым кампазітарам, аўтарам непаўторных мелодый, натхнёных душой і прыгажосцю нашай зямлі. Мелодый, якія аб’ядноўваюць пакаленні.