Так альбо іначай ўсе мы сёння жывём уборачнай кампаніяй. Міжволі, калі трапляеш на ўбранае поле, здзіўляешся карпатлівай працы вяскоўцаў. Ніводнага каласка на полі, усё дбайна прыбрана і прыгожыя саламяныя валы. Роўнымі радкамі гэтымі фанатастычнымі валамі высціланы палі, дзесьці падбіраюць іх ужо і звозяць.
Адразу ўзгадваю гады сямідзесятыя ўжо мінулага стагоддзя. Пасля ўборкі школьнікі вясковых школ выходзілі на палі і збіралі каласкі. Для нас гэта была шыкоўная магчымасць прапусціць заняткі першых вераснёўскіх дзён. І яшчэ далучаліся да такой важнай справы – уборкі. Затым паспявала кукуруза. А потым убіралі бульбу і буракі. Паступова завяршалі ўборачны сезон. Зараз неабходнасць у школьніках адпала – усё акуратна падбірае камбайн.
Гэта мой настальгічны погляд на ўборачную кампанію. А калі вярнуцца да актуальных лічбаў, то на сёння ў краіне намалочана 7 мільёнаў 612 тысяч тон збожжа – на мільён 300 тысяч тон больш, чым на гэтую дату год таму. У Мінскай вобласці – амаль два мільёны тон. У Гродзенскай – сабралі больш за 1,5 мільёна тон, у Брэсцкай – каля 1,4 мільёна, у Гомельскай – каля 800 тысяч тон. Сёння ў сталічным рэгіёне можна чакаць 2-мільённую тону збожжа, у Магілёўскай вобласці – мільённую. А Віцебшчына пераадолела ўжо мільённую мяжу.
І яшчэ некалькі лічбаў: збожжавыя і зернебабовыя культуры (без кукурузы) убраны на плошчы больш за 2 мільёны гектараў – да выканання плана засталося прыкладна 100 тысяч гектараў. Намалочана 833 тысячы тон рапсу – на 51 тысячу больш, чым год таму. Прычым, на гэтую дату ў 2021-м ён быў убраны на 98% плошчаў, а цяпер – на 10% менш. Значыць, прыбаўка на фінішы будзе яшчэ большай.
І такая гордасць за краіну, якая без гучных заяў проста займаецца патрэбнай для народа справай – убірае хлеб. А ён вырас шыкоўны. Нават калі вы не маеце агранамічнай адукацыі і проста праязжаеце міма поля, абавязкова заўважыце: збажына стаіць прыгожая і спелая. Я нават некалькі разоў спрабавала зярнятка з каласка. Наогул, вёска беларуская сёння жыве такой справай. І днём, і ўначы чуецца манатонны гул камбайнаў. Дачнікі ўжо звыкла рэагуюць, як кажуць маладыя, на такую двіжуху.
І зноў пра наш хлебны каравай. Прагноз на гэты год – ураджай зерневых 9 мільёнаў тон. Вядома, з улікам кукурузы на зерне. У цэлым па ўборцы зерневых з гектара атрымалі каля 41 цэнтнера. Ва ўборачнай кампаніі сёлета задзейнічана 7,5 тысяч камбайнаў. Асноўная задача – правільна і граматна захаваць ураджай. Магчыма, некаторых слухачоў не вельм цікавяць дакладныя лічбы ўборачнай. Маўляў, ідзе звычайная работа аграпрамысловага комплексу краіны. Але гэта не так. Наш ураджай – гэта паўнацэнная харчовая бяспека дзяржавы. Будзем з хлебам, будзем з караваем – будзем жыць.