Поделиться:
«Па сутнасці. Бяспека – у кожны дом!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
  • Передача: Радиоблог
  • Дата: 25.01.2022
«Па сутнасці. Бяспека – у кожны дом!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)

Кожны раз, калі чуеш пра розныя надзвычайныя здарэнні, звязаныя з няправільным выкарыстаннем электрапрыбораў, курцамі-алкаголікамі, то міжволі ўзгадваеш тэлефонныя званкі ад слухачоў падчас прамога эфіру аналітычнай праграмы «Актуальны мікрафон». Проста ўсеагульны сігнал – SOS! Зрабіце што-небудзь з алкаголікамі, што жывуць побач, у адным доме альбо прагульваюцца па двары шматкватэрнікаў! Калі ласка, дапамажыце! Няма ніякага паратунку!

Магчыма, патрэбен тут які-небудзь закон, падзаконны акт, якія б прымушалі іх працаваць і быць людзьмі? Магчыма, можна выселіць іх у іншыя месцы пражывання? Столькі забарон існуе на сёння наконт продажу алкагольных напояў ў вячэрні час альбо святы, тым не менш, дзе яны знаходзяць гэта зелле – езразумела. Вось такя сігналы падаюць беларусы.

Якраз супраць такіх гора-суседзяў і стартавала ў Беларусі акцыя «Бяспека – у кожны дом». Прэамбула да гэтай акцыі гаворыць: асноўнымі прычынамі ўзнікнення надзвычайных сітуацый у жылым сектары па-ранейшаму застаюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём, прычым звычайна ў нецвярозым стане, парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання, дзіцячае свавольства з агнём. Статыстыка сведчыць, што больш за палову здарэнняў узнікае па віне людзей, якія безадказна ставіліся да выканання правіл пажарнай бяспекі. Каб яшчэ раз прыцягнуць увагу жыхароў да гэтай тэмы, а таксама праблемы гібелі ў агні, аж па 11 лютага ў рэспубліцы пройдзе акцыя «Бяспека – у кожны дом».

А зараз пра сутнасці акцыі. Яна пройдзе ў тры этапы. На першым – з сённяшняга дня па 28 студзеня – у цэнтры ўвагі будуць асобы, якія злоўжываюць алкаголем і вядуць асацыяльны лад жыцця, а месцамі правядзення стануць аддзяленні дзённага знаходжання наркадыспансераў, апорныя пункты, а таксама цэнтры бяспекі. «Цвярозы погляд на бяспеку» – менавіта пад такім дэвізам аб'яднаюць свае намаганні ў прафілактыцы пажараў прапагандысты і ветэраны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, прадстаўнікі Чырвонага Крыжа, упраўленняў ўнутраных спраў, БРСМ. Далучаецца да акцыі актыўна і духавенства.

На другім этапе, які пройдзе з 31 студзеня па 9 лютага, увага арганізатараў акцыі перамесціцца на састарэлых грамадзян з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, жыхароў сельскіх населеных пунктаў, а таксама студэнтаў вну, ліцэяў і каледжаў. Для мэтавай аўдыторыі «залатога ўзросту» запланавана мерапрыемства «Скарбонка бяспекі», якое пройдзе на базе сельскіх дамоў культуры. Не пакінуць без увагі старэйшае пакаленне і ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання. Ратавальнікі падрыхтавалі нямала цікавых тэматычных мерапрыемстваў, у тым ліку інтэрактыўныя гульні «Поле цудаў з міністэрствам», «Назаві цану», «Сакрэт бяспекі» і дыскатэка «Каму за...».

Для моладзі прапагандысты МНС таксама падрыхтавалі нямала цікавага. Студэнты і вучні выпускных класаў стануць удзельнікамі ток-шоу «Дыялог», у якім пастараюцца знайсці рашэнні існуючых праблем у галіне бяспекі жыццядзейнасці.

Зразумела, што акцыя накіравана на ўсе слаі грамадства. Тут і старэйшае пакаленне, маладыя людзі і дзеці. Зрэшты, асоба фарміруецца з дзяцінства. Прыклад п'янага бацькі не вельмі ўдалы алгарытм далейшага жыцця, а вось калі разам сям'я будзе вырашаць усе праблемы – глядзіш, і менш стане наркаманаў, п'яніц і тых жа прытонаў сумніўнага характару. Засталося толькі ад імя МНС запрасіць ўсіх прыняць самы актыўны ўдзел ў акцыі «Бяспека – у кожны дом».

Чтобы оставить комментарий, авторизируйтесь: