Сёння на календары 14 студзеня. Здавалася б, звычайная дата. Аднак не. Віншую вас усіх з першым днём Старога Новага года. Неафіцыйнае свята. Стары Новы год хоць і не з'яўляецца нагодай для выхаднога або чырвоным днём календара, але адзначаецца і беларусамі і расіянамі шырока. Аднак не ўсе ведаюць, што на самай справе Стары Новы год – гэта гістарычнае свята і ўтварылася «па віне» разыходжання старога і новага календароў. Шукаючы гэтыя гістарычныя факты, з вялікім здзіўленнем адкрыла для сябе многае.
Так, у самым канцы XV стагоддзя (у 1492 годзе) на Русі афіцыйна вызначылі дату пачатку Новага года. Гэтай датай стала 1 верасня і пратрымалася ў сваёй новай «пасадзе » крыху больш за два стагоддзі.
Змены былі зроблены вялікім рускім рэфарматарам Пятром Першым, калі ў 1700 годзе ён выдаў указ аб пачатку новага летазлічэння з 1 студзеня. Па «новым стылі» 1 студзеня было чатырнаццатым лікам.
І да пачатку ХХ стагоддзя ўлады сур'ёзна задумваліся над тым, каб перайсці з маральна састарэлага юліянскага на грыгарыянскі каляндар, якім ужо даўно і з поспехам карысталіся ў Еўропе. Нагадаем, што розніца паміж сістэмамі летазлічэння складала 13 дзён і стварала цяжкасці для вядзення міжнародных палітычных і эканамічных спраў паміж Расіяй і Еўропай. Былі нават такія казусы ў паўсядзённым жыцці: напрыклад, па паштовых штэмпелях выходзіла, што тэлеграму ў Еўропе атрымлівалі на некалькі дзён раней, чым яна была адпраўлена з Расіі.
У 1918 годзе Савет Народных Камісараў сваім дэкрэтам ажыццявіў даўнія мары народа і афіцыйна перавёў летазлічэнне ў краіне на грыгарыянскую версію календара, якую мы і называем «новы стыль». Юліянскі застаўся ў мінулым, таму «па старым стылі» 14 студзеня ў цяперашнім яго становішчы супала б з першым днём года. Менавіта 1918 год і рашэнне Савета Народных Камісараў можна лічыць днём нараджэння свята пад назвай «Стары Новы год».
Дзе яшчэ, акрамя нас ды расіян, прынята святкаваць Стары Новы год? Нягледзячы на такія відавочныя цяжкасці перакладу, пры разуменні сутнасці гэтага свята за мяжой, Стары Новы год так ці інакш адзначаюць у Грузіі, Абхазіі, Грэцыі, Македоніі, Румыніі, Швейцарыі, Чарнагорыі і Сербіі. Апошнія зразумела чаму – дзяржавы славянскія. Дзіўна, але Стары Новы год – ён і ў Афрыцы Стары Новы год: святкуюць яго таксама ў Алжыры, Марока і Тунісе.
Якія ж звычаі захаваліся з тых даўніх часоў? Напярэдадні Старога Новага года вечар называецца Шчодрым (Васільеў вечар). У гэты дзень царква адзначае памяць заступніка свінагадоўлі Васіля Святога. Увечары 13 студзеня жанчыны рыхтуюць мясную куццю з маслам, пасля чаго ставяць прыгатаваную страву ў куце з іконамі. Таксама напярэдадні Старога Новага года з заходам сонца да поўначы дзяўчаты-падлеткі ходзяць па суседзях шчадраваць, жадаючы гаспадарам шчасця, здароўя і ўдачы ў новым годзе.
Гаспадарамі сённяшняга дня, 14 студзеня, лічацца мужчыны. Па народных павер'ях ў гэты дзень у дом першым павінен увайсці менавіта мужчына. Гэта прынясе ў будучым годзе шчасце. Дарэчы, на Стары Новы Год ёсць нямала самых розных прыкмет. Так, у некаторых вёсках, нават і зараз, у ноч з 13 на 14 студзеня спальваюць старую вопратку і апранаюць новую, што сімвалізуе пачатак новага жыцця.
Для большасці з нас Стары Новы год – гэта ціхае, душэўнае, цёплае свята. Давайце і сустрэнем яго душэўна!
І яшчэ адзін надзвычай цікавы факт, пра які гаворыць ужо сучасная навука. Менш, чым праз сто гадоў Стары Новы год выпадзе ўжо не на 14 студзеня, а на 15-е. Гэта звязана з тым, што розніца паміж юліянскім і грыгарыянскім календарамі павялічваецца кожнае стагоддзе. Зараз розніца паміж летазлічэннем «па старым» і «па новым» стылях складае 13 дзён. А вось з 1 сакавіка 2100 года гэта розніца складзе 14 дзён. Такім чынам, няцяжка здагадацца, што пасля сустрэчы 2101 Новага года як Каляды, так і Стары Новы год будуць адзначацца на дзень пазней – 8 і 15 студзеня адпаведна.