Тэма майго дыялогу з вамі сёння – вялікае духоўнае свята – Ражаство Хрыстова. Зараз у Беларусі ладзіцца шмат мерапрыемстваў з удзелам дзяцей, прымеркаваных да такога духоўнага свята. А сёлета да гэтай добрай традыцыі дадалася яшчэ адна – віншаваць наша старэйшае пакаленне. Акцыя атрымала назву «Ад усей душы». Мы павінны прыйсці ў дом кожнага пажылога адзінокага чалавека, выказаць яму падзяку за працу і абавязкова дапамагчы ў будніх справах. Купіць лекі, прадукты, пагаварыць з ім, як кажуць, ад сэрца.
Адметна, што ініцыятыа гэтай акцыі належыць Прэзідэнту нашай краіны. Ён выказаў такую ідэю падчас дабрачыннага свята акцыі «Нашы дзеці». За рэалізацыю праекта ўзялася Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на дапамогу прыйшлі валанцеры БРСМ, піянеры. Дарэчы, ў Беларусі налічваецца каля 120 тысяч адзінокіх, пажылых людзей. Далучыцца да гэтай акцыі можам і мы з вамі, яна працягнецца да 14 студзеня — Старога Новага года.
Зрэшты, такія акцыі заўсёды ладзяцца ў Беларусі напярэдадні свята і ў час свята Ражаства Хрыстова. Яно прыходзіць у кожны праваслаўны дом і асвячае яго сваей вялікай духоўнай энергіяй. А энергія гэта дае нам сілы і моц выстаяць ў любых абставінах. І ў працяг тэмы Ражаства Хрыстова: зусім нядаўна патэлефанавала сваякам ва Ўкраіну, і першае, аб чым яны мяне папрасілі – абавязкова ў праваслаўным храме паставіць свечку за нас, нашу веру, якую, на жаль, адабралі ваякі. Па прычынах зразумелых я нават і не назаву месца, адкуль была такая просьба.
І што яшчэ галоўнае ў жыцці беларусаў якраз напярэдадні свята Ражаства Хрыстова? Вядома, што ў снежні, за некалькі дзён да Новага 2023 года, Прэзідэнт Беларусі назваў лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне». Былі названы таксама і лаурэаты спецыяльнай прэміі Прэзідэнта. Аднак спынюся на першай.
Чатыры лаўрэаты. Першы – гэта аўтарскі калектыў ў складзе дырэктара Духоўна-асветніцкага цэнтра прыхода храма ў гонар прэпадобнай мучаніцы вялікай княгіні Елісаветы ў Бабруйску Васіля Баранчука і настаяцеля прыхода гэтага храма пратаіерэя Віктара Талохі. Яны ўзнагароджаны за ўклад ва ўмацаванне духоўных каштоўнасцей, за культурнае і маральнае выхаванне дзяцей і моладзі. Мы абавязкова пазнаемім вас з гэтымі людзьмі ў праектах Беларускага радые.
Пра другога лаўрэата мы ўжо расказвалі – гэта ваенна-патрыятычны клуб «Рысь» пры вайсковай часці 3214 унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў.
З работай трэцяга лаўрэата я знаёмая ўласна. Гэта навукова-энцыклапедычнае выданне «Гарады і вескі Беларусі», якое належыць вучоным Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук.
А вось сёння ў аналітычнай праграме «Актуальны мікрафон» мы пазнаёмім вас яшчэ з адным з лаўрэатаў — Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. Генеральны сакратар гэтага Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання Дзмітрый Шаўцоў будзе госцем нашай праграмы. Зрэшты, ён не першы раз адказвае на нашы пытанні і пытанні слухачоў, што тычацца работы таварыства Чырвонага Крыжа. Дадам, што арганізацыя сапраўды ўнікальная. На плечы калектыву выпаў цяжар двух міграцыйных крызісаў ў Беларусі: на беларуска-польскай і беларуска-украінскай мяжы. Такім чынам, чакаем госця ў наш эфір.
І яшчэ раз ўсіх з надыходзячым святам — Ражаством Хрыстовым! Святла, міру і спакою кожнаму беларускаму дому. Мы павінны быць разам, быць адзінай моцнай сілай.